воскресенье, 30 августа 2009 г.

"Waffen Kamaedzica"

Натрапіў на цікавы пост аднаго знаёмага пра інтэрв'ю гурту "Камаедзіца". Сапраўды хлопцы "шэдэўральна" адрэфлексавалі зачытанага да дзіраў Дэвіда Лэйна.
Параўнай: "...оставшиеся в живых Белые безнадежно интегрированы в современное общество – машину нашего убийства, запуганы, обмануты, связаны семейными узами с цветными недочеловеками и быстро вытесняются шестимиллиардными ордами дикарей. Как этнический организм, способный к выживанию, Белая Раса более не существует. Те немногие из нас, кто сопротивляется геноциду Нашего Народа, похожи на несколько живых клеток в теле мертвого человека. (Д.Лэйн)
"Мы признаём только истинный Национал-Социализм – расовое язычество! Никаких компромиссов, дискуссий, уступок.Система убивает и сажает в тюрьмы лучших соратников. Таковы будни на этой войне. Месть будет; не остановят ни детский плач, ни слёзы вдов и матерей. Те, кто сегодня идут против Национал-Социалистов, завтра будут с изрешечёнными телами.Врагам, предателям, обывателям – верёвка!Современным “ценностям” – руины!Системе – конец!" ("Камаедзіца").
Цікава, чым зьбіраюцца "ратаваць ад каляровых" нашу краіну музыкі? Грыфамі ад гітараў ці гролам? Прапаную грамадскасьць уважліва сачыць за разьвіцьцём падзеяў. Калі аднойчы зьявяцца навіны пра лінчаваньне мурынаў ля інтэрнату БДУ № 5 або адбудзецца штурм магілёўскай Чапаеўкі, то ведайце - гэта справа герояў нябачнага фронту, самаадданых змагароў зь няправільнага колеру скурай і генам 'ADH2-2' гурту "Камаедзіца".

Ці патрэбна нам Беларуская Смаленшчына?

