суббота, 20 марта 2010 г.

Захварэў на восень

 Яна ўляцела ў мае жыцьцё нібы вясновы ветрык, нібы летняя маланка, раскідаўшы паперы на стале і парушыўшы мой спакой назаўсёды.  Увайшла яна празь дзьверы, яе карыя, амаль чорныя, вочы блішчалі,  доўгія валасы былі сабраны ззаду, а на абліччы быў звышсур’ёзны выгляд. Калі яна працавала, то была яшчэ прыгажэйшай, а калі сьмяялася, то ўсьмешка яе пранізвала сьпіну электрычным токам. Яна была мне прыкладам  ва ўсім, бо на яе раўнаваліся ўсе. Яе бухгальтарскія кнігі былі самымі ахайнымі, а балансы ніколі не вярталіся на дапрацоўку. Голас яе будзіў лепей за каву кожную раніцу, і, калі яна ішла па калідоры, кожны яе крок адбіваўся рэхам у маім сэрцы, а паветра вібравала мікрахвалямі. Здавалася, што яна выпырхнула ў гэты сьвет са старонак расейскіх клясыкаў, заблукаўшы ў стагодзьдзях, а сапраўднае яе імя Тацьцяна ці Ліза.
***
Нібы здань яна хуценька йшла пасьля працы да аўтобуснага прыпынку  ці то па Якуба Коласа, ці то па  ўзьбярэжжы Нівы, шамоцячы спадніцамі і трымаючы ў рукох ці то сумачку, ці то саламяны кошык з ружамі. Здавалася, што вакол мяне спыніўся час, а побач імчацца не новыя бліскучыя аўто, а сапраўдныя карэты, і мінакі збольшага апранутыя не ў сучасную вопратку, а старадаўнія сюртукі. Па плошчы разносіліся гукі трубы і гітарных струнаў, а сонца сьвяціла, ласкаючы мой твар і адбіваючы ад яе доўгі цень. Я непрыкметна йшоў за ёй, пераўвасабляючыся ў Яўгена  Анегіна, хоць сюжэт тут быў зусім іншы. І так хацелася знайсьці пасьля яе маленькую белую пальчатку, якую б яна неспадзявана ўпусьціла, а я, нібы шалёны, схапіў бы з надзяй калісьці вярнуць…
 “Сhérie,  ma chérie, - паклікаў  я нарэшце, - але там, дзе яна плыла яшчэ некалькі хвілінаў таму, - больш не было нікога. Толькі з-за старой яліны, амаль схаваўшай сваімі разложыстымі галінамі мармуровую лаву, мільгануў краёчак белай карункавай спадніцы.  Раптам з-за сьпіны нехта засьмяяўся далікатным і ў той жа час гарэзьлівым сьмехам, я абярнуўся – тое была яна. Яна паглядзела на мяне сваімі вялікімі і глыбокімі, як вір, вачыма, узяла за руку і адразу ж мы адарваліся ад зямлі. Людзі на плошчы Якуба Коласа станавіліся ўсё меньшымі і меньшымі, паветра рабілася халаднейшым, а мае сэрца вырывалася з грудзей ад нечаканага палёту. Яна глядзела на мяне і сьмяялася, моцна трымаючы маю руку сваёй далонькай, а пад намі праплывала сталіца.
Мінуў ЦУМ, Цырк, будынак Галоўпаштамту і перад намі паўстала высачэзная лямпа, якая надарала яскравым сьвятлом мясцовы стадыён. Паволі збаўляючы тэмп, мы падляцелі да даху шматпавярховіку, дзе пад парывамі ветру гайдаліся шматлікія антэны. Адчуўшы цьвердую паверхню пад нагамі, мы падышлі да самога дахавага ўскрайку, і ўселіся, зьвесіўшы зь яго ногі. Яе доўгія і непаслухмяныя валасы былі сабраныя ў мудрагелістую касу, на кончыку якой я заўважыў некалькі колцаў чорнае гумкі.  Вусны яе, пафарбаваныя ў блішчастую памаду, былі сур’ёзна падціснутыя, а шчокі гарэлі пунсовым жарам. Я працягнуў руку, каб абняць яе за стан, але раптам пачуў:
-          Што Вы сабе ўдумалі, малады чалавек? Вы разумееце, што я ўжо даўно замужам?
-          Ну і што, - адказаў я ціха, гледзячы ёй у вочы, - у нас не такая ўжо вялікая розьніца ва ўзросьце…
-          У мяне ёсьць дзеці, сям’я, нарэшце, муж любячы ёсьць, - успыхнула яна гнеўна, стаўшы яшчэ прыгашэйшай.  Давайце пакінем нашыя стасункі ў выключна дзелавым клю…
Яна не пасьпела дагаварыць, бо ўжо была ў маіх абыймах. Яе струмкое цела трапятала пад маімі далонямі, а вусны пачалі цалаваць мае вочы, лоб, шчокі, закрэсьліваючы ўшчэнт папярэднія намеры пакінуць усё, як было раней. Я гладзіў і гладзіў яе па валосьсях, а яна, абхапіўшы мяне рукамі і прытуліўшыся, усе шаптала і шаптала:
-          Божа, што мы робім.… Што мы робім….

