вторник, 19 января 2010 г.

Кінематограф свабоды Інтэрв’ю з чачэнскім рэжысёрам Мурадам Мазаевым.

Кінематограф свабоды

Інтэрв’ю з чачэнскім рэжысёрам Мурадам Мазаевым.

Для шараговага беларуса Чачня з’яўляецца перш-найперш сінонімам вайны, трагедыі “Норд-Оста” і крымінальнага разгулу, які, маўляў, ледзве стрымліваецца жорсткім кіраўніцтвам трыяды Мядзведзеў-Пуцін-Кадыраў. Расейскі блакітны экран спрычыніўся да таго, што паспаліты люд ставіцца з асцярогай да выхадцаў з поўдня, бо горды вайнах, як і яго талстоўскі продак, з лёгкай рукі Няўзоравых і Лявонцьевых амаль канчаткава замацаваў за сабой дэманізаваны вобраз “злога чачэна”.



Тым не менш, маленькі чачэнскі народ падараваў свету не толькі вядомых барацьбітоў за незалежнасць і “бандытаў”, але і шэраг выбітных дзеячоў культуры, пра якіх у нас, нягледзячы на агульнае савецкае мінулае, пакуль мала хто ведае.



Ёсць такі анекдот. “Чаму Масква не вяла перамовы з чачэнцамі? – Ды не было з кім, бо Яндарбіеў – пісьменнік-вахабіт, Басаеў – тэрарыст, Масхадаў – сепаратыст, а Закаеў – увогуле артыст”. Гэты пералік можна цяпер працягнуць, бо ў вайнахаў цяпер ёсць і свой уласны кінематаграфіст.



Наконт інтэрв’ю з сучасным чачэнскім рэжысёрам, літаратарам і грамадскім дзеячам Мурадам Мазаевым, аўтарам нашумелага фільма “Маршо” (“Свабода”), я дамаўляўся без асаблівых надзеяў на станоўчы адказ. Быць прадстаўніком чачэнскай эміграцыі цяжка і небяспечна, але ўдвая складаней быць чачэнскім кінематаграфістам, які ва ўласнай творчасці паслядоўна адстойвае ідэі незалежнай Ічкерыі.



Аднак, нягледзячы на ўсе мае сумнівы, спадар Мурад ласкава пагадзіўся падзяліцца з чытачамі ARCHE сваімі поглядамі на творчасць, жыццё і палітыку Крамля на Каўказе.



- Мурад, як сталася, што малады чалавек з мяцежнай Чачні вырашыў стаць кінарэжысёрам? Распавядзіце трохі пра сябе.



- Нарадзіўся я і пражываў у г. Грозным, але сам родам з Шатойскага раёна Чачні. Да вайны мая маці працавала эканамістам у рамонтна-будаўнічым упраўленні, а бацька быў дырэктарам навукова-метадычнага цэнтра міністэрства культуры Чачэна-Інгушскай АССР. Адзін час ён нават працаваў дырэктарам тэатра, а потым усе ведалі яго як адваката. У майго бацькі была вялікая бібліятэка, якую ён апантана збіраў, і ў дзяцінстве я вельмі любіў, зачыніўшыся ў каморцы да раніцы, чытаць кнігі. Тады да мяне і прыйшла думка стаць кінарэжысёрам. Я вельмі хацеў экранізаваць тое, што прачытаў, каб і іншыя змаглі перажыць масу ўражанняў, якія перажыў я разам з галоўнымі героямі прачытаных твораў.



- Дзе Вы вучыліся на рэжысёра?



- Спачатку я вучыўся на філалагічным факультэце ў г. Грозным, а потым паступіў у Грузінскі дзяржаўны ўніверсітэт тэатра і кіно імя Шата Руставелі. Справа ў тым, што ў Чачні раней не было ніводнага прафесійнага рэжысёра, і напярэдадні першай вайны ў Тбілісі, па дамоўленасці з міністэрствам культуры Грузіі, былі накіраваны чатыры маладзёны, якія выказалі жаданне вучыцца на кінематаграфістаў. Узімку 1994 пачалася першая вайна, і ўсім чатыром прыйшлося вярнуцца ў Грозны. Аднавілі мы вучобу ўжо ў 1997, але вярнуліся ў Тбілісі толькі двое з першага набору, хоць да нас дадалі яшчэ трох новенькіх. Паспелі мы скончыць два курсы, і зноў пачалася вайна. Другі раз аднавіліся ўжо ў 2001 годзе…



Нашу групу для вучобы ў Тбілісі адбіраў вельмі таленавіты рэжысёр і кіраўнік групы “Нахі” Мімалт Салцаеў. Адбор праходзіў у галоўным корпусе Чачэна-Інгушскага універсітэта. Мы чыталі вершы, потым здавалі іспыты па акцёрскім майстэрстве. Цікава тое, што пад час маёй дэкламацыі Мімалт Салцаеў выказаў сваё незадавальненне. Маўляў, паэт пісаў твор не для таго, каб я яго так бяздушна прачытаў… Але каб вы бачылі здзіўленне майстра, калі ён даведаўся, што аўтарам быў сам дэкламатар!



