понедельник, 28 февраля 2011 г.

У Крынках прыгадалі Мар’яна Пецюкевіча

Мар’яна Пецюкевіча – даследчыка фальклору Беласточчыны прыгадалі на сустрэчы ў Публічнай біблятэцы ў Крынках. Мар’ян Пецюкевіч быў сведкам і ўдзельнікам беларускага нацыянальнага руху ў міжваенны перыяд.

Пасля ссылкі ў Сібір ён апынуўся ў Торуні, дзе працаваў этнографам пры новаствараным музеі. Ад імя гэтага музея Мар’ян Пецюкевіч даследаваў ваколіцу Гайнаўкі і Саколкі.

Паводле доктар Гражыны Харытанюк, дзякуючы даследаванням Мар’яна Пецюкевіча матэрыяльная традыцыя Беласточчыны не загінула:

– Яго вельмі цікавіла Беласточчцна – па-першае таму, што гэта цікавая краіна, памежжа, як ён казаў, польска-беларуска-літоўскае памежжа. У яго натуральна была свядомасць таго, што матэрыяльная культура беларусаў – знікае. Ён звязаўся з Галоўным праўленнем Беларускага грамадска-культурнага таварыства – там была этнаграфічная секцыя – і дзякуючы гэтаму ён мог даследаваць тэрыторыю Беласточчыны.

Спадчыну Мар’яна Пецюкевіча складаюць некалькі збораў этнаграфічных нататак з падарожжаў па Сакольшчыне.

Сустрэча ў бібліятэцы ў Крынках стала чарговым мерапрыемствам прысвечаным беларускай культуры і яе постацям. Цыклічныя сустрэчы ў крынкаўскай бібліятэцы арганізавала згуртаванне «Terra Incognita» з Крынак.