Так мінула паўгадзіны ці трохі болей. На чырвона-жоўтым гарызонце палова меднага сонца ўжо пасьпела схавацца за тонкую нітку неба. У восеньскім небе кружылася рознакаляровае лісьце, а зграі пералетных  птушак, пашыхтаваўшыся ў кліны, праляталі над нашымі галовамі.
-          Мне пара, - яна ўздыхнула і сумна паглядзела на мяне. Старэйшая дачка вяртаецца са школы, трэба рыхтаваць вячэру.
-          Так, трэба па дамох, - пагадзіўся я. Але давай толькі паляцім не так хутка.
Яна зноў ўзяла мяне за руку і мы адразу ж узьняліся на будынкам.
-          Я спушчу цябе на твой інтэрнацкі балькон, - крыкнула Міра, - ты толькі трымайся добра.
І сапраўды, праз некалькі імгненьняў мы апынуліся рыхтык над белым інтэрнатам, які глядзеў на нас залатымі вачыма вокнаў.
-          Мы заўтра сустрэнемся? - спытаў я ў яе з маленьнем у голасе.
-          Ня ведаю, - адказала яна, - можа быць…
-          Тады дзе мы сустрэнемся? - не сунімаўся я.
-          На даху Чырвонага касьцела, а пятай, - сказала яна грудным голасам. Ты толькі не спазьняйся, бо мне трэба табе нешта сказаць.
***
Праца назаўтра не ладзілася з самага ранку. Усе мае думкі былі скіраваныя да Міраславы ці Міры, як яе клікалі калегі. Яна праходзіла побач са мной, не падаючы выгляду, што між намі нешта адбылося. Дзень цягнуўся бясконца, і, калі меньшая стрэлка гадзіньніку ўказала на яго канец, я адышоў у канец працоўнага габінэту і, разьбегшыся па рыпучым паркеце,  скочыў з падваконьніку. Вецер падхапіў мяне сваімі парывамі і я паляцеў да маёй каханай.
Калі я прызямліўся на чарапічным даху Касьцёла Сымона і Алены, яна ўжо чакала мяне, трымаючы ў рукох фіялетавую хустачку і неспакойна азіраючыся па бакох.
-          У нас мала часу, - сказала яна, - і мне трэба табе нешта сказаць.
-          Што ты мне хочаш сказаць, Міра? – я спытаў, адчуваючы нешта няладнае.
-          Мы не можам больш сустракацца, Зьмітрок… У мяне свае жыцьцё, а ў цябе свае…
-          І гэта тое, што ты мне хацела сказаць?
-          Так, тое… У мяне ўжо ёсьць адзінае каханьне, Зьмітрок… Яно назаўжды, чуеш? Я столькі зь ім перажыла, маю цудоўных дзетак… А што нас з табой аб’ядноўвае?
-          Добра. – выціснуў я каменным голасам. – Бывай тады…
-          Пачакай…
***
Але я не азірнуўся і паляцеў у неба – туды, дзе промні сьвятла надараюць жыцьцем кожную клетку жывой істоты. Блізу Сонца мае цела ператварылася ў попел, а душа белым дымам узьнялася туды, куды ня лётаюць нават спадарожнікі. І толькі вецер шаптаў і разносіў па пляцы восеньскае лісьце...

