понедельник, 14 сентября 2009 г.

Ці маеце вы татарскія карані?

Гісторыя беларускіх татараў сягае на шэсць стагоддзяў углыб нашай гісторыі. Як гэта сталася, што на Беларусі з’явіліся жыхары Азіі?Адказ трэба шукаць у палітычных падзеях беларускага сярэднявечча.


На Беларусі татары з’яўляюцца ў якасці ваеннапалонных,уцекачоў ды наймітаў.
Гаспадары Літвы запрашалі насельнікаў Крыма і Алтын-Арды,выкарыстоўваючы іх у якасці ваяроў супраць тэўтонаў і варожых літвінам ордаў. Так, у 1395 г. Вітаўт пасяліў у Лідзе хана Тахтамыша, які, пацярпеўшы паразу ад Цімура, з’ехаў туды разам са сваёй дружынай.У 1397 г., перамогшы татар пад Азовам, Вітаўт “пасадзіў на зямлю” шмат ваеннапалонных у Ашмянскім, Наваградскім, Лідскім, Брэсцкім паветах, а таксама каля Вільні.У 1506г. князь Міхаіл Глінскі разбіў татар на рацэ Лань каля Клецка, у выніку чаго 4000 тысячы татар былі паселеныя ў яго наваколлях і Менску. Увогуле, у нашай краіне хапае “татарскіх” вёсак ці вёсак, дзе былі “татарскія” слабоды.У Менску яшчэ ў пачатку XX ст. Існавала Татарская слабада і дзейнічала мячэць.


Чым займаліся татары, якія апынуліся ў краіне, што потым стане Беларуссю? Большая частка несла “зямянскую” службу, валодала маёнткамі. Сярод татар вылучалася родавая вярхушка-бекі.Таксама былі мурзы і ўланы.Яны мелі сялян, путных і панцырных слуг. Другую частку татар складалі беззямельныя нашчадкі ясачных людзей і палонных, якія жылі ў гарадах і мястэчках ды займаліся рамяством.


Безумоўна, з цягам часу татары страцілі сваю мову, паступова асі міляваліся, губляючы свае адметныя рысы.


У 1989 г. на Беларусі пражывала 12.4 тыс. татар. Лічбы, відавочна, не паказваюць усёй праўды. Як вядома, існуе хлусня, нахабная хлусня ды савецкая статыстыка. Я маю на ўвазе тое, што, верагодна, значная колькасць людзей з татарскімі каранямі папісалася беларусамі.

Як вызначыць беларускага татарына? Кажучы шчыра, аўтар гэтых радкоў неаднаразова задаваў сабе гэтае пытанне. На мой погляд, татарына можна адрозніць знешне. Гэта, як правіла, скуласты твар, цёмны колер валасоў, цёмныя вочы, пераважна смуглявая скура. У 2000 г. аўтару собіла пабываць у в.Нача, што ў Барысаўскім раёне, дзе была т.зв. “татарская” вуліца. У вёсцы можна было назіраць даволі шмат насельнікаў тыпова татарскага выгляду.


Тым не менш, большасць татараў асімілявалася ў такой ступені, што іх нашчадкі ўжо не столькі чарнявыя, колькі бялявыя.Таму самым лёгкім спосабам высветліць татарскія карані таго ці іншага чалавека падаецца вызначэнне паходжання яго прозвішча.Людзі змяняюцца, а прозвішчы застаюцца.


Колькі татараў ці іх нашчадкаў у сталіцы? Аднойчы ўвечары аўтару “Пчолкі” закарцела даведацца.Узброіўшыся кнігай вядомага даследчыка татаршчыны М.А.Баскакава і кампутарам з менскай тэлефоннай базай дадзеных, я вырашыў пашукаць. Але тут трэба зрабіць некалькі заўваг.


Па-першае, трэба адрозніваць прозвішчы, якія маюць у аснове цюрскае слова і прыналежаць да роду, які вядзе паходжанне ад прадстаўніка палавецкіх, агузскіх родавых аб’яднанняў, або Залатой Арды ці больш позніх ханстваў, ад прозвішчаў, што маюць цюрскае слова-корань, а іх носьбіты - нецюрскага паходжання. Будзьма мець на ўвазе тое, што Менск - горад са шматэтнічным насельніцтвам, дзе носьбіты цюрскіх прозвішчаў могуць быць перасяленцамі з Расіі ці, напрыклад, Украіны.


Аднак будзем лічыць, што большая частка прозвішчаў менавіта родам з Беларусі. Да таго ж адзначым, што ў нашай краіне не ўсе жыхары маюць тэлефон, нават у сталічным горадзе, таму мае дадзеныя толькі прыблізныя.

