воскресенье, 15 августа 2010 г.

Вера ў Праўду

Нешта ў апошнія дня ўсё часьцей лаўлю сябе на думцы, што нашае грамадства жыве фактычна аднымі інстынктамі.А канкрэтна - інстынктам самазахаваньня, які праяўляецца ў кожнага чалавека ад яго нараджэньня да сьмерці. Натуральная вельмі зьява, бо гэты інстынкт самы моцны і закладзены прыродай ў кожны біясацыяльны індывідуум.Але ж дзіка, як падаецца, тое, што гэты інстынкт стаў пануючым матывам паводзінаў чалавека, які ўсе ж такі зьяўляецца істотай думаючай. Бадай гэта праблема кожнага пераходняга грамадства, бо сацыяльныя цяжкасьці адкідаюць усё духоўнае і нематэрыльнае, а, як вядома,Сьвятым Духам не пасыцееш.

Тым не менш, думаю, у кожнага грамадства парог "аскаціньваньня" свой. Уявіць хаця б Польшчу 1980-х гг, якая
не мела мяса і малака, але ж мела моцны народны ўздым і шырокі хрысьціянскі рух... І не справа ў тым, што людзі такім чынам выступалі выключна супраць
неспрыяльных матэрыяльных акалічнасьцяў. Цяжкасьці сталі хіба толькі каталізатарам гэтага духоўнага ўсплёску.

Ангельцы, італійцы, грэкі ці эстонцы таксама мелі свае перыяды бядотаў, нялёгка ім і зараз, бо крызіс моцна ўдарыў і па самых прасунутых эканоміках сьвету.
Важна тое, што насельнікі гэтых краінаў заўжды заставаліся і застаюцца прыкладам грамадскай салідарнасьці і духоўнай еднасьці, калі бяда адной асобы ёсьць бядой усіх.
Я, канешне, тут ідэалізую і кажу занадта агульна, але пагадзіцеся самі: хто з нашых бізнэсоўцаў дапамагае дзіцячаму дому ці хоспісу? Ці чулі вы, што
ў якой-небудзь дзяржаўнай ці прыватнай установе пануюць узаемападтрымка і павага? Ці багата ў нас людзей, якіх можна назваць сумленьнем нацыі?
На мой погляд, паўсюдна пануе толькі атмасфэра нажывы, задавальненьня ўласных амбіцыяў, зайздрасьці і здрады.

То бок парог "аскаціньваньня" беларусаў вельмі нізкі. Чаму? Думаю, з таго, што мы абсалютна не маем духоўнага падмурку, на які б можна было абаперціся.
У Бога ў нас верыць толькі некалькі адсоткаў насельніцтва, а значыцца толькі некалькі працэнтаў выконваюць універсальны маральны кодэкс. Няма сталых рэлігійных перакананьняў-
няма салідарнасьці.Падмена ВЕРЫ Ў ПРАЎДУ верай толькі ў сябе, сваіх родных і блізкіх міжволі вядзе да агульнаграмадскага "кумаўства",
 калі цэлая краіна жыве па законах забітых хутаранцаў-куркулёў. Адтуль таксама і распаўсюджанасьць сярод паспалітага люду ўсякага кшталту цемрашальскіх ідэяў на мяжы з ксэнафобіяй і кансьпірантыўнымі тэорыямі, бо постмадэрн у  сьвеце ідэальнага - гэта канглямэрат уласных (часам паталагічных)перакананьняў.


"Мая хата з краю - нічога не знаю" - сказана менавіта пра тое, на чым добра трымаюцца ўсякія сямейныя кланы, "бацькі" розных адценьняў,
але цэлае грамадства трымацца не можа.Пакуль мы гэта не зразумеем і не аб'яднаемся у адну моцную духоўную сям'ю - беларускі народ - дагэтуль эканоміка будзе працаваць пагана, родная мова і культура будуць на маргінэзе,
а "тэарэтыкі", як і раней, будуць шукаць вінаватых сярод мітычных "маскалёў", "амэрыкосаў" ці"жыдоў".