воскресенье, 14 марта 2010 г.

среда, 3 марта 2010 г.

За Ліпковича! за Колю!

+ 375 291227884
напоминаю телефон для тех кто желает поставить подпись за моё выдвижение.
Родственники, знакомые, любовницы и любовники, прописанные в Волгоградском избирательном округе №54 - мне нужны ваши подписи!
Разместите этот пост в своих ЖЖ. Оч надо!

 

 

суббота, 27 февраля 2010 г.

Беларуская намэнклятура як яна ёсьць

Клясычная праца Міхаіла Васленскага “Намэнклятура” ўпершыню пабачыла сьвет ў 1980 годзе на нямецкай мове ў выдавецтве Fritz Molden (Wien - Munchen - Zurich - Innsbruck). Вядомы перабежчык на Захад, пазбаўлены савецкага грамадзянства, Міхаіл Васленскі ў свой час адпрацаваў не адзін тузін гадоў у Сыстэме, таму ведаў яе як свае пяць пальцаў. Чытач, пэўна, зробіць заўвагу, што навуковец і службоўца Васленскі зьбег за кардон не без удзелу ЦРУ, і гэта, у рэшце рэшт, паўплывала на паклёпніцкі зьмест яго кнігі. Тым не менш, нават з такой абмоўкай, цяжка будзе адмаўляць даведзеных у кнізе фактаў, якія мы самі сустракаем амаль штодзень.

Старажытная мудрасьць кажа, што лепей 1 раз пабачыць, чым 100 разоў пачуць. Таму, ведаючы сыстэму не па чутках, а грунтуючыся на ўласным вопыце, адважуся сказаць пару словаў пра сучасную беларускую намэнклятуру ці дзяржслужачых, як іх называюць афіцыйна.


Спачатку разьбяромся з аб’ектам нашага дасьледаваньня, бо для шэраговага чалавека, які стукае ў дзьверы мясцовага “страпчага” з мэтай падпісаць паперку, усе валадары габінэтаў будуць на адзін твар. Заўважым пры гэтым, што шэраговец па-свойму будзе мець рацыю, бо характэрныя рысы працы ў доўгіх калідорах накладаюць свой непаўторны сьлед на вобраз мысьленьня чалавека і характар яго паводзінаў.


Намэнклятура – гэта зьява неаднародная. На Беларусі намэнклятуршчыкаў можна сустрэць і ў дамах культуры, і ў тралейбусных дэпо, і ў філярмоніях, але сапраўдныя, найбольш “чыстыя” ўзоры зь іх ліку працуюць у іншых ведамствах. Мы абмяжуем аб’ект свайго дасьледаваньня толькі службоўцамі ворганаў выканаўчай улады, бо, па-першае, аўтару гэтая галіна больш вядома, а, па-другое, менавіта “выканаўцы” ў нас зьяўляюцца “клясычнымі” бюракратамі ў адрозьненьне ад “заканадаўцаў”, пазяхаючых ва ўтульных крэслах ПП НС, ці “судоўцаў”, якія мусяць раз-пораз паварушыць зьвілінай. Безумоўна, тое вельмі спрошчаны падыход, але ж гэта й не дыплём ці дысэртацыя.


Для нашага разгляду скарыстаем вызначэньне намэнклятуры, пададзенае ў працы М. Васленскага: "Номенклатура - это перечень наиболее важных должностей, кандидатуры на которые предварительно рассматриваются, рекомендуются и утверждаются данным партийным комитетом (райкомом, горкомом, обкомом партии и т.д.)”. Хоць райкамаў Камсамолу ў нас ужо няма, але ж ёсьць БРСМ, “Белая Русь” і тым падобныя дзяржаўныя арганізацы, не кажучы ўжо пра выканаўчыя камітэты, якія ніхто не адмяняў.
Спачатку прапаную вам, шаноўныя, разглядзець ступені, якія неабходна прайсьці кожнаму сьмертнаму, каб апынуцца ў струмкіх шыхтах элітнага ордэну беларускіх бюракратаў.


