четверг, 1 октября 2009 г.

Канферэнцыя пра супольную спадчыну былой Рэчыпаспалітай

"Шматкультурная спадчына былой Рэчыпаспалітай – узровень даследванняў" – трохдзённая міжнародная канфэрэнцыя пад такой назвай пачалася сёння ў Беластоку.


Арганізатарам канферэнцыі з'яўляецца Інстытут Даследванняў еўрапэйскай спадчыны і кафэдра гісторыі Усходняй Еўропы унівэрсытэта ў Беластоку.


Кіраўнік кафедры прафесар Антон Мірановіч адзначае, што ў канферэнцыі прымуць ўдзел навукоўцы з Польшчы, Беларусі і Украіны.


- Удзельнікі канферэнцыі адказалі на пытанне, як можна не толькі пакарыстацца гэтым матэрыялам, але таксама, як на іх натрапілі і які маюць даробак у гістычных даследваннях, а таксама распавялі пра супольную спадчыны ўсіх усходнеславянскіх народаў Центральнай і Усходняй Еўропы.


Мэта канферэнцыі - наблізіць навукоўцаў да архіўных матэрыялаў і каштоўнасцяў з архіваў і бібліятэкаў, якія зараз знаходзяцца паз-а межамі Польшчы. Гэта перад усім тыя матэрыялы, якія датычаць гісторыі не толькі Польшчы, але таксама Беларусі і Украіны.


Валя Лаеўская, Радыё Рацыя.

среда, 23 сентября 2009 г.

Станаўленне нацыянальнай дзяржаўнасці Беларусі і Літвы: час трыўмфу і няздзейсненых мараў

У 1914 г., з пачаткам І Сусветнай вайны, пачалі закладвацца асновы будучай палітычнай карты Еўропы, якая ўжо выглядала не так аднаабразна, як на працягу сотняў гадоў да гэтага. Элітам з’явіўшыхся на арэне Старога Свету маладых дзяржаў, з большым ці меншым поспехам, атрымалася выкарыстаць узнікшы глабальны ўзброенны канфлікт.

Супастаўляючы беларускі і літоўскі варыянты станаўлення нацыянальнай дзяржаўнасці, адзначым, што асноўнымі параметрамі для простага параўнальнага аналізу могуць быць: узровень нацыянальнай кансалідацыі беларусаў і літоўцаў, які фактычна азначае інтэнсіўнасць нацыянальнага руху, а таксама знешнепалітычныя чыннікі: германскі, польскі, савецкі, а таксама ўплыў краін Антанты.

У першую чаргу адзначым, што, бадай, самым галоўным чыннікам у станаўленні дзяржаўнасці новых краін Еўропы быў узровень нацыянальнай кансалідацыі народаў, якія выйшлі на шлях свайго вызвалення ад імперскіх абдымкаў Расіі, Прусіі ды Аўстрыі.

Трэба адзначыць, што развіццё беларускага нацыянальнага руху адставала ад літоўскага, хаця апошні і знаходзіўся на латэнтнай стадыі свайго развіцця. Прычыны, якія абумовілі паскоранае развіццё літоўскага руху, мнагаабразныя. У гэтых адносінах слушнымі падаюцца высновы беларускага антраполага Паўла Церашковіча.

Згодна П.Церашковічу, хоць Літва і Беларусь датычыліся да ліку найбольш адсталых ў еўрапейскай частцы Расійскай імперыі рэгіёнаў, аднак наша прыбалтыйская суседка ўсё ж такі дасягнула мінімальна неабходнага ўзроўню рынкавай актыўнасці, чаго не назіралася на большай частцы тэрыторыі Беларусі.

Па-другое, зыгралі сваю ролю асаблівасці сацыяльнай гісторыі Беларусі і Літвы. Так, спецыфічнай асаблівасцю ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. была па колькасці група свабоднага насельніцтва. Калі па 5-й рэвізіі удзельная вага свабоднага насельніцтва ў Ковенскай і і часткова Віленскай губерні складала прыкладна 22% ад усяго насельніцтва, то на тэрыторыі “беларускіх” паветаў Гродзенскай і Віленскай губерні дадзеная катэгорыя насельніцва складала толькі каля 3% ад усяго насельніцтва. Не менш значным з’яўляецца той факт, што значная група літоўцаў пражывала ў Сувалькійскай губерні, якая ўваходзіла ў склад Царства Польскага. Асабістая залежнасць сялян там была ліквідавана яшчэ ў 1807 г.

