вторник, 1 сентября 2009 г.

У Польшчы выйшла кніга пра беларускія гаворкі Латвіі


Манаграфія “Gwary białoruskie na Łotwie w rejonie krasławskim”(“Беларускія гаворкі ў Краслаўскім раёне Латвіі”) зьяўляецца першым дасьледаваньнем польскага мовазнаўцы Міраслава Янковяка ў заплянаванай сэрыі кніжак аб беларускай мове за межамі Беларусі ( Смаленшчына, Чарнігаўшчына, Віленшчына і Беласточчына). Да гэтага часу кніга зьяўляецца адзінай надрукаванай манаграфіяй пра беларускую мову ў Латвіі.


Асноўны раён, дзе аўтар манаграфіі праводзіў сваё дасьледаваньне, гэта паўднёва-ўсходняя частка Латгаліі. У кнізе Міраслаў Янковяк закранае шэраг агульна-гістарычных асьпэктаў: дзеі беларуска-латвійскага памежжа з пункту гледжаньня функцыянаваньня моваў і кантактаў між народамі, самасьвядомасьць тутэйшых беларусаў, моўную палітыку ўладаў. Аўтарам разглядаюцца сацыялягічныя аспэкты функцыянаваньня беларускіх гаворак, іх мейсца ў розных сфэрах жыцьця на тле іншых рэгіянальных моваў. Апошні разьдзел кнігі характарызуе сыстэму беларускіх гаворак Латвіі (элемэнты фанэтыкі, флексіі, лексікі і інш.), а таксама ўзаемааўплывы беларушчыны й суседніх моваў: расейскай, польскай, латвійскай. Кніга добра ілюстравана аўтарскімі фотаздымкамі, мапамі й тэкставымі прыкладамі гаворак.


Кнігу можна замовіць праз Інтэрнэт-краму. Кантактны e-mail : mirek.jankowiak@interia.pl