Ступень першая: ініцыяцыя.

Каб стаць намэнклятуршчыкам ці дзяржслужбоўцам, трэба прайсьці своеасаблівы абрад ініцыяцыі, які асабліва й не зьмяніўся з часоў эпохі кітайскай дынастыі Мін. Сапраўды, сучасныя беларускія “мандарыны” мусяць здаць адпаведны іспыт, у які ўваходзяць наступныя дысцыпліны: асновы дзяржаўнасьці і права Беларусі, справаводства, гісторыя Беларусі, эканоміка і інш. Аднак, у адрозьненьні ад старажытнага Кітаю, сучасныя іспыты зьяўляюцца толькі фармальнасьцю, бо не здаюць іх толькі адзінкі. Галоўнае тут, каб малады і амбітны чалавек проста атрымаў шанец здаваць тыя іспыты, а г.зн. быў дапушчаны ў закрытую бюракратычную карпарацыю.


Трапіць у карпарацыю такога кшталту можна:

а) па спадчыне. Яшчэ Леў Троцкі прадказваў, што калі савецкія бюракраты пажадаюць перадаваць свой статус і свае прывілеі па спадчыне, ім прыйдзецца адмовіцца ад марксізму і ператварыцца з упраўленцаў у прыватных уласьнікаў сродкаў вытворчасьці.«Правящий класс номенклатуры в СССР все явственнее начинает переходить к самовоспроизводству. Да, номенклатурная должность не наследуется. Но принадлежность к классу номенклатуры становится на наших глазах фактически наследственной», - у сваю чаргу сьведчыў Васьленскі.


Беларуская бюракратыя, як сапраўдны нашчадак бюракратыі савецкай, таксама часта рэкрутуецца з дзяцей і бліжэйшых сваякоў, і прыкладаў таму дастаткова. Зьява гэта абсалютна натуральная, бо наш “азіяцкі” ці камандна-адміністрацыйны тып эканомікі не стварае шмат працоўных мейсцаў. Бюракратычныя прывілеі зьяўляюцца пажаданай опцыяй для ўсіх бацькоў-намэнклятуршчыкаў, якія рыхтык і імкнуцца перадаць іх сваім дзецям, уключыўшы атожылкаў у апаратчыкаў.

b) шляхам вертыкальнае мабільнасьці.

У Беларускім грамадстве гіерархічная мадэль існуе не ў самай жорсткай форме, бо заняць любую намэнклятурную прыступку магчыма чалавеку рознага сацыяльнага паходжанья. Таму самым распаўсюджаным тыпам прасоўваньня па бюракратычнай лесьвіцы будзе так званая “вертыкальная мабільнасьць”. Гэта азначае магчымасьць быць уключаным у бюракратычную карпарацыю дзякуючы ўласным прафэсійным якасьцям, здольнасьцям і сувязям. Група службоўцаў, якае трапіла ў сваю сацыяльную групу такім шляхам, зьяўляецца найбольш прыстасаванай да працы ў бюракратычнай сыстэме, бо ўяўляе сабой даволі моцны канкурэнтны тып.


Ступень другая: уваходжаньне ў калектыў.


Самым складаным для новасьпечанага службоўцы этапам зьяўляецца працэс уваходжаньня ў калектыў, дзе, калі для навіцыя ўсё складзецца добра, прыйдзецца працаваць працяглы час. Адпаведная рэпутацыя здабываецца чалавекам вельмі хутка, прычым таўро “гультая”, “гулякі” ці “выляжанкі” замацоўваецца за новым супрацоўнікам хутчэй, ніж “працаголіка”, “разумніка” або “моцнага кіраўніка”.

Адно неабачліва сказанае слова, неадпаведная модзе памада ці аказаныя калегу знакі ўвагі могуць стаць чыньнікамі невыноснага існаваньня ў сьценах бюро, што немінуча прывядзе да звальненьня “па асабістым жаданьні”.