На сённяшні дзень беларуская меншасць у Польшчы мае той мінімальны набор умоў, якія мусяць спрыяць яе развіццю. Ужыванне роднай мовы для пазначэння тапаграфічнай інфармацыі і ўласных назваў, свой друк і навучанне, – тыя чыннікі, якія вызначаюць “еўрапейскі” падыход да абароны правоў нацыянальных і этнічных меншасцяў.
Ці дапамогуць гэтыя меры беластоцкім беларусам захавацца ў якасці асобнай нацыянальнасці, а не “праваслаўных палякаў” – іншае пытанне. Разважаць тут можна колькі заўгодна і толькі гіпатэтычна. Па словах варшаўскага лінгвіста Міраслава Янковяка, знаёмага аўтара гэтых радкоў, моўная сітуацыя на Беласточчыне пакуль не можа цешыць: усё менш і менш носьбітаў мовы, усё больш і больш пальшчызны ў паўсядзённай гаворцы. У нумары “Нівы” ад 19 ліпеня, нібы ў дакор беларусам, падаецца матэрыял пра ўвядзенне падвоеных назваў у Пунску – “тутэйшыя” паводзяць сябе рыхтык як пры жыцці нябожчыка Мікалая ІІ Раманава. Што будзе, калі тубыльцы стануць цалкам польскамоўнымі? Ці здолее праваслаўная царква кансалідаваць насельніцтва вакол сваёй нацыянальнасці? Або можа беларусы пойдуць шляхам амаль згубіўшых сваю рэліктавую мову іспанскіх баскаў, самасвядомасці якіх можна толькі пазайздросціць? Хочацца верыць, што беластоцкая моладзь, якая з’язджае з вёсак у гарады, не зрачэцца сваіх каранёў.
Самы благі канец, які б можна было ўявіць для Беласточчыны, добра адлюстроўваецца на прыкладзе паўднёва-заходняй часткі Смаленскага краю, або Беларускай Смаленшчыны, насельніцтва якой яшчэ на пачатку ХХ ст. нічым не адрознівалася ад сваіх суседзяў з Магілёўшчыны і Віцебшчыны. Смаленчукі з 1514 г., з невялікім перапынкам, знаходзіліся ў складзе чужога дзяржаўнага арганізму – Расіі. Нават калі геасацыёрная мяжа “турмы народаў” пасунулася ў 1772-1795 гг. на захад, насельнікі паўднёва-заходняй Смаленшчыны заставаліся ў этнічных адносінах беларусамі. “Беларусамі” не ў сэнсе нацыянальным, а выключна этнаграфічным.
Акружаныя вялікарускай аднавернай большасцю, тутэйшыя вяскоўцы у сваёй “беларускасці” маглі абаперціся толькі на мясцовыя дыялекты і традыцыйную культуру, якія, натуральна, у гэтым ім слаба дапамагалі. Як на поўдні Беласточчыны ўкраінскія моўныя рысы не адыгралі вызначальнай ролі ў канструяванні украінскай нацыянальнай свядомасці мясцовых сялян, так і беларускія этнічныя маркеры Смаленшчыны не спрыялі краёвай “беларусізацыі”. У сувязі з гэтым цікава прывесці сведчанні вядомага лінгвіста Паўла Растаргуева, які сцвярджаў, што яшчэ ў дарэвалюцыйны час смаленскімі сялянамі выказваліся патрабаванні да настаўнікаў, каб яны звярталі ўвагу і сачылі за мовай вучняў, прывіваючы ім “маскоўскае” вымаўленне.
У 1920-я гг., пад час савецкай “каранізацыі” – палітыцы ўрада РСФСР па пераводзе на родную мову дзяржаўных устаноў “нацменскіх” раёнаў сітуацыя практычна не змянілася. Наадварот, асіміляцыя ахапіла большую колькасць людзей. Да прыкладу, у справаздачы 1932 года па беларусізацыі ў Манастыршчынскім раёне Смаленскай губерні адзначалася, што “… каранізацыя школ за 5 год адчувальных вынікаў не дала, бо мова мясцовага насельніцтва не з’яўляецца беларускай, а нечым сярэднім”. Сухія радкі дакументаў тых дзён малююць нам даволі сумную карціну смаленскай беларушчыны: “... беларускае насельніцтва, у большасці сваёй, ставіцца да мовы індыферэнтна. Бываюць выпадкі актыўнага процідзеяння арганізацыі школ на роднай мове”.
Як ні дзіўна, у міжваенны перыяд на паўднёвым захадзе Смаленшчыны назіраліся і кволыя парасткі нацыянальнай свядомасці. Пасля ўзбуйнення Беларусі ў 1924 годзе, прыпісаныя да Смаленскай губерні РСФСР жыхары, адсылалі прашэнні ва ўрад БССР аб далучэнні іх вёсак да Беларусі. Так зрабіла насельніцтва вёсак Вялікі Рай, Малы Рай і Свірыдаўка Бахоцкай воласці, жыхары Аслянскай воласці і іншых раёнаў Смаленскай губерні.
Размежаванне прывяло да штучнага падзелу тэрытарыяльна-адміністрацыйных адзінак, а людзі апынуліся ў нязручнай для гаспадарання і жыцця сітуацыі – тут і трэба шукаць, бадай, асноўную прычыну ўсплёску “нацыянальнай свядомасці” заходніх смаленчукоў. Як на паваеннай Беласточчыне просты селянін гатовы быў запісацца мала не ў юдэі, каб толькі пазбегнуць сталінскага калгаснага раю, так і жыхары смаленска-магілёўскага памежжа аператыўна парабіліся беларусамі абы не езьдзіць далей за Мсціслаў да лекара. Варта падкрэсліць і вышэйшы узровень жыцця ў БССР, бо, напрыклад, на той час стаўкі заработнай платы для 1 разраду ў Смаленскай губерні раўняліся 4 рублям, а ў суседніх паветах Беларусі – 7 рублям.
Не трэба забывацца і на прысутнасць у губерні нацыянальнай беларускай інтэлігенцыі, як мясцовай, так і прыезджай з БССР. Вядома, што сярод студэнтаў Беларускага зямляцтва ў Смаленску, якое дзейнічала ў 1920-я гг., ураджэнцы Смаленскай губерні складалі каля 20% ад ліку ўсіх яго членаў. Студэнты займаліся беларускай культурна-асветнай працай не толькі сярод сваіх членаў, але і ў вёсках губерні, прапагандуючы пераход людзей на беларускую мову. Савет па асвеце беларусаў пры мясцовай адміністрацыі, Беларуская секцыя Смаленскага аддзела народнай адукацыі і беларускія школы губерні гартавалі Смаленшчыне нацыянальна свядомыя кадры. Асветная праца дала свой плён і былі прыклады, калі навучэнцы ахвотна займаліся на беларускай мове, а беларуская школа мела аўтарытэт. Праўда, такіх навучальных устаноў было ў параўнанні з іншымі мала.
У 1920-я гады Смаленшчына падаравала Беларусі і трох таленавітых і самабытных літаратараў. Першы – Зміцер Астапенка – быў ураджэнцам вёскі Калеснікі (Хіславіцкі раён Смаленскай вобласці) і напісаў першы беларускі навукова-фантастычны раман “Вызваленне сіл”. Загінуўшы заўчасна ў сталінскіх вязніцах Сяргей Фамін быў прадстаўніком Манастыршыны. Тыповы маладняковец, Фамін спяваў гімн Кастрычніку, барацьбе новага са старым, радасці маладосці. Імя Спірыдона Міхальцова, ён жа Воцьлахім, для Максіма Гарэцкага сведчыла аб тым, што “...беларусізацыя зрабіла значныя крокі, а беларуская культура ... прыцягвае і людзей узгадаваных на іншых культурах, але звязаных з Беларуссю”. Сам пісьменнік быў з Дарагабужскага павета і вельмі добра авалодаў беларускай літаратурнай мовай, пішучы ёю апавяданні.
У 1930-я гг. палітыцы беларусізацыі паўднёва-заходняй Смаленшчыны прыйшоў канец, а яе актывісты зніклі ў шматлікіх ямах прыгарадных лесамасіваў. Дзе цяпер тая Беларуская Смаленшчына? Яна дажывае свой век разам з сівымі бабулькамі, якія сядзяць самотна пад каравымі таполямі, паабапал клятых яшчэ немцамі няроўных дарог. Сам тэрмін “Беларуская Смаленшчына” ў расійскім друку даўно не ўжываецца, і толькі ў самых аб’ектыўных працах сучасных расійскіх даследчыкаў можна прачытаць, што “в целом ряде элементов культуры и языка западнорусской этнографической группы прослеживается влияние соседнего белорусского населения”.
Распрацаваныя яшчэ імперскімі гісторыкамі старыя як свет міфалагемы пра “каменное ожерелье земли русской” і “ключи от Москвы” дапаўняюцца сучаснымі высновамі лінгвістаў і гісторыкаў пра шырокі ўплыў польскай мовы на мясцовыя “заходнерускія” гаворкі і польска-літоўскае ярмо часоў сярэднявечча. Калісьці Сакрат Яновіч выказаўся вельмі негатыўна супраць развіцця “ўкраінства” на Беласточчыне, адмаўляючы яму ў жыццяздольнасці. Ці будзе новая беларусізацыя Смаленшчыны, ажыццяўляемая шляхам прыватных ініцыятыў ці беларуска-расійскіх дзяржаўных дачыненняў, анахранізмам? Можа нам усім трэба спыніць свой трэнас па “згубленых землях” і абмежавацца навуковай літаратурай? Ці ўсё ж такі варта “абудзіць” мясцовую моладзь, павёўшы яе “пад родным сцягам да светлае будучыні”? Пытанне застаецца адкрытым.

