четверг, 17 февраля 2011 г.

Гой па выбары


Хайман Апельман нарадзіўся 7 студзеня 1902 г. у Магілёве на берагах Дняпра ў сям’і артадаксальных габрэяў. Яго бацька эміграваў у Злучаныя Штаты ў 1913 г., а ўжо праз год да галавы сям’і за акіян перыязджае ўся сям’я. Да пераезду ў Амэрыку, Хайман пасьпеў павучыцца ў расейскіх школах, авалодаўшы прамудрасьцямі латыні, нямецкай, расейскай, польскай, грэцкай і еўрыта. Але хлопчык зусім не размаўляў па-ангельску. Прабыўшы ў Чыкага, малы Апельман пайшоў вучыцца ў бясплатную сярэднюю школу Ганса Хрысьціяна Андэрсана, за два гады цалкам засвоіўшы васьмікласны курс. 

Скончыўшы падрыхтоўчую праграму, Хайман паступіў у Паўночна-Заходні унівэрсітэт, дзе вывучаў гуманітарныя дысцыпліны, і адначасова ва ўнівэрсітэт Дэ Пола па бакалаўрскай праграме права. З 1918 па 1921 гг. ён наведваў абедзьве вышэйшыя навучальныя ўстановы. Дзякуючы сваёй рэпутацыі, Апельман атрымаў ад унівэрсітэта Дэ Пола стыпэндыю на научаньне ў двухгадовай магістратуры. У 1922 г., пасьля сьмерці аднаго з прафэсараў, ён пачаў выкладаць паралельна заняткам і разбудоўваньню сваёй адвакацкай кар’еры.  
Аднак пераможны паход Хаймана на навуковы алімп нечакана прыпыіўся ўвосень 1924 года: з-за велічэзных нагрузак малады чалавек перанёс нэрвовы ўдар. Вымушаны ўзяць адпачынак, новасьпечаны адвакат пакідае ў сьнежні Чыкага і едзе да сваіх родных на Захад і Сярэдні Захад. Прыбыўшы ў Дэнвер у сакавіку, Хайман знаёміцца з др. Джэймсам Дэвісам, пастарам Цэнтральнай Хрысьціянскай Царквы. Неўзабаве сьвятар пачаў навучаць маладога чалавека, падсілкоўваючы не колькі яго фізычныя, колькі  духоўныя патрэбы. Дарога да прафэсыі слугі Езуса Хрыста была пракладзена.

Малады неафіт заставаўся ў Дэнвере да жніўня, адмаўляючыся вярнуцца ў Чыкага, дзе яго чакала бурная рэакцыя бацькоў. Апельман вырашыў не заставацца доўга ў горадзе, таму амаль адразу ён едзе на ўсход працаваць на Рэдзінгскай чыгунцы. Праз некаторы час Апельман завербаваўся ў амэрыканскую армію.

Тры гады ён служыў санітарам у вашынгтонскім Цэнтральным армейскім шпітале Уолтара Рыда. Пад час службы будучы сусьветна вядомы пастар наведваў абшчыну евангелістаў, дзе пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Вернай Кук.  У 1927 г. Хайман пайшоў на сверхтэрміновую службу і быў пасланы ў Форт-Сіл у штаце Аклахома. У амерыканскай глыбінцы Апельман стаў арганізоўваць малельныя зборы, і ў сакавіку 1930-а стаў пастарам  Цэнтральнай баптысцкай царквы ў Лоўтане, гарадку на паўднёвым захадзе штата Аклахома. У жніўне 1930 Апельман дэмабілізаўся з войска і 4 верасьня ажаніўся зь Вернай.

Пара пэўны час наведвала Паўднева-заходнюю баптысцкую тэалагічную сэмінарыю ў  Форт-Уэрце. Апельман служыў пастарам у некалькіх мясцовых царквах да траўня 1934 г. пакуль не быў абраны адным з галоўных евангелістаў штата Тэхас. 

Першая вялікая евангелісцкая сустрэча  Апельмана адбылася ў Філадэльфіі ў 1942 г. і амаль адразу стала падзеяй у рэлігійным жыцьці краіны. Потым былі тысячы іншых сустрэч у такіх гарадах як Гранд-Рапідс, Мантгомеры, Луісвіл, Лос-Анджэлес,Сіэтл і інш. Місіянэрская дзейнасьць Апельмана таксам ўключала сустрэчы ў  Грэцыі, Гішпаніі, Францыі, Расеі, Мексіцы, Інданэзіі, Японіі, Сінгапуры і Ганконгу.
Выбітны выхадзец з Магілёва напісаў больш за 42 кнігі ўключаючы такія творы як “Формула рэлігійнага адраджэньня”, “Сіла праз Дух Сьвяты”, “Адказ Госпада на чалавецкія грахі” і інш.

Домам і адначасова штаб-кватэрай евангеліста быў Канзас-сіці. У Апельмана было двое дзяцей: Эдгар (нар. у 1937) і Рэбэка (нар. у 1938). Памёр славуты пратэстанцкі прапаведнік у 1983 г.