Найлепшы метад паспяховага ўваходжаньня бюракрата ў калектыў – тонкі псыхааналіз у дачыненьні да непасрэдных калегаў і суседзяў па габінэце. Усё залежыць ад “правільных паводзінаў” з нефармальным лідарам калектыву, які фарміруе ў арганізацыі асноўныя падыходы і адносіны да новага супрацоўніка. Калі прыняты на працу чыноўнік здолее ўлагодзіць (шляхам подкупу-“падарунка”, падтрымкі ў асабістых канфліктах, аказаньнем паслугаў і інш.) нефармальнага лідара, то спрацавацца з астатнімі намэнклятуршчыкамі ён здолее без асаблівых цяжкасьцяў.

Трэба заўважыць, што канфлікты ў калектывах будуць заўжды, бо такія падваліны любой чалавецкай супольнасьці, дзе сутыкаюцца асабістыя і групавыя інтарэсы і амбіцыі. З гэтай прычыны пачынаючы бюракрат вымушаны будзе прыймаць той ці іншы бок, калі толькі не ўмее вельмі добра лавіраваць між людзьмі, бо нэўтралітэт будзе ўспрымацца абодвума варагуючымі як заняцьце супрацьлеглай пазыцыі.



Ступень трэцяя: працоўныя будні.

Працаваць у намэнклятурнай сыстэме досыць цяжка, бо колькасьць паперак у цэнтралізаванай дзяржаве мае схільнасць да павелічэньня, не гледзячы ані на “адно вакно”, ані на “барацьбу” з бюракратызмам. Эканамічнага, сацыяльнага ці якога іншага эфекту розныя справаздачы, загады, палажэньні і пісьмы звычайна не маюць, але іх асноўная місыя палягае ў іншым. Без добра наладжанага і, галоўнае, залішняга справаводства чынавенству проста не будзе чым заняцца. Легендарнае “перакладаньне паперак” – гэта не такі ўжо і міт, а звычайны падыход да працы шэраговага канцылярскага пацука. Не будзеш абкладацца паперамі і сымуляваць напружаную працу – прыйдзецца ўкалваць сапраўды.

Але тут варта зрабіць адну заўвагу. У намэнклятурнай структуры добра і якасна працуюць толькі або 1) “сінія панчохі” (чытай – “жанчыны без асабістага жыцьця” ці “драпежніцы”), або 2) тыя няшчасныя, якім проста няма куды ісьці. Ёсьць яшчэ адзі тып, самы хітры і таму небясьпечны, так званыя “былыя камсамольцы”, якія хоць і маюць прапелер у дупе, але найчасьцей робяць выбітныя дасягненьні рукамі маўклівых супрацоўнікаў-парабкаў.

Такім чынам, маладому спэцыялісту, якога лёс занес у намэнклятурную пастку, варта ведаць пра працоўныя дні некалькі правілаў.

Правіла першае. Ніколі не выконвай працу, якая расьпісана начальнікам не табе. Зробіш адзін раз, зробіш другі – і будзеш працаваць на “цёцю” ці “дзядзю” да канца дзён сваіх. А цёці тыя і дзядзі маюць за плячыма такую школу ЛКСМБ, што адмазацца ад іх “камсамольскіх даручэньняў” будзе надзвычай складана.

Правіла другое. Ніколі не выказвай ініцыятывы. Калі ты думаеш, што такім чынам цябе “заўважаць” ці павысяць, то ідзі пажуй аўса … Адзінае, што ты можаш такім “ударніцтвам” дасягнуць – гэта файнай пэрспэктывы ня спаць па начох, сядзець да ўзыходу месяца на працы, а таксама штомесяц пісаць кантрольныя шэфу. На заробку, прынамсі станоўча, твая ініцыятыва не адаб’ецца.

