воскресенье, 30 августа 2009 г.

Беларуская мова Латгаліі пакуль што жыве

Прапаную да ўвагі чытачоў блёгу транскрыбаваны запіс беларускай гаворкі з Дзьвіншчыны, запісаны польскім беларусазнаўцам і лінгвістам Міраславам Янковякам.
Як вядома, зь Беларускай Латгаліі паходзіць і таленавіты пісьменьнік 1920-х гадоў Віктар Вальтар, збор твораў якога не так даўно пабачыў жыцьцё. Электронны варыянт яго найбольш вядомага раману “Народжаныя Сатурнам” можна сьцягнуць тутака.
Цікава распавядае пра беларусаў Латвіі гісторык Алег Трусаў: “Нават у часе нямецкай акупацыі беларусы Латгаліі мелі свае пачатковыя школы. Выходзіў і часопіс “Новы шлях”. Але потым з прыходам новых саветаў беларускае культурнае жыцьцё тут спынілася. І тым ня меней за савецкім часам новая хваля беларусаў рушыла ў Латвію. Яны сапраўды ехалі па гумовыя галёшы і каўбасу. І такім чынам, калі там у 1959 годзе беларусаў было 62 тысячы, то пры канцы існаваньня Савецкага Саюзу – ужо 120 тысяч. Зь іх -- у Дзьвінску запісаліся беларусамі аж 10 тысяч чалавек. Пасьля аднаўленьня незалежнасьці Латвіі ў Рызе зноў адкрылася беларуская гімназія, а ў Даўгаўпілсе сталі існаваць культурна-асьветніцкае аб’яднаньне “Уздым” і беларуская нядзельная школа. Таксама тут ёсьць суполка Міжнароднага фонду Янкі Купалы. Аднак у сучасных школьных падручніках па гісторыі Латвіі беларусы ніяк не прысутнічаюць, нават у пераліку тых народаў, якія цяпер жывуць у Латвіі. А некаторыя дзеячы нашай агульнай гісторыі набылі такія імёны, што ніколі беларус не пазнае ў іх сваіх полацкіх князёў”.
“Чтобы окончательно закрепиться в низовьях Даугавы, епископ Альберт вынудил правителя округа Кокнесе Ветсеке разместить в своем замке отряд крестоносцев. Дождавшись удобного момента, Ветсеке разбил рыцарей и изгнал их из своего замка. Узнав, что Альберт формирует в Риге большое войско для разрушения замка, Ветсеке сжег замок и со своими людьми и пожитками отправился на Русь. В Кокнесе люди епископа построили каменный замок”.Разьдзел “Покорение латгалов”. Падручнік «История Латвии», Рыга, 2002 год».
Латышоў, як народ малы, зразумець лёгка. Прымардыяльна разглядаючы беларусаў у якасьці юдаў, зрокшыхся балцкіх каранёў, яны не зацікаўлены ў працягу "славянскай асіміляцыі" тубыльцаў. Тое ж самае назіраем у Летуве.

Жыхары Магілёва адмаўляюцца навучаць сваіх дзяцей па-беларуску

У наступным навучальным годзе клясаў зь беларускай мовай навучаньня ў агульнаадукацыйных установах г. Магілёва арганізавана не будзе.

Па словах супрацоўніцы адміністрацыі Ленінскага раёна г. Магілёва, якая не пажадала назваць свае імя, жадаючых навучаць дзяцей зь першай клясы па беларускамоўных праграмах практычна не было. “Мы плянавалі адкрыць беларускія клясы ў СШ № 8, для чаго непасрэдна працавалі з выкладчыцкімі калектывамі, а таксама бацькамі будучых вучняў. Інфармацыя пра дзейнасьць аддзела адукацыі па камплектаваньні беларускамоўных клясаў была даведзена да грамадзянаў, у тым ліку праз СМІ і сетку Інтэрнэт, але, на вялікі жаль, сустрэчнай рэакцыі не было».

Як падкрэсьлівае службоўца, сярэдняя школа № 8 была выбрана невыпадкова. “Справа ў тым, - падкрэсьлівае супрацоўніца адміністрацыі, - што ў гэтай навучальнай установе працуе выдатная настаўніца пачатковых клясаў, Граблеўская Валянціна Альгердаўна, якая была гатова пачаць працу зь першаклясьнікамі”. Усе неабходныя фінансавыя сродкі, вучэбныя матэрыялы настаўнікі адшукалі, але на іх прапанову адгукнулася толькі адна сям'я. Два тыдні таму назад і гэтыя людзі адмовіліся ад сваёй задумы.

Напомнім, што ў 2008/2009 навучальным годзе з 455 агульнаадукацыйных школаў Магілёўскай вобласьці 242 навучальныя ўстановы працавалі на беларускай мове. Лічбы нібы і дастаткова прыстойныя, але ж статыстыка можа завесьці і ў балота. На самой справе 82% шкаляроў наведвалі расейскамоўныя школы, бо ў найбуйнейшых населеных пунктах Прыдняпроўшчыны, Бабруйску і Магілёве, беларускіх школаў, як і клясаў, было роўна нуль.

Чыньнікі такой прыкрай сытуацыі даўно вядомыя. Беларуская мова практычна поўнасьцю выціснута з грамадскага ўжытку за выняткам паасобных радыёперадачаў, газэтаў і тэлебачаньня. У адміністрацыях роднай мовы, акрамя трасянкі, пачуць немагчыма, не кажучы ўжо пра праваахоўныя ворганы і войска.

Адзіным выхадам з такога становішча магла б стаць беларускамоўная адукацыя, прычым, абавязкова на ўсіх ступенях. Але ж якая карысьць бацькам аддаваць дзяцей ў нацыянальныя клясы, калі ў ВНУ вучаць спрэс па расейскамоўных праграмах расейскамоўныя выкладчыкі? Для шэраговага беларуса, незаангажаванага ў нацыянальны рух, пытаньне мовы – пытаньне нават не другаснае, а проста не існуючае. Усе неабходныя сацыяльныя функцыі расейкая мова, калі паглядзець, выконвае. “Галоўнае, каб сын (дачка) атрымалі добрую адукацыю і высокааплатную працу, добра ажаніліся (выйшлі замуж)”, - так думае і сьлесар 5 разраду, і намесьнік старшыні аблвыканкаму – ўсе звычайныя людзі.
Трагедыя нашае мовы палягае ў яе сацыяльнай непатрэбнасьці. Пакуль беларуская мова, як адзіная дзяржаўная, не стане утылітарнай неабходнасьцю для асабістага разьвіцця і кар’ернага росту, дагэтуль яна будзе патрэбна толькі 1-3 нацыянальна заклапочаным сем’ям.

Відавочна, што беларускія клясы ў Магілёве будуць незапатрабаванымі і ў наступны навучальны год.

Па пытаньнях навучаньня дзяцей ў г. Магілёве ў першай клясе зь беларускай мовай навучаньня можна зьвяртацца па наступных тэлефонах: 26-31-79 або 32-70-81.