Вось спіс прозвішчаў, якія мне ўдалося адшукаць:

Булгак - “ганарлівы”. У даведніку знайшлося 98 адрастаў пад такім прозвішчам;

Курак - “прагны”, “хударлявы”. Гэта, безумоўна, прозвішча цюрскае, бо слова quraq не перайшло ва ўсходнеславянскія мовы.У даведніку мною знойдзена 182 Куракі;

Мамонаў - “ціхі”, “сціплы”. У даведніку 134 прозвішчы;

Корсак - “стэпавая ліса”, “фанабэрысты”. Прозвішча сустракаецца і ў асяродку беларускай шляхты. Праўда, хутчэй за ўсё, носьбіты такога прозвішча наўрад ці маюць цюрскіх продкаў. Корсакаў я адшукаў у колькасці 148;

Гогаль - “зялёны”. Так, славуты пісьменнік, які, дарэчы, меў беларускія карані, валодаў цюрскім прозвішчам. Але слова gogul было даўно запазычана славянамі ў значэнні “птушка” і потым гэтым словам называлі асаблівы від птушкі. Гэта значыць, што прозвішча неабавязкова належыць чалавеку з цюрскім паходжаннем. Гогалеў я знайшоў 11 чалавек;

Шарамет - “грубіян”, “небарака”. Можа і ў вядомага журналіста татарскія карані? У даведніку Шараметаў 179;

Сувораў - “змрочны”. Так, значыцца, паўстанне Касцюшкі душыў татарын... У Менску 149 Суворавых;

Кутузаў - “шалёны”. І расейскі генералісімус, і беларускі футбалісты - носьбіты татарскага прозвішча;

Кушаль - “пацук”, “шчанюк”. Вось Вам і адзін з беларускіх калабарантаў часоў ВАВ! Яго прозвішча мае крымскае паходжанне;

Ямінскі - “прысяга”. Гэтае прозвішча досыць рэдкае і яго носяць нашчадкі шляхетных татараў.ЭВМ дала мне толькі звесткі пра аднаго чалавека, які пражывае ў Менску;

Шарап - “слава”, “віно”. У даведніку 153 носьбіты такога прозвішча;

Булат - “сталь”,“меч”.Вядомае татарскае слова ад якога нават патыхае гонарам і ваяўнічасцю.”Мечаносцаў” у Менскай тэлефоннай базе 103;

Булыга - “невук”. Не ведаю наконт невуцтва, але былы футбаліст каманды “Днепр-Трансмаш” Булыга катаў мяч файна.”Лайдакоў” у Менску 57;

Бантыш - “з радзімкамі”. Шляхецкае татарскае прозвішча, якое ў Менску мае толькі 1 чалавек;

Карыцкі - “вартаўнік” ці “фігурысты чалавек”. Такіх у Менску ажно 2 асобы;

Туманскі - “галава над 10000 ваярамі”. Правадыроў такога ўзроўню ў Менску 47;

Шэбан - мужчынскае цюрскае імя. Шэбанаў у базе 10, але, думаецца, іх значна больш, бо аўтар уласна ведае з тузін Шэбанаў;

Шыманоўскі - “тоўсты”. Пагадзіцеся, што прозвішча даволі распаўсюджанае. У стольным горадзе Шыманоўскіх больш за 100;

Баркоўскі - “капялюш”. Гэтае цюрскае прозвішча прыйшло з Крымскіх стэпаў. База знайшла 15 носьбітаў такога прозвішча;

Сурын - прозвішча утварылася ад мужчынскага імя Sura і з’яўляецца даволі распаўсюджаным. Я знайшоў 50 Сурынаў;

Мурзіч - “уладар”. Прозвішча вельмі-вельмі шляхетнае і належыла людзям з высокіх колаў насельніцтва.Татарскіх мурзаў у нас 72;

Орда - “лагер”, “стан”. Яшчэ адно з вядомых у беларускай гісторыі прозвішчаў. У сталіцы 6 Ордаў;

Шульга -“леўша”. Хто ў нас не ведае такога прозвішча? У тэлефоннай базе 219 чалавек;

Асановіч - гэнае прозвішча, што ўтварылася ад імя Hasan, згадваецца ў “Зямлі пад белымі крыламі” Уладзіміра Караткевіча. Выбітны беларускі пісьменнік згадвае прозвішча Асановіч як тыпова беларуска-татарскую з’яву;

Батура - “храбры”. Таксама прозвішча можа паходзіць ад імя Batur. Цёзкаў караля Польшчы и Литвы і былога старшыні Магілёўскага аблвыканкама 173;

Бараш - “служка”. Так, Барашы - гэта не Мурзічы, але таксама татары. Іх у Менску 10 чалавек;

Азар - “памочнік”. Азараў у нас багата- 310;

Шалім - “госць”. Татарын быў для беларуса госцем, але толькі спачатку.Зараз татары - такія ж самыя грамадзяне РБ, хоць Шалімаў у Менску 138 чалавек;

Гадун - “бязглузды”. Не скажу, каб маскоўскі цар-татарын Барыс Гадуноў быў бязглуздым, але хутчэй наадварот. Гадуноў налічылася 39;

Бурэц - “гняды”. Іх у базе 26.

Спіс татарскіх прозвішчаў можна працягваць і працягваць. Сярод татараў можна сустрэць Кардашоў, Бакланоўскіх, Кірэеўскіх, Карачынскіх, Кішэньскіх, Калакуцкіх, Хільчэўскіх, Бакурынскіх, Хадырэўскіх, Куторгаў, Башэвічаў, Карановічаў, Бакішаў, Бокеяў, Шабакоў, Шэйбакаў і інш.


Не бывае нічога немагчымага і, можа, у нас калі-небудзь частка людзей адчуе свае карані, і Беларусь стане не толькі краем касцелаў і цэркваў, але і мячэцяў.