Правіла трэцяе. Кожнаму маладому бюракрату варта запомніць наступныя “спіхафразы”, якія дапамогуць яму ў нялёгкім працоўным працэсе. “Это не мои функциональные обязанности”, - фраза ўжываецца, калі нехта са старэйшых таварышаў спрабуе перакласьці свае праблемы на твае кволыя намэнклятурныя плечы. “У меня есть начальство – обращайтесь к нему”, - гэта кажацца, калі табе трэба прымаць самому рашэньне, якое можа мець за сабой непажаданыя вынікі. Тут таксама дарэчы наступнае выслоўе: “Я снимаю с себя всякую ответственность”. Шэраг патрэбных “адштурхайлаў” можна працягваць і працягваць: гэта і такія “каронныя” як “Вы по текущему вопросу?”, або “У меня неприёмный день!” ці “Вы записывались?”. Кожны бюракрат мусіць дасканальна авалодаць майстэрствам “спіхатронікі”, бо йнакш ён доўга пратрымацца ў адным мейсцы не зможа. Асьцярожнасьць, асьцярожнасьць і асьцярожнасьць – такія афірмацыі павінны намёртва засесьці ў галаве ў будучай акулы бюро.



Эстэтыка бюракратызма

Бюракрат – гэта найпершы на ўсёй беларускай зямлі эстэт. Белая кашуля, краватка, службовае аўто і маладая сакратарка, пагадзіцеся, выглядаюць даволі спакушальнымі для кожнага “нармальнага” мужыка. І бадай кожны з нас у глыбіні душы калісьці марыў сесьці ў скураное крэсла, напусьціць на сябе грозны выгляд інжынэра чалавечых душаў і, націснуўшы на гузік тэлефона нутраной сувязі, юрліва праваркатаць: “Леночка, кофе прінесі…”.

Пачнем ab ovo. З чаго пачынаецца сапраўдны бюракрат? Правільна, шаноўны чытач, з гарнітура. Сучасны бюракрат ужо не задаволіцца шэрым намэнклятурным гарнітурам мышынага колеру, які насіў яго бацька, сакратар гаркама. Не, толькі Кардэн ці Пьер Кларанс! І галоўнае, каб быў адліў, бо без адліву “сур’ёзнаму” намэнклятуршчыку няма ходу на самы важны паверх службовай вертыкалі.

Парфума. Яна павінна быць абавязкова дарагой і пажадана фірмовай. І няважна, што ваш шэф добра адрозьнівае толькі водар размаітых празрыстых напояў, якія наталяюць яго смагу пасьля цяжкіх працоўных будняў. Як той казаў, галоўнае якая падшэўка і лэйбл, а не верх. Калі ў вас няма грошай на Чэруцці ці Х’юга Бос, то купіце які турэцкі адэкалён ці падробку і пералійце ў загадзя падрыхтаваную тару. Розніцы ніхто не заўважыць.

Службовы аўтамабіль. Мінулі тыя часы, калі нашыя бюракраты і іх сыны гойсалі па вуліцах на “Волгах”. У выканкамаўскіх гаражах пераважна стаяць новыя “Шкоды” ці “Фольксвагены”, а часам і “Мэрсэдэсы”. Хаця сам характар выкарыстаньня службовага транспарту амаль не зьмяніўся. Акрамя працоўных паездак, чынавенства запрагае сваіх рысакоў на вясельлі дзяцей і улюбёных пляменьнікаў, катаецца на сэсіі ў Інстытут кіраваньня ці проста едзе зь ветрыкам па асабістых справах.

Жанчыны таксама зьяўляюцца заслужанай ўзнагародай байцоў намэнклятурнага фронту. Цікава, што некаторыя кіраўнікі не толькі сьхіляюць сваіх падначаленых да ложку (пісьмоваму сталу, канапе, дывану ў прыёмнай і інш.), але і набіраюць сабе адпаведны штат маладых спэцыялістаў. Напрыклад, пра аднаго паважанага чыноўніка ад навукі, якога часта цытуюць у СМІ, ходзяць настолькі легендарныя чуткі, што самым нявінным свавольствам тут будзе хіба прымусовы сэкс з асьпіранткай ў габінэце ў разгар працоўнага дня.