У Грузінскім дзяржуніверсітэце тэатра і кіно намі апекаваўся таленавіты грузінскі рэжысёр Рамаз Хацівары, якога ўсе мы называлі батона Буба. Група была адзінай, дзе выкладалі на рускай мове.



Шкада, але не ўсе мы здолелі скончыць свае штудыі. Мой аднакурснік Алан пасля таго, як на радзіме забілі яго сям’ю, развітаўшыся з намі, спыніў вучобу. Калі ў Панкіскай цясніне з’явіўся атрад Хамзата Гелаева, ён сышоў на вайну і пакінуў гэты свет у адным з баёў… Іншы мой таварыш заняўся бізнэсам, яшчэ адзін з’ехаў як уцякач у Канаду і працуе там не па спецыяльнасці. Ён зняў там нават на свае грошы фільм, але, на вялікі жаль, ягоная стужка не мела будучыні. Трэці мой аднакурснік працуе зараз на расійскім тэлеканале РТР.



- Якімі былі Вашыя студэнцкія гады?



Жыццё наша ў Грузіі было як і ва ўсіх студэнтаў: часам галадалі і пілі разведзены з вадой цукар, а спалі то ў нашага майстра па акцёрскім майстэрстве, то на кватэры. У Грузінскім дзяржінстытуце да нас ставіліся добра, і імкнуліся дапамагчы як толькі маглі. Бывалі і неспадзяванкі. Напрыклад, я насіў адзін час бараду і грузінскую нацыянальную шапку, і шмат хто думаў, што я манах. Мясцовыя аплачвалі за мяне транспарт, а калі я ехаў на машыне, то нават гаішнікі паказвалі, каб мы праязджалі без праверкі дакументаў. Быў перыяд, калі Ахмед Закаеў, які ў той час быў міністрам культуры Ічкерыі, знайшоў для нас добрую стыпендыю. Магу сказаць, што нам тады стала значна лягчэй!



- Вы два разы спынялі сваю вучобу з-за вайны, а чым займаліся ў гэты суровы час?



- Пакуль не пачалася другая вайна, урад Ічкерыі планаваў зняць поўнаметражны фільм пра высяленне чачэнцаў і інгушоў у 1944 годзе. Наш майстар павінен быў быць рэжысёрам, а мы яго асістэнтамі, каб набрацца досведу. У той час бюджэт гэтага фільма быў 10 мільёнаў даляраў, але гэтаму праекту не наканавана было ажыццявіцца…



У перапынках паміж войнамі я быў у роднай хаце са сваёй сям’ёй. Калі бамбавалі, то мы начавалі ў склепе дзіцячага саду, але пасля аднаго з мінамётных абстрэлаў параніла бацьку. У лякарні я быў з ім побач…



- Мурад, у 2003 году ўпершыню аматары кіно паглядзелі “Маршо”. Што адбылося ў Вашым жыцці за гэты даволі працяглы перыяд?



- Пасля прэм’еры ў Тбілісі я паслаў свой фільм на розныя кінафестывалі. І быў амаль адразу запрошаны на некалькі дзясяткаў сур’езных мерапрыемстваў кінаіндустрыі ў Італіі, Іспаніі, Германіі… Самы першы кінафэст, які адабраў фільм і запрасіў мяне, праходзіў у швейцарскім Лакарна. “Маршо” адкрыў там паказ фільмаў пра правы чалавека. Потым мяне запрасілі на кінафэст “Маладосць” у Кіеве, дзе на некаторы час я застаўся працаваць. Мы з Дмытром Карчынскім і яго жонкай, якая была прадзюсарам на адным з украінскіх тэлеканалаў, збіраліся здымаць фільм пра ўкраінцаў, якія былі ў Чачні. Нават спачатку разам працавалі над сцэнарам, але ў нейкі момант Карчынскія раптам адмовіліся далей супрацоўнічаць.



