1. Вы не маеце права насіць ганарлівае імя асьпірантаў, бо ўсе вы лайдакі, абібокі і гультаі; 2. У вас няма аніякай павагі да навуковых кіраўнікоў і старэйшых па навуковай ступені таварышаў;
3. Вы ўсе слаба падрыхтаваныя, а вашыя навуковыя працы не маюць аніякага сэнсу і вартасьці.
Канешне, дзякуй шаноўнаму доктару за яго сэнтэнцыі, але ж наважуся адказаць, хай і ў дзёньніку, на гэтыя папрокі. Давайце разьбяромся з кожным абвінавачваньнем паасобку, рухаючыся ад аднаго яго пункту да іншага.
Па-першае, ці ўсе мы лайдакі і днямі анічога не робім. Тут доктар у нечым мае рацыю, бо, гледзячы па кантынгент нашых навучэнцаў, часам думаеш, што гуманітарная веда ў Беларусі сапраўды коціцца долу. Тым не менш, асноўны склад ахвяраў навукі даволі прыстойны. Гэта ,як правіла, незамужнія дзяўчыны ці нежанатыя хлопцы 25-28 г.,нідзе не працуючыя ці падзарабляючыя на катэдрах (макс. 300-400 тыс. у месяц).
Стыпэндыі ў 560 тыс. і невялікага заробку ў 300 тысяч, безумоўна,ім хапае з нацяжкай,але гэта больш і ад таго, што яны мелі бы ў школках. Адтуль - даволі значная старанасьць у напісаньні кандыдатскіх дысэртацыяў, якія з часам мусяць стаць іх квітком у шчасьлівае ўнівэрсытэцкае заўтра. Асьпіранты платнай формы навучаньня - гэта зусім іншае. Пра іх, думаецца, і казаў шаноўны доктар навук, захлынаючыся праведным гневам. "Платнікі"заўжды былі бяльмом у воку навуковых кіраўнікоў і катэдраў, бо зь іх можна "надаіць" навукі значна менш, ніж грошай. "Сваекоштны" асьпірант, як, дарэчы, і ваш пакорлівы слуга, звычайна вымушаны працаваць ад світанку да ночы, каб толькі зьвесьці канцы з канцамі і аплаціць сабе адукацыю.
І што нам,гаратным гуманітарыям-"сваекоштнікам", прапануе дзяржава ў асобе шаноўнага доктара? Яна прапануе нам выйсьце ў выглядзе "мэтавага накіраваньня" ("целевое" - рус.), асноўная ж мэта якога - залатаць адукацыйныя дзіркі ў правінцыі.
Мы табе дамо пайку хлеба і міску баланды (чытай - 560 тыс.), а ты нам, дружа, адпрацуеш 3 гады у Баранавічах. Скажыце, любыя, які чалавек у 30-32 гады паедзе з наседжанага месца назад у сталіцу ці абласны цэнтар? Такіх, як правіла, няшмат. Так што іх 30 срэбнікаў, за якія яны хочуць купіць нашу з вамі свабоду перасоўваньня і выбару,
цяпер ўяўляюць усяго толькі 560 тысяч беларускіх рублёў. З чаго я пра тое напісаў?
А з таго, што жыцьцё асьпіранта зараз няпростае, і, вымушаныя зарабляць сабе на жыцьцё, мы сапраўды не маем дастаткова часу на акадэмічную дзейнасьць.У Баранавічы мы, як і Вы ў маладосьці, таксама не хочам.
Вось, доктар, чаму мы вымушана лайдачым. А што ж наш шаноўны прафэсар? Як сапраўдны асьпірант, ён ў свае маладыя часы напружана працаваў у ... Музэі гісторыі ..ДУ.:-) От, сябры, што значыць сапраўдны працаголік! Малайцом!Наколькі я ведаю, у 1970-я гг, калі шаноўны доктар меў гонар студыяваць навуку, асьпіранцкай стыпэндыі і напружанай працы ў Музэі гісторыі ..ДУ зь верхам бы хапіла на штотыднёвую вячэру у "7-м небе", не кажучы ўжо пра кніжкі,ежу-вопратку-праезд,і традыцыйны летні пералёт у Гагры. У такіх цяплічных умовах, прабачце, і "Капітал" дапісаць можна. Таму ня доктару нам вучыць жыцьцю - усе свае праблемы і хібы мы ведаем лепш за яго. Хіба сьпішам усе прэтэнзыі на крызісны ўзрост.
Наконт непавагі да навуковых кіраўнікоў. Не ведаю, можа гэта асабістая праблема доктара, але насіць пляшкі каньяку і пісаць доктарскія навуковым кіраўнікам даволі модна, як раней. Менавіта на гэта, здаецца, намякаў доктар, распавядаючы як ён, малады і зялены асьпіранцік, парыўся ў лазьні з навуковым кіраўніком. Нам, карацей, прапануюць не дзелавыя стасункі, а кумаўство, завэлюмаванае хабарніцтва і прафэсыйны сэрвілізм. Як раз усё па Андруховічу: "Якая галеча духу, якое лакейства!"Карыстаючыся сацыяльнай безабароннасьцю моладзі, яе неуладкаванасьцю і залежнасьцю навуковыя бонзы сапраўды вымушаюць "аддзячываць" іх рознымі кшталтамі. Ад звычайных падлізных віншаваньняў з днём настаўніка да ўдзелу ў фінансавых спэкуляцыях уключна. Так што, шаноўны доктар, мы Вас асабіста і Вашых калегаў "паважалі, паважаем і паважаць будзем". Ну, Вы разумееце аб чым я.
Па-трэцяе, ці кульгае нашая прафэсыйная падрыхтоўка. Так, у нечым кульгае, бо 1)нашыя ўнівэрсытэцкія праграмы і прафэсарска-выкладчыцкі склад відавочна слабейшыя ад заходніх;2)грашовыя катаклізмы не дазваляюць увесь час аддаваць удасканальваньню ведаў; 3)амаль няма замежных стажыровак, якія здабываюцца фактычна па асабістых каналах.
Так, да прыкладу, дактарант Каунаскага ўнівэрсытэта атрымлівае стыпэндыю каля 1200000 ў пераліку на беларускія грошы, а калі вядзе спэцкурс ці які сэмінар, то мае нашмат больш. Стажыроўкі там аплочваюцца ўнівэрсытэтам, а камандзіровачныя складаюць 3 млн. на месяц. Таму для дактарантаў створаныя ўсе магчымасьці для камфортнай працы і разьвіцьця.
Пра падрыхтоўку многіх нашых выкладчыкаў я прамаўчу. Адсылаю Вас да працы Валянціна Грыцкевіча "Гісторыя і міфы", дзе з уласьцівай аўтару эрудыцыяй і просталінейнасьцю выдатна прааналізавана сытуацыя з падрыхтоўкай гуманітарыяў у БССР. Са скрухай усьведамляеш, што цябе рыхтуюць людзі, якія пісалі дысэртацыі пра ролю КПСС у разьвіцьці сьвінагадоўлі... А часам і зусім не пісалі, бо прафэсарскія дзеці і зараз выкладаюць ва ўсіх навучальных установах нашае з вамі краіны.
Высновы: - Лайдакамі нельга зваць людзей, якія працуюць нашмат больш, ніж прафэсура, чые бясхмарныя маладыя годы прайшлі ў застойныя часы;
- Нельга асабістую павагу і чалавецкую сымпатыю блытаць з праявамі сэрвілізму;
- Крытыкаваць навуковую падрыхтоўку асьпірантаў трэба пасьля пераабароны ўласнай кандыдацкай.