воскресенье, 29 августа 2010 г.

Стары добры сэрвілізм: згадкі пра сустрэчу з доктарам навук

Даўно хацелася напісаць гэты пост, хоць яго герой сустракаўся са мной і яшчэ тузінам людзей яшчэ ўвесну. Распавядаю падрабязна. Аднойчы да асьпірантаў адной
паважнай навучальнай установы завітаў усімі шаноўны доктар навук. Мэта гэтага візыту была, бадай, зразумалай толькі яму, бо лекцыя не мела аніякае навуковае вартасьці. Адзінае, што атрымалі асьпіранты, гэта вялізны багаж "беларускай навуковай мудрасьці", якая, падаецца, нічым не адрозьніваецца ад, мовячы па-расейску, "жізненной мудрості страны Советов".

Уся наша 2-гадзінная сустрэча зьвялася да таго, што шаноўны доктар навук
прамываў нам косткі, выказваючы свае састарэлыя крыўды і асабліва суб'ектыўныя погляды на этыку, навуку і, так бы мовіць, жыцьцё ў агульным вызначэньні гэтага
панятку. Калі зьвесьці ўсе сказанае доктарам навук у тэзы, то атрымаем наступнае:
1. Вы не маеце права насіць ганарлівае імя асьпірантаў, бо ўсе вы лайдакі, абібокі і гультаі;
2. У вас няма аніякай павагі да навуковых кіраўнікоў і старэйшых па навуковай ступені таварышаў;
3. Вы ўсе слаба падрыхтаваныя, а вашыя навуковыя працы не маюць аніякага сэнсу і вартасьці.
Канешне, дзякуй шаноўнаму доктару за яго сэнтэнцыі, але ж наважуся адказаць, хай і ў дзёньніку, на гэтыя папрокі. Давайце разьбяромся з кожным абвінавачваньнем паасобку, рухаючыся ад аднаго яго пункту да іншага.

Па-першае, ці ўсе мы лайдакі і днямі анічога не робім. Тут доктар у нечым мае рацыю, бо, гледзячы па кантынгент нашых навучэнцаў, часам думаеш, што гуманітарная веда ў Беларусі сапраўды коціцца долу. Тым не менш, асноўны склад ахвяраў навукі даволі прыстойны. Гэта ,як правіла, незамужнія дзяўчыны ці нежанатыя хлопцы 25-28 г.,нідзе не працуючыя ці падзарабляючыя на катэдрах (макс. 300-400 тыс. у месяц).
Стыпэндыі ў 560 тыс. і невялікага заробку ў 300 тысяч, безумоўна,ім хапае з нацяжкай,але гэта больш і ад таго, што яны мелі бы ў школках. Адтуль - даволі значная старанасьць у напісаньні кандыдатскіх дысэртацыяў, якія з часам мусяць стаць іх квітком у шчасьлівае ўнівэрсытэцкае заўтра. Асьпіранты платнай формы навучаньня - гэта зусім іншае. Пра іх, думаецца, і казаў шаноўны доктар навук, захлынаючыся праведным гневам. "Платнікі"заўжды былі бяльмом у воку навуковых кіраўнікоў і катэдраў, бо зь іх можна "надаіць" навукі значна менш, ніж грошай. "Сваекоштны" асьпірант, як, дарэчы, і ваш пакорлівы слуга, звычайна вымушаны працаваць ад світанку да ночы, каб толькі зьвесьці канцы з канцамі і аплаціць сабе адукацыю.