Пакуль я быў ва Ўкраіне, пры падтрымцы майго таварыша, тэлежурналіста з тэлеканала “1+1”, змантаваў фільм “14 эпізодаў без каментароў”, які таксама быў адабраны на шматлікія фестывалі. Стужка атрымала адмысловы прыз у галіне правоў чалавека ў Аўстраліі і грамату Amnesty International у Амстэрдаме. У той час у мяне была яшчэ задумка зняць фільм “Грані”… Сцэнар фільма “Грані” апавядае пра ўкраінца, хоць гэта не прынцыпова, бо ён можа быць і беларус, які ў сілу акалічнасцяў трапляе ў пошуках брата ў Чачню падчас баявых дзеянняў. Гэта чалавек, які трапляе за грань, дзе дзейнічаюць іншыя законы, дзе смерць - штодзённая з’ява, дзе чалавек пазнае, што яго ўяўленні пра сваю асобу не адпавядаюць рэчаіснасці. У сцэнары ёсць абстрактныя сцэны сноў галоўнага героя, якія дапамагаюць зразумець яго ўнутраны свет.



Калі ж я зразумеў, што фільм «Грані» на мой новы сцэнар пакуль не атрымаецца зняць, то праз ААН пераехаў у Швецыю. Тут пры падтрымцы мясцовай кінакампаніі я зняў невялічкі дакументальны фільм «Другі шанец» пра жыццё імігрантаў у гэтай паўночнай краіне. Некалькі месяцаў я працаваў у мясцовай камуне, дапамагаючы адаптоўвацца вымушаным перасяленцам з СНД.



- Мурад, ці падзеліцеся з чытачамі сваімі творчымі задумамі?



У мяне шмат ідэй, якія я хацеў бы экранізаваць. Галоўным чынам яны закранаюць ісламскую тэматыку, а таксама гісторыю маёй радзімы. Гэта галоўным чынам гістарычныя праекты, але ёсць і на сучасную тэму. Асноўная частка гэтых праектаў мае пад сабой рэальную аснову. Файна было б зняць фільм пра руска-каўказскую вайну або штосьці з гісторыі Ісламу. Я думаю, што ў такіх стужках, акрамя самога відовішча, важная і іх пазнавальнасць. У пераважнай большасці для немусульман Іслам асацыюецца з тэрарызмам, адсталасцю, прыгнётам жанчын і іншым негатывам. Аднак, напрыклад, такія правы, якія мае мусульманка, не мае жанчына нідзе. Акрамя таго, Іслам у свой час даў магутны штуршок развіццю навукі і не толькі.



У дадзены момант можна сказаць, што ў мяне творчы застой, бо цяжка знайсці фінансаванне, калі ў цябе няма добрага прадзюсэра. Што да планаванай мной чачэнскай камедыі, то я меў зносіны па тэлефоне з Андрэем Канчалоўскім, і ён абяцаў знайсці фінансаванне. Задумка палягала ў тым, што сам ён будзе мастацкім кіраўніком, а я рэжысёрам. Мы некалькі разоў ператэлефаноўваліся, і Андрэй Сяргеевіч мусіў сустрэцца з паўпрадам у Паўднёвай федэральнай акрузе Дз. Казаком, але ў выніку ў яго не атрымалася…



Што тычыцца літаратурнай дзейнасці, то сваю кнігу я не стаў дапісваць таму, што гэта авангардны твор, які не нясе ў сабе якой-небудзь ідэі. Калі я прачытаў напісаныя ўрыўкі з кнігі свайму кінааператару з грузінскай кінастудыі, ён сказаў, што я Босх у прозе. Калі сурёзна, то працягваю пісаць вершы, чым займаюся з маленства.



- Кажучы пра творчасць, хацелася б даведацца, якому кіно Вы аддаяце перавагу? Як Вы ацэньваеце стан сучаснага кінематографа ў Грузіі, Расіі, Еўропе?



- Я аддаю перавагу рэалістычнаму кіно і гістарычнаму. Стан расейскага кіно даволі сумны. Я думаю, што сітуацыя нашмат горшая, чым у савецкі час, хоць ёсць і некаторыя пазітыўныя моманты. У цэлым жа кінематограф, я думаю, перажывае крызіс жанру. Каўказскі кінематограф мае патэнцыял, бо фактычна мала чаго знята пра багатую каўказскую гісторыю. Тут непачаты край таго, што можна апрацаваць для выбітнай кінастужкі. Але няма пакуль перспектывы зняць на Каўказе добры і касавы фільм… Кажучы ж пра сучасных кінамайстраў маёй радзімы, я б вылучыў Мімалта Салцаева, які вучыўся ў Ленінградзе ў майстэрні Таўстаногава. Хоць сітуацыя у рэспубліцы такая, што ён не можа цалкам рэалізаваць свой патэнцыял…



- Мурад, чытачам было б цікава даведацца, з якімі дзеячамі культуры ў Вас асацыюецца Беларусь?