У выніку, фарміраванне ў Літве даволі значнага слою свабодных сялян-сярэднякоў, якія складалі аснову масавага нацыянальнага руху і, адпаведна, паглыбленне класава-этнічнага антаганізму (“паляк-памешчык” – “літовец-селянін”) зыграла значную ролю ў развіцці літоўскага нацыяналізму.

Па-трэцяе, істотным адрозненнем Літвы ад Беларусі, якое забяспечвала шматлікую аўдыторыю літоўскаму нацыянальнаму руху, быў больш высокі сярэдні ўзровень пісьменнасці сярод вяскоўцаў. Ён, у сваю чаргу, быў вынікам уздзеяння цывілізацыйна-канфесійнага фактара, што было абумоўлена асаблівасцямі каталіцкіх адносінаў да жаночай адукацыі.

Па-чацвёртае, істотную ролю ў фармаванні літоўскага руху зыграла і ўсходняя Прусія, дзе існавалі больш свабодныя ўмовы для развіцця літоўскага кнігадрукавання і перыёдыкі, хоць і трэба мець на ўвазе, што літоўцы падпадалі там пад надзвычай моцную германізацыю.

Яшчэ адзін істотны факт, які абумоўліваў большую інтэнсіўнасць развіцця літоўскага нацыянальнага руху ў параўнанні з беларускім, – актыўнасць нешматлікай, але надзвычайна актыўнай інтылігенцыі. На думку Паўла Церашковіча, яе паводзіны вызначаліся наступнымі фактарамі. У першую чаргу, сваю ролю зыграла так званая гістарычная памяць. Літоўцы былі адным з нешматлікіх раёнаў Цэнтральна-Усходняй Еўропы, чыя “гістарычнасць” не падлягала ніякаму сумніву. Больш за тое, актывістам літоўскага руху не трэба было прыкладаць значных намаганняў для артыкуляцыі гістарычнага міфа, бо гэта амаль было зроблена да іх пакаленнямі польскамоўных рамантыкаў – “краёўцаў”.

Мы бачым, што беларуская нацыянальная кансалідацыя, якая павінна была стаць першапачатковай умовай дзяржаўніцкіх памкненняў значна адставала ад літоўскай, бо практычна ўсе важныя для паспяховага развіцця нацыянальнага руху фактары або былі слаба выражаны (рынкавая актыўнасць, урбанізацыя, сацыяльная мабільнасць, пісьменнасць, этналінгвістычная і канфесійная адметнасць), ці ўвогуле адсутнічалі (універсітэцкія цэнтры, “гістарычнасць”, “Пьемонт”). Таму відавочнае спазненне нацыянальнай кансалідацыі беларусаў у параўнанні з літоўцамі XIX — пачатку XX в. насіла аб’ектыўна абумоўлены характар. Відавочна, што ўплыў нацыянальнай кансалідацыі на дзяржаватворчыя працэсы адлюстроўваўся на падтрымцы мясцовага насельніцтва ідэй нацыянальнай дзяржаўнасці.

“Германскі чыннік” ў дзяржавабудаўнічых працэсах Беларусі і Літвы – яшчэ адзін чыннік, які ўдала скарысталі літоўскія нацыянальныя дзеячы, чаго нельга сказаць пра іх беларускіх сучаснікаў.

Немецкае камандаванне, якое кантралявала усю тэрыторыю этнічнай Літвы і толькі заходнюю частку Беларусі, меркавала, што ні Літва, ні Беларусь не сазрэлі для незалежнасці. Тым не менш, калі пасля Лютаўскай рэвалюцыі ў Расіі сталі папулярнымі лозунгі самавызначэння народаў, германскі ўрад таксама вымушаны быў лавіраваць, маючы перад сабой старую мэту – прыяднаць да сваёй тэрыторыі захопленыя землі.

