четверг, 9 сентября 2010 г.

Пайду у парк, дзе начаваў Віктар Вальтар...


БАЛАДА ВІКТАРА ВАЛЬТАРА
(28.071902 – 17.04.1931)

Пад Сатурнам нараджаюцца паэты 

І ў нябыт сыходзяць, як вада ў пясок.

Ты, гаротны, добра ведаеш пра гэта,

Бо жыццё тваё як на вятрах лісток

На бярозавай галінцы Беларусі,

Для якой ты на чужыне не чужы.


З Прагі, нібы з выраю, дамоў вярнуўся,

Каб любіць людзей прыгожых і дажджы,

Што ніколі не размыюць сцежак вузкіх

Да крыжоў, да курганоў, дзе чуйна спіць

Гнеў і плач, як наша вечнасць, беларускі,

За якія нельга нас не палюбіць

І сказаць, што ёсць мы тут і тут мы будзем,

Хоць народжаныя пад Сатурнам мы.


Грымне весні гром, і гром жыццё разбудзіць,

І той Слова скажа, што век жыў нямым,

І народзішся ты зноў у Беларусі,

У якой ёсць слава, веліч і свой шлях,

Над якой крыляе, як анёлак, бусел,

За якую ўмерці – гонар, а не страх.


20.VII.2009. В. Шніп