- Адзначу, канешне, Васіля Уладзіміравіча Быкава, потым рэжысера Андрэя Смірнова, а таксама Ігара Дабралюбава.



- Ці даводзілася Вам сустракаць беларусаў, якія ваявалі на чачэнскім баку?



- Я не ведаю асабіста беларусаў якія ваявалі ў Чачні, але чуў, што яны ёсць. Гэта беларусы, што прынялі Іслам.



- Як Вы ахарактарызуеце тое, што цяпер адбываецца ў Чачні? Якая будучыня краіны?



- Што да будучыні Чачні, то думаю, што яна будзе залежаць ад таго, чым скончыцца супрацьстаянне, якое там працягваецца. Тое, што адбываецца цяпер на Паўночным Каўказе, я назваў бы поўным беззаконнем, дзе жыццё нічога не каштуе.



- І напрыканцы яшчэ адно пытанне. Што для Вас ёсць шчасце? Якая Ваша самая запаветная мара?



- Мая запаветная мара - пражыць жыцце ТАК, каб не было страшна паміраць.



Размаўляў Фарыд Беррашэд.








Мурад Мазаеў нарадзіўся ў горадзе Грозным. Скончыў 4 курсы Чачэнскага ўнівэрсытэту (аддзяленьне філялёгіі). Працаваў на Грозьненскім дзяржаўным тэлеканале. У 2003 годзе скончыў з адзнакай Міжнародны ўнівэрсытэт тэатра і кіно. Зьняў фільмы «Маршо», «14 эпізодаў без камэнтароў», «Джамааты» і «Другі шанец».



19 студзеня 2010

http://www.arche.by/

четверг, 19 ноября 2009 г.

Цьвікевіч А. Западно-руссизм. Нарысы з гісторыі грамадскай мысьлі на Беларусі ў XIX і пачатку XX в. Мн., 1993.

Сьцягнуць кнігу Цьвікевіч А. Западно-руссизм. Нарысы з гісторыі грамадскай мысьлі на Беларусі ў XIX і пачатку XX в. Мн., 1993.

Частка 1


Частка 2


Частка 3

НЬЮ-ЁРКЕР З МАГІЛЁЎСКІМІ КАРАНЯМІ: ДРАМАТУРГ ДАВІД ПІНСКІ

Калі Цэнтральна-Усходняя Еўропа толькі пачынала асэнсоўваць той уплыў, які аказала на яе развіццё індустрыяльная рэвалюцыя, габрэйскі драматург-ідышыст Давід Пінскі ўжо паказваў на сцэне драму пра гарадскіх пралетарыяў габрэйскага паходжаньня. Драматург ідэяў, ён першы ў габрэйскім тэатры стаў пісаць пра людзкую сэксуальнасць, дагэтуль табуяваную тэму ў юдэйскай культуры. Давід Пінскі праславіўся сярод ранніх драматургаў, пісаўшых на ідыш, у першую чаргу за свае моцныя сувязі з нямецкімі літаратурнымі традыцыямі.

Давід Пінскі нарадзіўся 5 сакавіка 1872 г. у Магілёве-на-Дняпры. “Мая маці любіла кветкі і расліны, - згадваў драматург у сваіх мемуарах, - і нашая хата ў Магілёве-на-Дняпры была сапраўднай аранжарэяй". Менавіта ў Беларусі Давід Пінскі адчуў сябе паэтам , талент якога стаў праяўляцца ў будучага майстра слова яшчэ ў дзяцінстве.

У 12 гадоў, у 1884 годзе, Давід па патрабаванню старэйшых сябрукоў напісаў сваю першую п’есу. У яго дэбютны твор увайшлі песні з габрэйскага рэпертуару. Сябры Давіда прэзентавалі музычны твор у хаце яго бабулі.

Малыя артысты ўвялі плату за ўваход , вялікая гасціная бабулінай хаты была сцэнай, а пярэдні пакой – месцам для гледачоў. Шырокія дзверы між двума пакоямі былі завешаныя прасцінай, якая выконвала ролю тэатральнай заслоны. На парозе між пакоямі знаходзілася суфлёрская будка – суфлёрам быў сам Пінскі. У выніку, шоў атрымалася на славу і надала ўпэўненасці маленькаму Давіду ў сваіх здольнасцях.