Адпаведныя ўмовы для рэалізацыі плана склаліся для Германіі ў лістападзе 1917 г., калі прыйшоўшыя да ўлады ў Расіі бальшавікі, інспіравалі працэс выхаду краіны з вайны. 2 снежня 1917 г. ў Брэсце была заключана дамова аб перамір’і на ўсім расійска-германскім фронце, а 9 снежня там пачаліся перагаворы аб міры.

Нямецкае кіраўніцтва разумела, што у час перагавораў самым дальнабачным крокам будзе той, які дазволіць Германіі адарваць ад Расіі былыя нацыянальныя ўскраіны, захоўваючы пры гэтым бачнасць прынцыпу нацыянальнага вызначэння. Наконт Літвы, у адрозненні ад Беларусі, у Германіі былі свае разлікі. Пры падтрымцы кайзераўскіх акупацыйных уладаў, літоўскія нацыянальныя дзеячы, якія імкнуліся выкарыстаць любой выпадак для здабыцця самастойнасці краіны, склікалі ў Вільні 18 верасня 1917 г. так званую Літоўскую канфедэрацыю, на якой рэзалюцыя аб незалежнасці Літвы была прынята аднагалосна. У час канферэнцыі была створана Літоўская Тарыба з 20 чалавек. Праз два дні пасля пачатку перамоў ў Брэст-Літоўску, 11 снежня 1917 г. Літоўская Тарыба абвясціла аб “аднаўленні незалежнай Літоўскай дзяржавы з сталіцаю ў Вільні і скасаванні ўсіх дзяржаўных сувязяў ”. Характэрна, што Літоўская Тарыба выказалася “за вечны моцны саюз Літоўскай дзяржавы з Германскай імперыяй” на падставе вайсковай, чыгуначнай, мытнай і фінансавай канвенцый.

Размоў аб сапраўднай незалежнасці Літвы германскае кіраўніцтва, канешне, спачатку не вяло, а акт аб незалежнасці Літвы ад 16 лютага 1918 г. быў зацверджаны толькі 23 сакавіка 1918 г. Урад Літоўскай Рэспублікі на чале з Вальдэмарасам пачаў фарміравацца яшчэ пазней, 20 кастрычніка, калі капітуляцыя Германіі стала ўжо непазбежнай.

Беларуская тэрыторыя на час бальшавіцка-нямецкай перагавораў была акупавана немцамі толькі на захадзе, што не давала немцам ніякіх магчымасцяў спрыяць выгоднаму для іх “абвяшчэнню” Беларускай рэспублікі, што было зроблена ў Літве.

Акрамя таго, не спрацаваў на беларусаў і час, бо ў суворыя ваенныя дні палітычная сітуацыя мянялася ў залежнасці ад падзей на фронце. Да пачатку сакавіка 1918 г. большая частка Беларусі была занята злучэннямі 10 арміі. Калі раней нямецкае кіраўніцтва не магло ў сваіх мэтах падтрымаць беларускі нацыянальны рух, то зараз ім гэта не было патрэбна. Стварыўшы пад сваім пратэктаратам Украінскую і Літоўскую рэспубліку, немцы спыніліся з “раздачай незалежнасцяў”, хоць і вагаліся наконт існаваўшага на беларускай тэрыторыі “савецкага кліна”. Нам не вядома, як бы ўсё склалася далей, але немцы, затуманіўшы розум беларускім патрыятычным колам, банальна не паспелі зрабіць якіх-небудзь сур’ёзных захадаў у гэтым накірунку.

Абвешчаная Літоўская Рэспубліка ў першапачатковых планах немцаў павінна была неўзабаве стаць часткай Імперыі. Калі параза Траістага саюзу стала рэальнасцю, Літве немцы сталі адводзіць ролю будучай дзяржавы-сатэліта ці па меншай меры саюзніка, не маючы ўжо рэсурсаў на яе інкарпарацыю.

Антанта, якая замяніла Германію ў якасці гаранта існавання Літоўскай рэспублікі, а таксама бальшавікі, таксама, кожны з свайго боку, паўплывалі на “беларускае” і “літоўскае” пытанні. У мэтах недапушчэння прасоўвання пралетарскай рэвалюцыі на Захад, Антанта падтрымала першы ўрад Літвы, пакінуўшы ёй нямецкія войскі для абароны, а таксама стварыўшы ўласна літоўскае войска.