Напад на магілёўскага епіскапа Сафронія: абвастрэньне хваробы ці самасуд?

Гэты допіс будзе ўжо трохі састарэлым, бо злачынства ў магілёўскім храме здарылася больш за тыдзень таму, 23 жніўня, але, акцэнтуючы ўвагу на даволі рэдкім для Беларусі выпадаку, хацелася б трохі над ім паразважаць. Тое мой суб’ектыўны погляд.

У нашых суседзяў па СНД злачынствы, якія ўчыняюцца супраць сьвятароў, не такія ўжо і ўнікальныя. Калі ў Расеі сьвятароў звычайна забіваюць з-за матэрыяльных каштоўнасьцяў, то ва Ўкраіне сытуацыя інакшая. У паўднёвай суседкі, акрамя банальнай злачыннасьці, багата праблемаў нацыянальна-рэлігійнага кшталту. Да прыкладу, у Львове вернікі наведваюць грэка-каталіцкія, праваслаўныя аўтакефальныя, праваслаўныя Кіеўскага патрыярхату, праваслаўныя Маскоўскага патрыярхату цэрквы, а адтуль і канфлікты, якія часта ўвасабляюцца ў выдраных бародах, паламаных рэбрах і нажавых раненьнях бацюшкаў рознага рангу.

