Сіднэй Баеўскі Маер ( рус. Симха Майер Баевский); 8 лютага 1878 – 5 верасьня 1934) уславіўся не толькі тым, што з эмігрантаў выбіўся ў самыя вядомыя аўстралійскія бізнэсоўцы, стварыўшы найбуйнейшую аўстралійскую гандлёвую сетку Myer, але і тым, што сваёй філантрапічнай дзейнасьцю выратаваў ад галоднай сьмерці тысячы сямей працоўных па ўсім Паўднёвым мацерыку.
Лёс Сімхі Баеўскага, які толькі ў сталым веку стане называцца Сідам, амаль нічым не адрозьніваўся ад лёсу той габрэйскай моладзі, якая бегла на пачатку ХХ ст. зь беларускіх губерняў за акіян. Прычыны новага Зыходу былі рознымі: ад эканамічных да рэлігійных, хоць адна зь іх – перасьлед па рэлінійна-нацыянальнай прыкмеце – стала хіба галоўнай.
Сімха Маер Баеўскі нарадзіўся ў 1878 г. у Крычаве Магілёўскай губерні ў межах рысы аселасьці ў сям’і талмудыста Эзекіля Баеўскага і Куны Дубруш, у дзявоцтве Шур. Пачатковую адукацыю Сімха атрымаў у родным Крычаве, але ж замест талмудычнай “кар’еры” выбраў, а пазьней і пераняў, справу маці – гандаль тканінамі.
Справа Маера йшла ня дужа бойка, і ў беднаватым габрэйскім Крычаве ўсё больш і больш пачынаюць разгарацца кагальныя спрэчкі. Зрабіўшы выснову, што пракарміцца ў беларускай глыбінцы амаль не магчыма, у жніўні 1899 Баеўскі перыязджае ў Мельбурн да старэйшага брата Элькона(1875-1938), амаль не маючы грошай і практычна не ведаючы ангельскай.
Сіднэй, як пачаў сябе называць на ангельскі манэр юнак, і яго брат Элькон спачатку разам працавалі ў майстэрні па пашыву бялізны земляка Слуцкіна ў Фліндэрс Лэйн, але, маючы за мэту сваю справу, неўзабаве адкрылі невялікую лаўку тканін ў Бендыга. Справа з самага пачатку не заладзілася, таму малады прадпрымальнік вымушаны быў хадзіць з панчохамі і снуркамі ўласнае вытворчасьці з хаты ў хату, амаль як на Магілёўшчыне, прадаючы з рук свае тавары, расхвальваючы сваю прадукцыю тубыльцам больш жэстамі, чым ангельскай мовай.
Хадзіць было нязручна, таму ашчадзіўшы грошай, Баеўскі-Маер купляе воз, на якім развозіць тавар па гарадах. Ідэя была цудоўнай, павысіўшы ККД прадпрыемства ў некалькі разоў. Заставалася толькі выбраць раён, дзе было меньш канкурэнтаў. У выніку браты пасяліліся ў Пэл Мэл, дзе гандаль сапраўды пайшоў у гару. Маладыя эмігранты, назьбіраўшы патрэбную суму, тут адкрылі некалькі лавак, і хутка купілі збяднелую фірму Craig Williamson&Thomas.
У 1911, сур’ёзна стаўшы на ногі, Сімха з Крычава, ён жа Сіднэй Маер, купіў гандаль мануфактурнымі таварамі Wright&Neil на вуліцы Бурке побач з Галоўным паштамтам, а ў 1914 г. у гэтым прэстыжным раёне быў завершаны і новы будынак, які адчыніў свае дзьверы пакупнікам.
Маючы відавочныя камэрцыйныя здольнасьці і аналітычны розум, Маер укладае праз некалькі год грошы ў куплю ў Бэлараце фабрык па вытворчасьці воўны, а праз 3 гады на пляцы перад Галоўпаштамтам Мельбурна зьяўляецца яшчэ адна крама.
Гэта быў пачатак гандлёвай сеткі Маера, акцыянернага таварыства, якое ў 1934 г. мела ў сваім фондзе £2,500,000. Пасьля таго, як Сіднэй набыў ў Адэлаідзе фірму Marshall's Limited, ў кампаніі працавала ўжо 5300 чалавек, якія атрымлівалі медыцынскую дапамогу, харчаваньне за кошт фірмы, а таксама езьдзілі ў дом адпачынку на ўзьбярэжжы Dandenong Ranges. Для 1930-х гг. такія сацыяльныя навіны былі для Аўстраліі сапраўдным дзівоцтвам. Добра памятаючы налёгкія часы маладосьці ў Беларусі, цяжкую працу і голад першых год у эміграцыі, Маер пакляўся сабе, што любым коштам будзе дапамагаць простаму чалавеку. Выйшаўшы зь нізоў, бізнэсовец не стаў спускаць мільёны на рулетку, а, як і раней, працаваў з самага ранку да ночы, узваліўшы на сябе і груз адказнасьці за сваіх працоўных.
Паволі складвалася і асабістае жыцьцё ўвесь час занятага філантропа. Маер быў жанаты двойчы. Яго першы шлюб з Ганнай Флегельтаўб (1868-1963) пратрываў 14 гадоў, а ў 1920 ён ажаніўся з Марджэры Байлё, якая перажыла яго, двух сыноў і дачок. Яго сын Кэн Маер, таксама філантроп, стваральнік Victorian Arts Centre; старшыня Аўстралійскай вяшчальнай карпарацыі, аднойчы нават быў запрошаны на пасаду генерал-губернатара Аўстраліі.
У час Вялікай дэпрэсіі 1930-х Маер востра адчуў адказнасьць перад грамадой, якая дапамагла яму дамагчыся посьпеху і ўласнага дабрабыту. Замест таго, каб звольніць працаўнікоў сваіх крамаў, ён радыкальны панізіў заробак кіраўніцтву, уключаючы сябе самога. На грамадскія працы для беспрацоўных Маер з уласнае кішэні даў 22,000 фунтаў. На Раство для 10,000 беспрацоўных Маер накрыў сьвяточны стол ў Royal Exhibition Building, а для кожнага дзіцяці перадаў падарунак. Усе спробы крытыкі Маера з боку яго паплечнікаў натыкаліся на сьцяну: той хто галадаў у дзяцінстве, як правіла імкнецца не дапусьціць такога зноў, у тым ліку і ў дачыненьні да чужых дзяцей.
Некаторыя сябры і кампаньёны Маера баяліся, што бізнэс разьвіваецца занадта хутка, але кампанія квітнела і амаль бязбольна перажыла пэрыяд дэпрэсі. Сацыяльны экспэрымэнт Сіда-Сімхі Баеўскага атрымаўся. Тым не менш, нялёгкае жыцьцё, тытанічная праца і перагрузкі адбіліся нэгатыўным чынам на здароўі аўстралійскага філантропа. 5 верасьня 1934 Сіднэй Маер памёр ва ўзросьце 56.
Завяшчаньне Маера дасягнула £922,000, а на яго пахаваньні прысутнічаў цэлы натоўп людзей колькасьцю амаль у 100,000. Дабрыня гэтага “рускага” не была забыта людзьмі. Вельмі хутка сям’я і сябры набожчыка заснавалі Фонд Сіднэя Маера, які па сёньняшні дзень працягвае філантрапічную дзейнасьць, распачатую яго заснавальнікам.