ў 1885 г. Давід разам са сваімі бацькамі з Магілёва пераехаў жыць у Маскву. Пазней сямейства Пінскіх пражывала ў Віцебску, адкуль у 1891 г. будучая знакамітасць паедзе ў Вену вывучаць медыцыну. Вучоба Давіда ў Аўстрыі працягвалася толькі год, бо ў 1892 г. ён вяртаецца ў Віцебск, каб дапамагчы сваім бацькам, збанкрутавалым у выніку царскай палітыкі выгнання габрэяў з расейскіх гарадоў.

Давід Пінскі справа

У хуткім часе Пінскія выехалі на сталае жыхарства ў Варшаву, дзе малады чалавек цалкам прысвяціў сябе габрэйскамоўнай літаратуры.

Пасля прыбыцця ў Варшаву, Пінскі зноў едзе вучыцца ў Венскі універсітэт, але неўзабаве вяртаецца ў новы дом у Варшаве, дзе набывае славу пісьменніка і прыхільніка рабочага сіянізму. Менавіта ў венскі перыяд свайго жыцця Давід Пінскі піша сваё знамянальнае апавяданне "Der Groisser Menshenfreint" ("Выбітны філантроп").

У 1896 г. Давід Пінскі выязджае з Варшавы, перасяляючыся з Расейскай імперыі ў Берлін, а ў 1899 г. неўтаймаваны магілёвец пераязджае ўжо за акіян, у горад магчымасцяў Нью-Ёрк.

У 1904 Давід Пінскі нават амаль атрымаў доктарскую ступень у Калумбійскім універсітэце, але з-за таго, што прэм’ера яго п’есы “Сямейства Цві” была заплавнавана на той жа самы дзень, што і абарона доктарскай, Пінскі не здолеў прыйсці на іспыт. Так Пінскі згубіў сваю магчымасць стаць навукоўцам, выбраўшы творчасць.

Яго натуралістычная трагедыя Ісаак Шэфтэль (1899) распавядае нам пра выдатнага вынаходніка, ткача з залатымі рукамі, кім пагарджае, актыўна эксплуатуючы яго вынаходніцтвы, гаспадар прадпрыемства. У рэшце рэшт, ткач разбівае вынайдзеныя ім машыны і паволі апускаецца, заліваючы штодня свае гора. Як і многія цэнтральныя персанажы Пінскага, Ісаак Шэфтэль з’яўляецца нечым іншым, чым традыцыйны герой ці нават традыцыйны трагічны герой.

Яго чорная камедыя Скарб, напісаная на ідыш у 1902-1906, але ўпершыню пастаўленая ў Нямеччыне Максам Райнхардам (Берлін, 1910), распавядае пра паслядоўнасць падзей ў якой жыхары мястэчка раскопваюць і апаганьваюць уласныя могілкі ў надзеі адшукаць скарб нібы закапаны дзесьці сярод памерлых. Багатыя і бедныя, свецкія і рэлігійныя, усе прымаюць удзел у шаленстве; звышнатуральная кульмінацыя ўключае душы памерлых, патурбаваныя разбурэннямі.

П’еса Сямейства Цві (1904), напісаная неўзабаве пасля Кішынёўскага пагрому, зяўляецца заклікам для габрэяў да актыўнага супраціву гвалтаўнікам. У гэтай трагедыі розныя габрэі – рэлігійныя фанатыкі, бундавец, сіяніст, а таксама расчараваны асіміліцыяніст – супраціўляюцца нападу рознымі сродкамі, а таксама пад рознымі сцягамі, але, пры гэтым, змагаюцца ўсе і разам. Тэксты забароненай ў Расеі п’есы цыркулявалі тут нелегальна. Былі і спробы яе таемнай аматарскай пастаноўкі.

П’еса Янкель Каваль (1906) распачала новую эпоху шчырасці ў габрэйскім тэатры, якая закранала пытанне сэксуальнасці. Хаця габрэйскі тэатр быў больш адкрыты да падобных тэмаў, чым англамоўны тэатр той жа эры, тым не меньш, ён карыстаўся пераважна творамі, перакладзенымі з розных еўрапейскіх моваў. Галоўныя героі гэтай п’есы вымушаны балансаваць між сваімі сем’ямі і палкім каханнем. У канечным выпадку, абодва вяртаюцца да сваіх законных спадарожнікаў жыцця. У 1938 г. паводле п’есы быў зняты фільм вядомы як Каваль, які спявае з Мойшэ Ойшэрам у галоўнай ролі. Акрамя таго, п’есу ў сваю чаргу адаптаваў Кэрэд О’Брайен , якая ў ангельскім варыянце стала Джэйкам Майстравым.