У Магілёве такой карціны мы ў бліжэйшы час ня ўбачым, бо насельніцтву глыбока напляваць на ісіхазмы, катэхезы і іншую аўраамічную схаластыку. Мінуў той час, калі магілёўцы абстрэльвалі “Іуду” і “душагуба” Кунцэвіча з мескай брамы, і ашчаджалі апошняе на будаўніцтва Мікалаеўскага манастыра, уфундаванага ў галодны пасьляваенны час.

Такім чынам, набліжаючыся да тэмы гэтага посту, адзначым, што замах на епіскапа Сафронія хоць і меў рэлігійны падмурак, але, думаецца, мог мець і прыватны чыньнік. Які бес паплутаў 36-гадовага нідзе не працуючага і раней асуджанага чалавека накінуцца з нажом на духоўнага пастыра? У народзе кажуць, што епіскап Сафроні быў злачынцу добрай апорай, бо падтрымліваў яго матэрыяльна і калісьці даваў яму прытулак. Што за чорная няўдзячнасьць? Паразважаем гіпатэтычна.

Вэрсыя 1. Злачынца зьяўляецца дэклясаваным элементам з шэрагам мэнтальных праблемаў. Калі Сафроні сапраўды рэгулярна даваў яму грошы, то любая адмова магла справакаваць наркамана на напад. Тады ўсё проста і роўна тлумачыцца.

Вэрсыя 2. Абвастрэньне псыхічнай хваробы. Д’ябал ня сьпіць, таму, завербаваўшы новага байца ў стройныя шыхты дзяцей Цемры, Сатана загадаў чалавеку нанесьці адчувальны ўдар па хрысьціянах.

Вэрсыя 3. Асабістая непрыязнасьць. Нешта я больш схіляюся менавіта да гэткай прычыны нападу на Сафронія. Напомню, што падчас ператрусу ў кватэры злачынцы, міліцыянты знайшлі толькі купу рэлігійнай літаратуры, табурэт і стол. Больш нічога. Мы бачым, што чалавек апынуўся на самым дне, у яго нічога няма за плячыма – толькі бруд і цяжкая маладосьць. Ён, са зьнявечанай душой, сапраўды веруе ў Месію і Царства Божае на зямлі. Але ж ён і добра ведае прадстаўнікоў мясцовага кліру.

Што ж уяўляюць сабой некаторыя праваслаўныя функцыянэры мы ўсе добра ведаем не па чутках. Вялікая частка манахаў і белага духавенства, канешне, людзі глыбокай веры, якія, як той Ян Боска, жывуць падзьвіжніцкім жыцьцём першых катакомбных хрысьціянаў. Аднак жа ў Царкве, як і ў любой гіерархічнай сыстэмы, ёсьць і свае босы. Цікава, што сярод праваслаўных кіраўнікоў багата тых, хто пры Саўдэпе займаў інструктарскія пасады ў Камсамоле і Партыі. Былыя выкладчыкі атэізму й “шэдэўраў” Емяльяна Яраслаўскага хутка апранулі расы, адпусьцілі абільную расьліннасьць пад носам і “ачысьціліся духоўна”. Эмпірычныя доказы неіснаваньня Бога хутка сталі эмпірычнымі доказамі адваротнага. Як нэафіты з ВЛКСМ і КПСС, так і штатныя супрацоўнікі КДБ з духоўных семінарый, маючы выдатныя кіраўнічыя здольнасьці, хуценька абселі “цёпленькія” мейсцы ў Патрыярхіі і епіскапствах. Дагэтуль і сядзяць, прыгандлёўваючы сьпіртусам і цыгарэтамі.
Што ж рабіць было ў дзікія 1990-я “сірым і ўбогім” кіраўнікам правінцыйных прыходаў? Не паміраць жа з галадухі! Паглядзеўшы на сваіх царкоўных куркулёў, бацюшкі сталі заліхвацка друкаваць прэйскуранты на духоўныя паслугі: прычашчэньне - …000 руб., адпяваньне - …000 руб., вянчаньне - …000 руб. На тым справа ня скончылася. Платныя паслугі насельніцтву пацягнулі за сабой іншае. Людзі – яны і ў расе людзі. Таму ў баранкаў Божых пачалі, як грыбы, расьці катэджы (дзяцей багата, таму трэба жыльлёвая плошча), купляцца “неправаслаўныя” інамаркі (трэба паўсюль пасьпець па справах душпастарскіх), апранацца ў заморскае футра матушкі (Божае стварэньне мусіць клапаціцца аб другой палове).
Магілёўска-мсціслаўскае епіскапства не стала выключэньнем. І ў нас асобныя “свяшеннослужітелі” катаюцца на навюткіх Renault, ладзяць зь некторымі высокапастаўленымі “міранамі” (няйнакш як у гонар Прысьвятой Троіцы) папойкі і робяць з падлеткаў патэнцыйных баевікоў РНЕ.
Мы памятаем, што наш галоўны герой жыў, як тыя 12 апосталаў, не хлебам адзіным, а фактычна бяз хлеба з адной толькі верай. Распусту пэўных сьвятарскіх колаў мужчына мог назіраць увачавідкі. Абвінавачваць Сафронія ў распусьце не выпадае, бо такіх фактаў мы не ведаем. Самасуд над “адступіўшым ад веры Хрыстовай срэбралюба” мог быць індывідуальным бунтам супраць усёй сучаснай царкоўнай сыстэмы, якая больш напамінае шэраговы ідэалагічны аддзел выканкаму. Тады матывацыя былога наркамана і грэшніка цалкам зразумелая, улічваючы яго душэўны стан і мінулае. Шкада, што ён забыўся на галоўную запаведзь.

