вторник, 25 января 2011 г.

Амэрыканскі прафэсар з Круглага: Гары Шульман

У 1930 г. наш зямляк Гары Шульман стаў прафэсарам Ельскай школы права, а ўжо праз дваццаць зь лішкам год заняў пасаду дэкана гэтай сусьветна вядомай навучальнай установы.

Будучы дэкан Шульман нарадзіўся ў Круглым Магілёўскай губерні, тады маленькім мястэчку Расейскай імпэрыі, у 1903 г. у сям’і Сымон Шульмана і Цылі Клябанавай. У 1912 г. Гары разам з бацькамі, ратуючыся ад набіраючага размах уціску габрэяў, эміграваў у Злучаныя Штаты, дзе ў 1923 атрымаў ступень бакалаўра гуманітарных навук Унівэрсытэта Браўна. Праз тры гады здольны малады чалавек абараніў дыплом бакалаўра права, а яшчэ праз год, у 1927, стаў насіць ганаровае імя доктара юрыдычных навук. Выдатны пачатак для сына эмігрантаў зь Беларусі!

Пасля непрацяглай прыватнай юрыдычнай практыкі ў Нью-Ёрку, доктар Шульман стаў сакратаром вядомага ў тыя часы суддзі Луіса Дэмбіца, але на гэтым амбіцыі маладзёна не вычарпаліся. Ужо ў 1930 г. здольны юрыст заступіў на пасаду выкладчыка ніжэйшага рангу сваёй альма-матэр – Ельскай школы права – куды мэтанакіравана імкнуўся патрапіць.

Навуковыя зацікаўленьні доктара Гары Шульмана тычыліся грамадзянскіх правапарушэньняў, адміністратыўнага права, а таксама працоўных кантрактаў. Яго вядомая лекцыя “Матывы, кантракт і права ў працоўных адносінах” цытавалася ў юрыдычных працах сотні разоў.

У 1941 Гары Шульман скончыў сваю “праграму мінімум” – работу, якая тычылася Камісіі генеральнага пракурора па адміністратыўных працэдурах. Па словах сучасьнікаў, гэтая праца стала адным з рухавікоў сучаснай эвалюцыі адміністратыўнага права.

Лічыцца, што Шульман быў адным з самых уплывовых людзей у гісторыі амэрыканскага працоўнага арбітражу. Яго “самым выбітным вынаходніцтвам”, - згадваў Юджыну Ростоў, – “было зацьвярджэньне рэгулярных працэдураў выкананьня палажэньняў працоўных кантрактаў.

Але нашага земляка нельга абвінаваціць ў выключна габінэтна-тэарэтычнай дзейнасьці. Акрамя навукова-дасьледчай працы, Пазьней Шульман шмат год працаваў трацейскім судзьдзём, разьбіраючы цяжбы між Ford Motor Company і прафсаюзам United Automobile Workers. Яго кніга 1949 г. “Спрэчныя пытаньні ў працоўных адносінах”, якую ён напісаў разам з вядомым эканамістам, стала першым выданьнем аб арбітражы паміж прадпрымальнікамі і прафзьвязамі. Пры сваім функцыянальным падыходзе ў духу праварэалісцкай традыцыі, кніга была наватарскі разьбіта па тыпах спрэчак, якія маглі узьнікнуць цягам дзеяньня працоўных кантрактаў.

Шульман быў вядомы як трацейскі суддзя са спакойным характарам, здаровым сэнсам, выдатным пачуцьцём гумару і выключным аўтарытэтам. Выбітны юрыст быў часовым сябрам праўленьня Нацыянальнай адміністрацыі узнаўленьня, і, у сваю чаргу, асацыяваным сябрам Нацыянальнай рады па вырашэньні працоўных канфліктаў у ваенны час. Акрамя таго, Гары Шульман узначальваў экспэртную групу па заробках працоўных пад час страйку 1952 г.

У 1952 г. Шульман дапамагаў вынесьці трацейскае рашэньне у час справы працаўнікоў авіяцыйнай індустрыі, вынікам чаго стала павышэньне заробкаў на 14 цэнтаў. У час Карэйскай вайны веды Шульмана зноў запатрабаваліся – яго паклікалі кансультантам у Камітэт па стабілізацыі заробкаў.Добра вядома, што шматлікія канфлікты, якія разьбіраў Шульман, насілі гвалтоўны характар, але яго высокі прафэсыяналізм станавіўся той ніткай, якая разьвязвала клубок супярэчнасьцяў.

Перад самай сьмерцю, у ліпені 1954, наш зямляк быў прызначаны дэканам Ельскай школы права, стаўшы, мабыць, самым вядомым ураджэнцам Круглага за ўсю яго гісторыю.У 1955 дэкан Гары Шульман памёр ад раку, а ў тым самым годзе быў зацьверджаны стыпэндыяльны фонд у яго гонар, у 1957 – навукова-дасьледчы фонд, а ў 1963 - адмысловы бібліятэчны фонд.

Хто ведае, як бы склаўся лёс Гарыка Шульмана як бы яго бацькі не пакінулі сваёй радзімы. Але чамусьці здаецца, што такіх вышыняў яму наўрад ці давялося б скарыць…