Давід Пінскі працягнуў разглядаць падобныя тэмы ў серыі такіх твораў як Габры і жанчыны (1908), Марыя Магдалена (1910), і Прафэсар Брэнэр (1911). Апошні твор апісвае каханне старога да маладой дзяўчыны, зноў перакрэсліваючы габрэйскія тэатральныя традыцыі, бо падобныя стасункі заўжды лічыліся дапушчальнымі ў спланаваных з-за экнамічных ці якіх іншых цяжкасцяў шлюбах, застаючыся пры гэтым сацыяльна табуяванымі.

У канечны перыяд Другога храму Давід Пінскі ставіць на сцэне месіянскую трагедыю ў адным акце Вечны жыд (1906). Задума Пінскага пялягала ў тым, што ў той самы дзень, калі рухнуў Другі храм, нарадзіўся месія, на пошукі якога адпраўляецца прарок. У 1918 г. у Маскве Вечны жыд стаўся самай першай п’есай, пастаўленай на сцэне Хабімы, а цяпер Нацыянальнага тэатру Ізраіля.

Акцэнты ў творчасці Пінскага змяніліся разам са з’яўленнем вельмі алегарычнай п’есы Альпіністы (1912), у якой гара сімвалізуе само жыццё чалавека.

У час Другой сусветнай вайны Пінскі шмат пісаў, у асноўным на біблейскія тэмы, але, пры гэтым, закранаў і ранейшыя тэмы. У гэты час Пінскі таксама займаецца сваімі галоўнымі раманамі Арнольд Левенберг: раздвойванне асобы (1919) і Дом Ноя Эдона (апублікавана ў 1929).

В 1949 Давід Пінскі эміграваў у Ізраіль. У ізраільскі этап свайго жыцця Пінскі напісаў п’есу пра Самсона і твор пра Цара Саула. Гэты перыяд у гісторыі габрэйскага тэатру адзначыўся амаль поўным выцісканнем ідышу са сцэны, таму апошнія п’есы славутага ўраджэнца Магілёва на сцэне не ўвасабляліся.

Давід Пінскі – гэта яшчэ адно напаўзабытае імя славутых ураджэнцаў Магілёўшчыны

пятница, 6 ноября 2009 г.

понедельник, 2 ноября 2009 г.

Біблія беларускага нацыяналізму або жахлівы сон Зігмаса Зінкявічуса

26 кастрычніка 2009 г. ў Менску адбылася прэзентацыя новай кнігі выдатнага беларускага гісторыка і грамадскага дзеяча Алега Трусава «Невядомая нам краіна: Беларусь у яе этнаграфічных межах». Кніга, літаральна праз некалькі дзён пасля з’яўлення ў свабодным продажы стала рарытэтам, бо тэма беларускіх этнічных межаў заўжды цікавіла і будзе цікавіць усіх нацыянальна арыентаваных грамадзян нашай краіны.

Алега Трусаў у сваёй кнізе закранае даволі небяспечную для навукова-публіцыстычнай літаратуры тэму “спрэчных зямель”, бо любы даследчык, а тым больш нацыянальны дзеяч, разглядаючы “свае” землі, амаль не здольны пазбегчы аксіялагізацыі праблемы. Гэтая тэма заўжды будзе выклікаць дыскусіі інтэлектуалаў, і яны заўжды будуць губляць свой акадэмічны характар, перарастаючы ў “гістарыяграфічныя войны” і асабістую непрыязнасць.

Любы паспаліты жыхар, мала мальскі знаёмы з тэорыяй (-мі) нацыяналізму, добра ведае, што ў сістэме этнатызму гістарычныя міфы, якія грунтуюцца на аснове свядомай гераізацыі былога, мабілізуюць этнічную свядомасць прадстаўнікоў таго ці іншага народу. Прычым не асабліва істотным з’яўляецца той факт ці сапраўды “гістарычным” з’яўляецца народ, бо сімвалы велічы можна адшукаць і ў гераічным вызвольным паўстанні былых часоў, і ў асобе выбітнага земляка, і нават у суседзяў, адаптаваўшы іх “сімвалы” да роднай глебы.

Нацыянальныя дзяржавы, мабілізуючы ўласнае насельніцтва на “пастаянны плебісцыт”, заўжды будуць стымуляваць цікавасць сваіх грамадзянаў да “свайго жыццёвага арэалу”, “сваіх спрадвечных тэрыторыяў”, не звяртаючы ўвагу на тое, што этнічныя тэрыторыі, займаемыя тым ці іншым народам, схільныя да дынамізму. Этнічныя межы з’яўляюцца адным з найважнешых крытэраў этнічнай ідэнтыфікацыі, таму літаратура, іх разглядаючая ці пераглядаючая, заўжды будзе запатрабавана аўдыторыяй.

