среда, 23 сентября 2009 г.

Станаўленне нацыянальнай дзяржаўнасці Беларусі і Літвы: час трыўмфу і няздзейсненых мараў

У 1914 г., з пачаткам І Сусветнай вайны, пачалі закладвацца асновы будучай палітычнай карты Еўропы, якая ўжо выглядала не так аднаабразна, як на працягу сотняў гадоў да гэтага. Элітам з’явіўшыхся на арэне Старога Свету маладых дзяржаў, з большым ці меншым поспехам, атрымалася выкарыстаць узнікшы глабальны ўзброенны канфлікт.

Супастаўляючы беларускі і літоўскі варыянты станаўлення нацыянальнай дзяржаўнасці, адзначым, што асноўнымі параметрамі для простага параўнальнага аналізу могуць быць: узровень нацыянальнай кансалідацыі беларусаў і літоўцаў, які фактычна азначае інтэнсіўнасць нацыянальнага руху, а таксама знешнепалітычныя чыннікі: германскі, польскі, савецкі, а таксама ўплыў краін Антанты.

У першую чаргу адзначым, што, бадай, самым галоўным чыннікам у станаўленні дзяржаўнасці новых краін Еўропы быў узровень нацыянальнай кансалідацыі народаў, якія выйшлі на шлях свайго вызвалення ад імперскіх абдымкаў Расіі, Прусіі ды Аўстрыі.

Трэба адзначыць, што развіццё беларускага нацыянальнага руху адставала ад літоўскага, хаця апошні і знаходзіўся на латэнтнай стадыі свайго развіцця. Прычыны, якія абумовілі паскоранае развіццё літоўскага руху, мнагаабразныя. У гэтых адносінах слушнымі падаюцца высновы беларускага антраполага Паўла Церашковіча.

Згодна П.Церашковічу, хоць Літва і Беларусь датычыліся да ліку найбольш адсталых ў еўрапейскай частцы Расійскай імперыі рэгіёнаў, аднак наша прыбалтыйская суседка ўсё ж такі дасягнула мінімальна неабходнага ўзроўню рынкавай актыўнасці, чаго не назіралася на большай частцы тэрыторыі Беларусі.

Па-другое, зыгралі сваю ролю асаблівасці сацыяльнай гісторыі Беларусі і Літвы. Так, спецыфічнай асаблівасцю ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. была па колькасці група свабоднага насельніцтва. Калі па 5-й рэвізіі удзельная вага свабоднага насельніцтва ў Ковенскай і і часткова Віленскай губерні складала прыкладна 22% ад усяго насельніцтва, то на тэрыторыі “беларускіх” паветаў Гродзенскай і Віленскай губерні дадзеная катэгорыя насельніцва складала толькі каля 3% ад усяго насельніцтва. Не менш значным з’яўляецца той факт, што значная група літоўцаў пражывала ў Сувалькійскай губерні, якая ўваходзіла ў склад Царства Польскага. Асабістая залежнасць сялян там была ліквідавана яшчэ ў 1807 г.

У выніку, фарміраванне ў Літве даволі значнага слою свабодных сялян-сярэднякоў, якія складалі аснову масавага нацыянальнага руху і, адпаведна, паглыбленне класава-этнічнага антаганізму (“паляк-памешчык” – “літовец-селянін”) зыграла значную ролю ў развіцці літоўскага нацыяналізму.

Па-трэцяе, істотным адрозненнем Літвы ад Беларусі, якое забяспечвала шматлікую аўдыторыю літоўскаму нацыянальнаму руху, быў больш высокі сярэдні ўзровень пісьменнасці сярод вяскоўцаў. Ён, у сваю чаргу, быў вынікам уздзеяння цывілізацыйна-канфесійнага фактара, што было абумоўлена асаблівасцямі каталіцкіх адносінаў да жаночай адукацыі.

Па-чацвёртае, істотную ролю ў фармаванні літоўскага руху зыграла і ўсходняя Прусія, дзе існавалі больш свабодныя ўмовы для развіцця літоўскага кнігадрукавання і перыёдыкі, хоць і трэба мець на ўвазе, што літоўцы падпадалі там пад надзвычай моцную германізацыю.