Гуляючы ў знешнепалітычныя гульні, Захад яшчэ спадзяваўся на перамогу белага руху ў Расіі і аднаўленне «единой и неделимой» імперыі, хоць, можа, і трохі абрэзанай на ўскраінах. Таму дапамога захопленай бальшавікамі Беларусі не ўспрымалася усур’ёз, а дапамагога яшчэ поўнасцю не акупаванай чырвонымі Літве насіла часовы стратэгічна-вайсковы характар.

Вельмі хутка Антанта зрабіла стаўку на самую сур’ёзную сілу ў рэгіёне – Польшчу. Захад вырашыў рукамі польскіх легіянераў перамагчы бальшавісцкую рэвалюцыю, за гэта расплаціўшыся з палякамі беларускай і літоўскай тэрыторыямі. Па іроніі лёсу, ваюючы з палякамі, рускія бальшавікі вымушаны былі падтрымаць “сваю” былую правінцыю – сепаратысцкую Літву, якая, натуральна, пачала канфліктаваць з палякамі за Віленскі край. Ужо 12 ліпеня 1920 г. Савецкае Расія прызнае незалежнасць свайго саюзніка – Літвы.

Беларусь у гэтых умовах заставалася непрызнанай краінай.

четверг, 17 сентября 2009 г.

Інтэрнэт-ініцыятыва “Доказы для Анатоля Васэрмана”

Паважанае спадарства! Запрашаю вас прыняць удзел у адмысловай інтэрнэт-ініцыятыве “Доказы для Анатоля Васэрмана”, якую праводзіць аўтар інтэрнэт-блогу www.pchala.blogspot.com. Прашу праінфармаваць наведвальнікаў вашага парталу (ЖЧ, Vkontakte, Twitter etc.) аб асноўных умовах ініцыятывы, а таксама высунуць арганізатару свае прапановы наконт правядзення акцыі: яе асвятлення ў СМІ, магчымых падарунках лепшым удзельнікам, тэхнічных момантах мерапрыемства і інш. Прапаную аб’яднаць агульныя высілкі для належнага рэзанансу і якаснага правядзення ініцыятывы.

Вядомы расейскі інтэлектуал Анатоль Васэрман у чарговы раз запрапанаваў грамадскасьці падыскутаваць наконт цяжкатраўнай тэмы, якая непасрэдна тычыцца Беларусі. У сваім блогу «Компьютерра» Васэрман змесцаваў відэа, у якім даводзіць да шырокай публікі, што беларуская мова, а разам з ёй і украінская, не з'яўляюцца самастойнымі мовамі, а толькі дыялектамі рускай мовы. "Я гэты пункт гледжання адстойваю даволі даўно і паслядоўна, - кажа Васэрман. – Я прывёў ужо нямала довадаў, але прывяду яшчэ ".


Галоўная тэза расейскага знаўцы палягае ў тым, што кожнай сінтаксічнай з’яве, якая існуе ў беларускай мове, ёсць адпаведнік у мове рускай. “Менавіта гэта сінтаксічнае адзінства даказвае, што мовы беларуская і украінская з’яўляюцца вытворнымі ад уласна рускай мовы”, - падкрэслівае Васэрман.

Трэба адзначыць, што за тэзамі Анатоля Васэрмана аб неіснаванні беларускай мовы палягаюць куды шырэйшыя высновы аб неіснаванні асобнай беларускай нацыі.

З гэтых прычынаў, у беларускім сеціве існуе неабходнасць шырэй абмеркаваць пытанне, узнятае расейцам. Прашу пакідаць свае тэзы аб САМАСТОЙНЫМ ІСНАВАННІ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ ў каментарах да гэтага посту або адсылаць іх на электронную скрыню pchala2009@hotmail.com. Асноўныя патрабаванні да тэзаў: лагічнасць, доказнасць, карэктнасць у дачыненні да апанента. Пажадана, каб тэзы былі напісаныя на расейскай мове.

Усе дасланыя тэзы будуць накіраваны да Анатоля Васэрмана для разгляду.