Манера мець зносіны зь людзьмі ў намэнклятуршчыкаў стандартная. Ад хамства і грэбаваньня ў дачыненьні да падначаленых да агідлівага падлізьніцтва, калі гаворка ідзе пра непасрэднае кіраўніцтва. Часам даходзіць да кур’ёзаў. Так, у адной установе, дзе балем правіў сталы і заслужаны чыноўнік, дзень народзінаў кіраўніка пераўтвараўся ў нейкае падабенства паднашэньняў Вялікаму князю Маскоўскаму Іаану IV Грознаму. І гора было тым кіраўнікам, у якіх не атрымоўвалася засьведчыць сваю павагу самадзержцу! Цяпер, дарэчы, ён на пенсіі і ніхто не заходзіць да яго нават ў госьці, бо, як і ў іншых выпадках, ў намэнклятурных зносінах адсутнічае самае галоўнае – павага.


Адзінаццаць залатых правілаў маладога бюракрата

Напрыканцы гэтага жартаўлівага посту, вельмі хочацца падзяліцца з маладымі гальштукавата-амбітнымі маладзёнамі сваімі “Адзінаццаць правілаў маладога бюракрата”. Іх я выдумаў у час сваёй працы ў адным зь “Белых дамоў” нашае Бацькаўшчыны. Усе яны носяць выключна прыкладны і правераны характар:

1. Атрымаўшы прызначэньне на кіруючую пасаду, звольні ўсіх старых супацоўнікаў, якія маюць вагу і аўтарытэт;
2. Запужай адразу жаночую палову калектыва дэпрэміяваньнем, вымовамі і іншымі рэпрэсыўнымі мерамі, бо сядуць на галаву;
3. Калі ва ўстанове застаўся працаваць хоць на самай нязначнай пасадзе твой папярэднік, то звольні яго абавязкова, бо два цэнтры сілы ў адной установе не бываюць;
4. Паступова падбяры сабе добрую каманду са старых і новых людзей, якія будуць табе абавязанымі сваімі становішчам і пасадай. Пажадана, каб гэта былі працоўныя валы, пазбаўленыя хоць якіх уладных амбіцыяў;
5. Навядзі знаёмствы сярод кіраўнікоў суседніх структураў. Сябруй зь імі па прынцыпе “ты – мне, я – табе ”;
6. Падначаленых трымай ад сябе на дыстанцыі. Сяброў сярод падначаленых у добрага бюракратычнага лідара быць не павінна;
7. Трымай калектыў у добрым працоўным тонусе. Для гэтага арганізуй добрую кантрольна-рэвізійную службу ў асобе кадравікоў, якія будуць правяраць прыход супрацоўнікаў на працу. Таксама выклікай супрацоўнікаў па адным на размову тэт-а-тэт з праверкай іх цякучай дзейнасьці і будучых плянаў;
8. Завядзі шпегаў ў працоўным калектыве, якія будуць цябе інфармаваць пра галоўныя навіны і асобных супрацоўнікаў;
9. Кіруй не толькі пугай, але і пернікам. Нечакана надары неафіцыйных лідараў калектыва шчодрай прэміяй. Плаці ім добрыя грошы – і хутка станеш “строгім, но мудрым начальніком”;
10. Будзь асьцярожным і абавязковым: правярай усе свае подпісы, не адступаі і на ёту ад загадаў вышэй стаячага кіраўніцтва, выконвай усё, што табе загадалі.
11. Абавязкова ўспрымай просьбы свайго кіраўніцтва як загад.


Калі вы будзеце выконваць усё тое, што я вам вышэй апісаў, то посьпех вам гарантаваны! Аўто, краватка, кава і сакратарка – ўсё стане для вас явай! Калі вашыя былыя сябры будуць душыцца ў тралейбусах пасьля цяжкіх зьменаў у цэхах, аўдыторыях і лябараторыях, вы зірнеце на іх праз таніраванае шкло службовай ішамаркі і шчасьліва падумаеце: “Я – іх надзея і апора!”.

Адзінае, любы дружа, памятай што сярод тваіх “халопаў” дакладна будзе адзін, які цябе люта ненавідзіць….