Апошнюю кнігу Алега Трусава, не пабаюся такога параўнання, можна назваць Бібліяй беларускага нацыяналізму, бо кожны чалавек, які лічыць сябе беларускім патрыётам, проста абавязаны яе прачытаць і мець у асабістым кнігазборы.

Анталогія беларускага нацыяналізму сапраўды была б без працы пана Алега Трусава няпоўнай, хоць аўтар і не з’яўляецца ў апісанай тэме “згубленых зямель” першапраходцам.


Ці беларускія землі разглядаюцца ў кнізе Трусава?


Амаль адразу пасля выдання кнігі Алесь Чайчыц па-свойму адрэагаваў на неадназначнасць тэмы даследавання, усумніўшыся ў беларускай прыналежнасці апісаных у кнізе Трусава земляў і дзяржаўных утварэнняў. Сапраўды, якія ж крытэры дазволілі аўтару залічыць ў лік “нашых” і Цвер, і Вільню, і Беласток з ваколіцамі, і Пскоўшчыну ды іншыя абшары – усё тое, што пільна ахоўваецца сучаснымі кардонамі, акадэмічнымі інстытуцыямі і войскамі суседніх дзяржаў?

На старонцы 56 гісторык па-прымардыялісцку піша: “… у XII – XIII стст. Смаленскае княства становіцца адной з найбуйнейшых культурных земляў сярод іншых старабеларускіх княстваў” – то бок тыя дзяржаўныя ўтварэнні, якія былі ўтвораны крывічамі, адназначна залічаюцца аўтарам да “старабеларускіх”. Тым не менш, расейскія апаненты гісторыка змогуць без цяжкасцяў давесці, што тыя ж самыя крывічы былі субстратам і вялікарускага этнасу. Чаму ж яны, заснавальнікі Смаленскага княства, адназначна залічаюцца аўтарам у беларусы?

Увогуле, можна заўважыць, што Алег Трусаў вызначае прыналежнасць насельніцтва “закардоннай Беларусі” па этнаграфічных маркерах, што апрыёры ставіць пад сумніў усе сцвярджэнні аўтара наконт беларускасці разглядаемых ім зямель і палітычных адзінак.

“Спачатку 20 ліпеня 1920 г. быў падпісаны дагавор з Літвой, паводле якой Вільня і значная частка былой Віленскай губерні, населенай беларусамі (курсіў мой - Pchala), перадаваліся Літве”, - згодна пану Трусаву Віленшчына была населена беларусамі. Пры гэтым, сваю выснову гісторык падмацоўвае нямецкімі і рускімі дыялекталагічнымі картамі 19-20 ст., на якіх “…Вільня і Беласток паказаны як беларускія гарады” (с.109).

Увогуле, з працаў замежных даследчыкаў нам вядома, што запознены ўсходнееўрапейскі нацыяналізм здаўна аперуе “аб’ектыўнымі” этнаграфічнымі прыкметамі, якія дазваляюць яму на аснове лінгвістычных, да прыкладу, мапаў выяўляць прэтэнзіі на памежнае насельніцтва.

Але ж такі падыход, здаецца, можа толькі “акадэмічна” падмацоўваць вядомыя геапалітычныя прэтэнзіі, і не больш за тое. Возьмем хоць бы працы сучасных літоўскіх, польскіх, расейскіх, украінскіх ці беларускіх даследчыкаў па лінгвістыцы. Згодна ім, той жа самы Віленскі край фактычна не паддаецца адназначнай этнаграфічнай інтэрпрытацыі. На ўсе карты, якія прапануе паспалітым чытачам у сваёй кнізе Алег Трусаў, літоўскія даследчыкі прывядуць яшчэ большы стос картаграфічных, лінгвістычных, гістарычных і антрапалагічных матэрыялаў.

Праілюструю папулярна сваю думку на канкрэтным прыкладзе. У раздзеле “Надбужская краіна” аўтар услед за Аркадзем Смолічам залічае ўсю Беласточчыну, Бельшчыну і Берасцейшчыну да спрадвечных беларускіх зямель. А цяпер прасочым, што думаюць на гэты конт сучасныя украінскія даследчыкі. З-за браку часу адашлю чытачоў да шэрагу артыкулаў.

Нібыта ўсе кампаненты, якія вызначаюць прыналежнаць насельнікаў Бельску ці Кобрына да ўкраінцаў, прысутнічаюць. Па-першае, гаворкі тубыльцаў у працах аўтарытэтных лінгвістаў, у тым ліку ўлюбленага свядомымі беларусамі Я.Карскага, вызначаюцца як украінскія; па-другое, на Берасцейшчыне і паўднёвай Беласточчыне свядомыя ўкраінцы (сярод іх нават пісьменнікі) налічвалі не адзін дзясятак чалавек; да таго ж, украінцы на гэтых “тэрэнах” мелі свае палітычнае жыццё, свае школы, і нават сваю вайсковую арганізацыю.