Кантактныя рэквізіты: e-mail: pchala2009@hotmail.com; blog: www.pchala.blogspot.com.

вторник, 15 сентября 2009 г.

26 – 27 верасьня ў сталіцы Галіччыны адбудзецца сьвята “На каву да Львова”

26-27 верасьня ў Львове ўжо ў трэці раз пройдзе мескае сьвята “На каву да Львова”. Сьвята арыентавана на турыстаў і мясцовых жыхароў, паведамляе інфармацыйны партал Zaxid.net. Галоўная мэта сьвята – падтрымка іміджу Львова як усходнеэўрапэйскай сталіцы кавы, якая мае даўнія традыцыі ўжываньня гэтага напою.


Традыцыйная забаўка для лявавян і гасьцей места – фэст кавы, пад час якога каваманам запрапануюць пакаштаваць “фэставы” напой. У сваю чаргу, для сапраўдных гурманаў адмыслова згатуюць каву эксклюзыўных гатункаў і рэцэптаў.


Вядома ж, сьвята не абыйдзецца без кірмашу, дзе можна будзе прыдбаць розныя гатункі кавы, таксама адбудзецца фэст рамёстваў, пройдуць вулічныя выставы львоўскіх тэатраў. Разбаўляць усе “кававыя” дзейства будуць музычныя выканаўцы.


Сымбалем фэсту мае стаць гістарычная постаць Юрыя Кульчыцкага – украінца, які браў удзел у вызваленьні Вены ад туркаў 1683 г. ды адкрыў першую ў Вене (і ў Эўропе) кавярню “Пад сіняй пляшкай”.


Сярод мерапрыемстваў плянуецца: конкурс сярод кавярняў на найлепшы рэцэпт львоўскай кавы, дзіцячая пляцоўка, продаж кававага посуду, змаганьне афіцыянтаў, джазавы канцэрт, а таксама канцэрт у стыле рэтра. Удзельнікі фэсту змогуць пачытаць чарговы выпуск газэты фэсту.


Паводле www.zaxid.net

понедельник, 14 сентября 2009 г.

Ці маеце вы татарскія карані?

Гісторыя беларускіх татараў сягае на шэсць стагоддзяў углыб нашай гісторыі. Як гэта сталася, што на Беларусі з’явіліся жыхары Азіі?Адказ трэба шукаць у палітычных падзеях беларускага сярэднявечча.


На Беларусі татары з’яўляюцца ў якасці ваеннапалонных,уцекачоў ды наймітаў.
Гаспадары Літвы запрашалі насельнікаў Крыма і Алтын-Арды,выкарыстоўваючы іх у якасці ваяроў супраць тэўтонаў і варожых літвінам ордаў. Так, у 1395 г. Вітаўт пасяліў у Лідзе хана Тахтамыша, які, пацярпеўшы паразу ад Цімура, з’ехаў туды разам са сваёй дружынай.У 1397 г., перамогшы татар пад Азовам, Вітаўт “пасадзіў на зямлю” шмат ваеннапалонных у Ашмянскім, Наваградскім, Лідскім, Брэсцкім паветах, а таксама каля Вільні.У 1506г. князь Міхаіл Глінскі разбіў татар на рацэ Лань каля Клецка, у выніку чаго 4000 тысячы татар былі паселеныя ў яго наваколлях і Менску. Увогуле, у нашай краіне хапае “татарскіх” вёсак ці вёсак, дзе былі “татарскія” слабоды.У Менску яшчэ ў пачатку XX ст. Існавала Татарская слабада і дзейнічала мячэць.


Чым займаліся татары, якія апынуліся ў краіне, што потым стане Беларуссю? Большая частка несла “зямянскую” службу, валодала маёнткамі. Сярод татар вылучалася родавая вярхушка-бекі.Таксама былі мурзы і ўланы.Яны мелі сялян, путных і панцырных слуг. Другую частку татар складалі беззямельныя нашчадкі ясачных людзей і палонных, якія жылі ў гарадах і мястэчках ды займаліся рамяством.


Безумоўна, з цягам часу татары страцілі сваю мову, паступова асі міляваліся, губляючы свае адметныя рысы.