Беларуская мова Латгаліі пакуль што жыве

Прапаную да ўвагі чытачоў блёгу транскрыбаваны запіс беларускай гаворкі з Дзьвіншчыны, запісаны польскім беларусазнаўцам і лінгвістам Міраславам Янковякам.
Як вядома, зь Беларускай Латгаліі паходзіць і таленавіты пісьменьнік 1920-х гадоў Віктар Вальтар, збор твораў якога не так даўно пабачыў жыцьцё. Электронны варыянт яго найбольш вядомага раману “Народжаныя Сатурнам” можна сьцягнуць тутака.
Цікава распавядае пра беларусаў Латвіі гісторык Алег Трусаў: “Нават у часе нямецкай акупацыі беларусы Латгаліі мелі свае пачатковыя школы. Выходзіў і часопіс “Новы шлях”. Але потым з прыходам новых саветаў беларускае культурнае жыцьцё тут спынілася. І тым ня меней за савецкім часам новая хваля беларусаў рушыла ў Латвію. Яны сапраўды ехалі па гумовыя галёшы і каўбасу. І такім чынам, калі там у 1959 годзе беларусаў было 62 тысячы, то пры канцы існаваньня Савецкага Саюзу – ужо 120 тысяч. Зь іх -- у Дзьвінску запісаліся беларусамі аж 10 тысяч чалавек. Пасьля аднаўленьня незалежнасьці Латвіі ў Рызе зноў адкрылася беларуская гімназія, а ў Даўгаўпілсе сталі існаваць культурна-асьветніцкае аб’яднаньне “Уздым” і беларуская нядзельная школа. Таксама тут ёсьць суполка Міжнароднага фонду Янкі Купалы. Аднак у сучасных школьных падручніках па гісторыі Латвіі беларусы ніяк не прысутнічаюць, нават у пераліку тых народаў, якія цяпер жывуць у Латвіі. А некаторыя дзеячы нашай агульнай гісторыі набылі такія імёны, што ніколі беларус не пазнае ў іх сваіх полацкіх князёў”.
“Чтобы окончательно закрепиться в низовьях Даугавы, епископ Альберт вынудил правителя округа Кокнесе Ветсеке разместить в своем замке отряд крестоносцев. Дождавшись удобного момента, Ветсеке разбил рыцарей и изгнал их из своего замка. Узнав, что Альберт формирует в Риге большое войско для разрушения замка, Ветсеке сжег замок и со своими людьми и пожитками отправился на Русь. В Кокнесе люди епископа построили каменный замок”.Разьдзел “Покорение латгалов”. Падручнік «История Латвии», Рыга, 2002 год».
Латышоў, як народ малы, зразумець лёгка. Прымардыяльна разглядаючы беларусаў у якасьці юдаў, зрокшыхся балцкіх каранёў, яны не зацікаўлены ў працягу "славянскай асіміляцыі" тубыльцаў. Тое ж самае назіраем у Летуве.