І што нам,гаратным гуманітарыям-"сваекоштнікам", прапануе дзяржава ў асобе шаноўнага доктара? Яна прапануе нам выйсьце ў выглядзе "мэтавага накіраваньня" ("целевое" - рус.), асноўная ж мэта якога - залатаць адукацыйныя дзіркі ў правінцыі.
Мы табе дамо пайку хлеба і міску баланды (чытай - 560 тыс.), а ты нам, дружа, адпрацуеш 3 гады у Баранавічах. Скажыце, любыя, які чалавек у 30-32 гады паедзе з наседжанага месца назад у сталіцу ці абласны цэнтар? Такіх, як правіла, няшмат. Так што іх 30 срэбнікаў, за якія яны хочуць купіць нашу з вамі свабоду перасоўваньня і выбару,
цяпер ўяўляюць усяго толькі 560 тысяч беларускіх рублёў. З чаго я пра тое напісаў?
А з таго, што жыцьцё асьпіранта зараз няпростае, і, вымушаныя зарабляць сабе на жыцьцё, мы сапраўды не маем дастаткова часу на акадэмічную дзейнасьць.У Баранавічы мы, як і Вы ў маладосьці, таксама не хочам.
Вось, доктар, чаму мы вымушана лайдачым. А што ж наш шаноўны прафэсар? Як сапраўдны асьпірант, ён ў свае маладыя часы напружана працаваў у ...  Музэі гісторыі ..ДУ.:-) От, сябры, што значыць сапраўдны працаголік! Малайцом!Наколькі я ведаю, у 1970-я гг, калі шаноўны доктар меў гонар студыяваць навуку, асьпіранцкай стыпэндыі і напружанай працы ў Музэі гісторыі ..ДУ зь верхам бы хапіла на штотыднёвую вячэру у "7-м небе", не кажучы ўжо пра кніжкі,ежу-вопратку-праезд,і традыцыйны летні пералёт у Гагры. У такіх цяплічных умовах, прабачце, і "Капітал" дапісаць можна. Таму ня доктару нам вучыць жыцьцю - усе свае праблемы і хібы мы ведаем лепш за яго. Хіба сьпішам усе прэтэнзыі на крызісны ўзрост.

Наконт непавагі да навуковых кіраўнікоў. Не ведаю, можа гэта асабістая праблема доктара, але насіць пляшкі каньяку і пісаць доктарскія навуковым кіраўнікам даволі модна, як раней.  Менавіта на гэта, здаецца, намякаў доктар, распавядаючы як ён, малады і зялены асьпіранцік, парыўся ў лазьні з навуковым кіраўніком. Нам, карацей, прапануюць не дзелавыя стасункі, а кумаўство, завэлюмаванае хабарніцтва і прафэсыйны сэрвілізм. Як раз усё па Андруховічу: "Якая галеча духу, якое лакейства!"Карыстаючыся сацыяльнай безабароннасьцю моладзі, яе неуладкаванасьцю і залежнасьцю навуковыя бонзы сапраўды вымушаюць "аддзячываць" іх рознымі кшталтамі. Ад звычайных падлізных віншаваньняў з днём настаўніка да ўдзелу ў фінансавых спэкуляцыях уключна. Так што, шаноўны доктар, мы Вас асабіста і Вашых калегаў "паважалі, паважаем і паважаць будзем". Ну, Вы разумееце аб чым я.
Па-трэцяе, ці кульгае нашая прафэсыйная падрыхтоўка. Так, у нечым кульгае, бо 1)нашыя ўнівэрсытэцкія праграмы і прафэсарска-выкладчыцкі склад відавочна слабейшыя ад заходніх;2)грашовыя катаклізмы не дазваляюць увесь час аддаваць удасканальваньню ведаў; 3)амаль няма замежных стажыровак, якія здабываюцца фактычна па асабістых каналах.

Так, да прыкладу, дактарант Каунаскага ўнівэрсытэта атрымлівае стыпэндыю каля 1200000 ў пераліку на беларускія грошы, а калі вядзе спэцкурс ці які сэмінар, то мае нашмат больш. Стажыроўкі там аплочваюцца ўнівэрсытэтам, а камандзіровачныя складаюць 3 млн. на месяц. Таму для дактарантаў створаныя ўсе магчымасьці для камфортнай працы і разьвіцьця.
Пра падрыхтоўку многіх нашых выкладчыкаў я прамаўчу. Адсылаю Вас да працы Валянціна Грыцкевіча "Гісторыя і міфы", дзе з уласьцівай аўтару эрудыцыяй і просталінейнасьцю выдатна прааналізавана сытуацыя з падрыхтоўкай гуманітарыяў у БССР. Са скрухай усьведамляеш, што цябе рыхтуюць людзі, якія пісалі дысэртацыі пра ролю КПСС у разьвіцьці сьвінагадоўлі... А часам і зусім не пісалі, бо прафэсарскія дзеці і зараз выкладаюць ва ўсіх навучальных установах нашае з вамі краіны. 

Высновы:
  1. Лайдакамі нельга зваць людзей, якія працуюць нашмат больш, ніж прафэсура, чые бясхмарныя маладыя годы прайшлі ў застойныя часы;
  2. Нельга асабістую павагу і чалавецкую сымпатыю блытаць з праявамі сэрвілізму;
  3. Крытыкаваць навуковую падрыхтоўку асьпірантаў трэба пасьля пераабароны ўласнай кандыдацкай.