Відавочна, што, так бы мовіць, “этнаграфічная стратэгія” беларускага аўтара выкарыстоўваецца з лёгкасцю і яго ўкраінскімі калегамі, толькі вось высновы датычна прыналежнасці гэтага краю робяцца адрозныя.

Якую выснову можна зрабіць з усяго вышэй сказанага? Праблема прыналежнасці згаданых ў кнізе пана Трусава зямель і дзяржаўных утварэнняў мусіць быць перанесена з гнасеалогіі ў сацыяльна-палітычны дыскурс. Адносіцца да цікавячых нас памежных земляў можна, на маю думку, выключна па-рэлятывісцку, бо кожная праўда, а, у нашым выпадку, нацыянальны праект, мае права на жыццё. І прафесар Кандрацюк, і Зігмас Зінкявічус, і Алег Трусаў - усе па-свойму правы, бо нашае спрэчнае памежжа з’яўляецца зонай змяшанага этнагенэзу. Доказам таму хай будзе “феномен Іваноўскага” і сотні падобных прыкладаў, калі ў адной сям’і мы знойдзем і паляка, і літоўца, і беларуса. З гэтых прычын я вітаю з’яўленне цудоўнай кнігі пана Алега, якая, нажаль, выйшла пазней за суседскія. Гэтую кнігу мы ўсе чакалі даўно, бо гэтыя землі, гэтыя старажытныя і славутыя княствы, гэтыя гарады – таксама нашыя!


Будучыня нашых крэсаў


Памежныя землі – гэта настолькі складаны этнакультурны рэгіён, што перацягнуць на сябе коўдру таму ці іншаму народу наўрад ці ўдасца без супрацьдзеяння суседзяў. Пакуль існуюць літоўская, беларуская, расейская і іншыя суседнія дзяржавы, а, значыцца, нацыянальныя праекты, дагэтуль будуць з’яўляцца падобныя працы, карты з “часова акупаванымі землямі” і тым падобныя нацыяналістычныя наборы.

Не ўсё яшчэ згублена – менавіта такая ідэя прасочваецца ў разглядаемай кнізе. “Зразумела, што сёння межы ў Еўропе недатыкальныя”, - падсумоўвае пан Трусаў. Але ўжо праз пару радкоў супакойвае нацыянал-радыкальную публіку, бо “… гісторыя сведчыць, што нічога нязменнага няма. У тым ліку і межаў” (с. 118).

Якім чынам старшыня ТБМ прапануе замацавацца на беларускіх крэсах? Натуральна, інтэлегентна і мірна або шляхам уваходжання ў Еўрапейскі Саюз. Папулярная, прынамсі, сярод беларускіх “адраджэнцаў” думка, якая мае на ўвазе і адпаведную нацыянальную праграму дзеянняў.

Ці абмяжуюцца беларусы толькі бязвізавым наведваннем сваіх святыняў, калі Беларусь увойдзе ў ЕС? Наўрад ці. Аўтар пра гэта не піша, але, думаецца, добра ўсведамляе. Як усе паважаючыя сябе нацыяналісты Цэнтральна-Усходняй Еўропы, беларускія “свядомыя” немінуча паспрабуюць скарыстацца адсутнасцю калючага дроту. Пытанне застаецца толькі ў тым ці па сілах будзе менчукам і гарадзенцам даць адпор расейскаму, латвійскаму, украінскаму, польскаму ці літоўскаму нацыянальным праектам, якія замацаваліся на крэсах раней за наш ці яшчэ збіраюцца замацавацца.

“Если бы в Беларуси произошел какой-то ренессанс, духовное возрождение, то и она стала бы привлекательной для этих людей (“тутэйшых” - Pchala), но на сегодня ассоциировать себя с Беларусью немодно”, - выказваецца наконт будучыні беларускамоўных тубыльцаў Віленшчыны Сяргей Харэўскі.

Вымушаны пагадзіцца з высновай культуролага, хоць якія-небудзь прагнозы рабіць не бяруся. Па-мойму, пакуль беларусы з мітраполіі добра не ўсвядомяць, што яны з’яўляюцца не расейцамі са знакам якасці, а самадастатковым народам, а ўсё беларускае можа быць такім жа прасунутым, як, напрыклад, польскае, дагэтуль пра беларусізацыю Смаленшчыны ці Віленшчыны можна забыць.