У 1989 г. на Беларусі пражывала 12.4 тыс. татар. Лічбы, відавочна, не паказваюць усёй праўды. Як вядома, існуе хлусня, нахабная хлусня ды савецкая статыстыка. Я маю на ўвазе тое, што, верагодна, значная колькасць людзей з татарскімі каранямі папісалася беларусамі.

Як вызначыць беларускага татарына? Кажучы шчыра, аўтар гэтых радкоў неаднаразова задаваў сабе гэтае пытанне. На мой погляд, татарына можна адрозніць знешне. Гэта, як правіла, скуласты твар, цёмны колер валасоў, цёмныя вочы, пераважна смуглявая скура. У 2000 г. аўтару собіла пабываць у в.Нача, што ў Барысаўскім раёне, дзе была т.зв. “татарская” вуліца. У вёсцы можна было назіраць даволі шмат насельнікаў тыпова татарскага выгляду.


Тым не менш, большасць татараў асімілявалася ў такой ступені, што іх нашчадкі ўжо не столькі чарнявыя, колькі бялявыя.Таму самым лёгкім спосабам высветліць татарскія карані таго ці іншага чалавека падаецца вызначэнне паходжання яго прозвішча.Людзі змяняюцца, а прозвішчы застаюцца.


Колькі татараў ці іх нашчадкаў у сталіцы? Аднойчы ўвечары аўтару “Пчолкі” закарцела даведацца.Узброіўшыся кнігай вядомага даследчыка татаршчыны М.А.Баскакава і кампутарам з менскай тэлефоннай базай дадзеных, я вырашыў пашукаць. Але тут трэба зрабіць некалькі заўваг.


Па-першае, трэба адрозніваць прозвішчы, якія маюць у аснове цюрскае слова і прыналежаць да роду, які вядзе паходжанне ад прадстаўніка палавецкіх, агузскіх родавых аб’яднанняў, або Залатой Арды ці больш позніх ханстваў, ад прозвішчаў, што маюць цюрскае слова-корань, а іх носьбіты - нецюрскага паходжання. Будзьма мець на ўвазе тое, што Менск - горад са шматэтнічным насельніцтвам, дзе носьбіты цюрскіх прозвішчаў могуць быць перасяленцамі з Расіі ці, напрыклад, Украіны.


Аднак будзем лічыць, што большая частка прозвішчаў менавіта родам з Беларусі. Да таго ж адзначым, што ў нашай краіне не ўсе жыхары маюць тэлефон, нават у сталічным горадзе, таму мае дадзеныя толькі прыблізныя.

Вось спіс прозвішчаў, якія мне ўдалося адшукаць:

Булгак - “ганарлівы”. У даведніку знайшлося 98 адрастаў пад такім прозвішчам;

Курак - “прагны”, “хударлявы”. Гэта, безумоўна, прозвішча цюрскае, бо слова quraq не перайшло ва ўсходнеславянскія мовы.У даведніку мною знойдзена 182 Куракі;

Мамонаў - “ціхі”, “сціплы”. У даведніку 134 прозвішчы;

Корсак - “стэпавая ліса”, “фанабэрысты”. Прозвішча сустракаецца і ў асяродку беларускай шляхты. Праўда, хутчэй за ўсё, носьбіты такога прозвішча наўрад ці маюць цюрскіх продкаў. Корсакаў я адшукаў у колькасці 148;

Гогаль - “зялёны”. Так, славуты пісьменнік, які, дарэчы, меў беларускія карані, валодаў цюрскім прозвішчам. Але слова gogul было даўно запазычана славянамі ў значэнні “птушка” і потым гэтым словам называлі асаблівы від птушкі. Гэта значыць, што прозвішча неабавязкова належыць чалавеку з цюрскім паходжаннем. Гогалеў я знайшоў 11 чалавек;

Шарамет - “грубіян”, “небарака”. Можа і ў вядомага журналіста татарскія карані? У даведніку Шараметаў 179;

Сувораў - “змрочны”. Так, значыцца, паўстанне Касцюшкі душыў татарын... У Менску 149 Суворавых;

Кутузаў - “шалёны”. І расейскі генералісімус, і беларускі футбалісты - носьбіты татарскага прозвішча;