Жыхары Магілёва адмаўляюцца навучаць сваіх дзяцей па-беларуску

У наступным навучальным годзе клясаў зь беларускай мовай навучаньня ў агульнаадукацыйных установах г. Магілёва арганізавана не будзе.

Па словах супрацоўніцы адміністрацыі Ленінскага раёна г. Магілёва, якая не пажадала назваць свае імя, жадаючых навучаць дзяцей зь першай клясы па беларускамоўных праграмах практычна не было. “Мы плянавалі адкрыць беларускія клясы ў СШ № 8, для чаго непасрэдна працавалі з выкладчыцкімі калектывамі, а таксама бацькамі будучых вучняў. Інфармацыя пра дзейнасьць аддзела адукацыі па камплектаваньні беларускамоўных клясаў была даведзена да грамадзянаў, у тым ліку праз СМІ і сетку Інтэрнэт, але, на вялікі жаль, сустрэчнай рэакцыі не было».

Як падкрэсьлівае службоўца, сярэдняя школа № 8 была выбрана невыпадкова. “Справа ў тым, - падкрэсьлівае супрацоўніца адміністрацыі, - што ў гэтай навучальнай установе працуе выдатная настаўніца пачатковых клясаў, Граблеўская Валянціна Альгердаўна, якая была гатова пачаць працу зь першаклясьнікамі”. Усе неабходныя фінансавыя сродкі, вучэбныя матэрыялы настаўнікі адшукалі, але на іх прапанову адгукнулася толькі адна сям'я. Два тыдні таму назад і гэтыя людзі адмовіліся ад сваёй задумы.

Напомнім, што ў 2008/2009 навучальным годзе з 455 агульнаадукацыйных школаў Магілёўскай вобласьці 242 навучальныя ўстановы працавалі на беларускай мове. Лічбы нібы і дастаткова прыстойныя, але ж статыстыка можа завесьці і ў балота. На самой справе 82% шкаляроў наведвалі расейскамоўныя школы, бо ў найбуйнейшых населеных пунктах Прыдняпроўшчыны, Бабруйску і Магілёве, беларускіх школаў, як і клясаў, было роўна нуль.

Чыньнікі такой прыкрай сытуацыі даўно вядомыя. Беларуская мова практычна поўнасьцю выціснута з грамадскага ўжытку за выняткам паасобных радыёперадачаў, газэтаў і тэлебачаньня. У адміністрацыях роднай мовы, акрамя трасянкі, пачуць немагчыма, не кажучы ўжо пра праваахоўныя ворганы і войска.

Адзіным выхадам з такога становішча магла б стаць беларускамоўная адукацыя, прычым, абавязкова на ўсіх ступенях. Але ж якая карысьць бацькам аддаваць дзяцей ў нацыянальныя клясы, калі ў ВНУ вучаць спрэс па расейскамоўных праграмах расейскамоўныя выкладчыкі? Для шэраговага беларуса, незаангажаванага ў нацыянальны рух, пытаньне мовы – пытаньне нават не другаснае, а проста не існуючае. Усе неабходныя сацыяльныя функцыі расейкая мова, калі паглядзець, выконвае. “Галоўнае, каб сын (дачка) атрымалі добрую адукацыю і высокааплатную працу, добра ажаніліся (выйшлі замуж)”, - так думае і сьлесар 5 разраду, і намесьнік старшыні аблвыканкаму – ўсе звычайныя людзі.
Трагедыя нашае мовы палягае ў яе сацыяльнай непатрэбнасьці. Пакуль беларуская мова, як адзіная дзяржаўная, не стане утылітарнай неабходнасьцю для асабістага разьвіцця і кар’ернага росту, дагэтуль яна будзе патрэбна толькі 1-3 нацыянальна заклапочаным сем’ям.

Відавочна, што беларускія клясы ў Магілёве будуць незапатрабаванымі і ў наступны навучальны год.

Па пытаньнях навучаньня дзяцей ў г. Магілёве ў першай клясе зь беларускай мовай навучаньня можна зьвяртацца па наступных тэлефонах: 26-31-79 або 32-70-81.