Кушаль - “пацук”, “шчанюк”. Вось Вам і адзін з беларускіх калабарантаў часоў ВАВ! Яго прозвішча мае крымскае паходжанне;

Ямінскі - “прысяга”. Гэтае прозвішча досыць рэдкае і яго носяць нашчадкі шляхетных татараў.ЭВМ дала мне толькі звесткі пра аднаго чалавека, які пражывае ў Менску;

Шарап - “слава”, “віно”. У даведніку 153 носьбіты такога прозвішча;

Булат - “сталь”,“меч”.Вядомае татарскае слова ад якога нават патыхае гонарам і ваяўнічасцю.”Мечаносцаў” у Менскай тэлефоннай базе 103;

Булыга - “невук”. Не ведаю наконт невуцтва, але былы футбаліст каманды “Днепр-Трансмаш” Булыга катаў мяч файна.”Лайдакоў” у Менску 57;

Бантыш - “з радзімкамі”. Шляхецкае татарскае прозвішча, якое ў Менску мае толькі 1 чалавек;

Карыцкі - “вартаўнік” ці “фігурысты чалавек”. Такіх у Менску ажно 2 асобы;

Туманскі - “галава над 10000 ваярамі”. Правадыроў такога ўзроўню ў Менску 47;

Шэбан - мужчынскае цюрскае імя. Шэбанаў у базе 10, але, думаецца, іх значна больш, бо аўтар уласна ведае з тузін Шэбанаў;

Шыманоўскі - “тоўсты”. Пагадзіцеся, што прозвішча даволі распаўсюджанае. У стольным горадзе Шыманоўскіх больш за 100;

Баркоўскі - “капялюш”. Гэтае цюрскае прозвішча прыйшло з Крымскіх стэпаў. База знайшла 15 носьбітаў такога прозвішча;

Сурын - прозвішча утварылася ад мужчынскага імя Sura і з’яўляецца даволі распаўсюджаным. Я знайшоў 50 Сурынаў;

Мурзіч - “уладар”. Прозвішча вельмі-вельмі шляхетнае і належыла людзям з высокіх колаў насельніцтва.Татарскіх мурзаў у нас 72;

Орда - “лагер”, “стан”. Яшчэ адно з вядомых у беларускай гісторыі прозвішчаў. У сталіцы 6 Ордаў;

Шульга -“леўша”. Хто ў нас не ведае такога прозвішча? У тэлефоннай базе 219 чалавек;

Асановіч - гэнае прозвішча, што ўтварылася ад імя Hasan, згадваецца ў “Зямлі пад белымі крыламі” Уладзіміра Караткевіча. Выбітны беларускі пісьменнік згадвае прозвішча Асановіч як тыпова беларуска-татарскую з’яву;

Батура - “храбры”. Таксама прозвішча можа паходзіць ад імя Batur. Цёзкаў караля Польшчы и Литвы і былога старшыні Магілёўскага аблвыканкама 173;

Бараш - “служка”. Так, Барашы - гэта не Мурзічы, але таксама татары. Іх у Менску 10 чалавек;

Азар - “памочнік”. Азараў у нас багата- 310;

Шалім - “госць”. Татарын быў для беларуса госцем, але толькі спачатку.Зараз татары - такія ж самыя грамадзяне РБ, хоць Шалімаў у Менску 138 чалавек;

Гадун - “бязглузды”. Не скажу, каб маскоўскі цар-татарын Барыс Гадуноў быў бязглуздым, але хутчэй наадварот. Гадуноў налічылася 39;

Бурэц - “гняды”. Іх у базе 26.

Спіс татарскіх прозвішчаў можна працягваць і працягваць. Сярод татараў можна сустрэць Кардашоў, Бакланоўскіх, Кірэеўскіх, Карачынскіх, Кішэньскіх, Калакуцкіх, Хільчэўскіх, Бакурынскіх, Хадырэўскіх, Куторгаў, Башэвічаў, Карановічаў, Бакішаў, Бокеяў, Шабакоў, Шэйбакаў і інш.


Не бывае нічога немагчымага і, можа, у нас калі-небудзь частка людзей адчуе свае карані, і Беларусь стане не толькі краем касцелаў і цэркваў, але і мячэцяў.