Яшчэ адзін істотны факт, які абумоўліваў большую інтэнсіўнасць развіцця літоўскага нацыянальнага руху ў параўнанні з беларускім, – актыўнасць нешматлікай, але надзвычайна актыўнай інтылігенцыі. На думку Паўла Церашковіча, яе паводзіны вызначаліся наступнымі фактарамі. У першую чаргу, сваю ролю зыграла так званая гістарычная памяць. Літоўцы былі адным з нешматлікіх раёнаў Цэнтральна-Усходняй Еўропы, чыя “гістарычнасць” не падлягала ніякаму сумніву. Больш за тое, актывістам літоўскага руху не трэба было прыкладаць значных намаганняў для артыкуляцыі гістарычнага міфа, бо гэта амаль было зроблена да іх пакаленнямі польскамоўных рамантыкаў – “краёўцаў”.

Мы бачым, што беларуская нацыянальная кансалідацыя, якая павінна была стаць першапачатковай умовай дзяржаўніцкіх памкненняў значна адставала ад літоўскай, бо практычна ўсе важныя для паспяховага развіцця нацыянальнага руху фактары або былі слаба выражаны (рынкавая актыўнасць, урбанізацыя, сацыяльная мабільнасць, пісьменнасць, этналінгвістычная і канфесійная адметнасць), ці ўвогуле адсутнічалі (універсітэцкія цэнтры, “гістарычнасць”, “Пьемонт”). Таму відавочнае спазненне нацыянальнай кансалідацыі беларусаў у параўнанні з літоўцамі XIX — пачатку XX в. насіла аб’ектыўна абумоўлены характар. Відавочна, што ўплыў нацыянальнай кансалідацыі на дзяржаватворчыя працэсы адлюстроўваўся на падтрымцы мясцовага насельніцтва ідэй нацыянальнай дзяржаўнасці.

“Германскі чыннік” ў дзяржавабудаўнічых працэсах Беларусі і Літвы – яшчэ адзін чыннік, які ўдала скарысталі літоўскія нацыянальныя дзеячы, чаго нельга сказаць пра іх беларускіх сучаснікаў.

Немецкае камандаванне, якое кантралявала усю тэрыторыю этнічнай Літвы і толькі заходнюю частку Беларусі, меркавала, што ні Літва, ні Беларусь не сазрэлі для незалежнасці. Тым не менш, калі пасля Лютаўскай рэвалюцыі ў Расіі сталі папулярнымі лозунгі самавызначэння народаў, германскі ўрад таксама вымушаны быў лавіраваць, маючы перад сабой старую мэту – прыяднаць да сваёй тэрыторыі захопленыя землі.

Адпаведныя ўмовы для рэалізацыі плана склаліся для Германіі ў лістападзе 1917 г., калі прыйшоўшыя да ўлады ў Расіі бальшавікі, інспіравалі працэс выхаду краіны з вайны. 2 снежня 1917 г. ў Брэсце была заключана дамова аб перамір’і на ўсім расійска-германскім фронце, а 9 снежня там пачаліся перагаворы аб міры.

Нямецкае кіраўніцтва разумела, што у час перагавораў самым дальнабачным крокам будзе той, які дазволіць Германіі адарваць ад Расіі былыя нацыянальныя ўскраіны, захоўваючы пры гэтым бачнасць прынцыпу нацыянальнага вызначэння. Наконт Літвы, у адрозненні ад Беларусі, у Германіі былі свае разлікі. Пры падтрымцы кайзераўскіх акупацыйных уладаў, літоўскія нацыянальныя дзеячы, якія імкнуліся выкарыстаць любой выпадак для здабыцця самастойнасці краіны, склікалі ў Вільні 18 верасня 1917 г. так званую Літоўскую канфедэрацыю, на якой рэзалюцыя аб незалежнасці Літвы была прынята аднагалосна. У час канферэнцыі была створана Літоўская Тарыба з 20 чалавек. Праз два дні пасля пачатку перамоў ў Брэст-Літоўску, 11 снежня 1917 г. Літоўская Тарыба абвясціла аб “аднаўленні незалежнай Літоўскай дзяржавы з сталіцаю ў Вільні і скасаванні ўсіх дзяржаўных сувязяў ”. Характэрна, што Літоўская Тарыба выказалася “за вечны моцны саюз Літоўскай дзяржавы з Германскай імперыяй” на падставе вайсковай, чыгуначнай, мытнай і фінансавай канвенцый.

Размоў аб сапраўднай незалежнасці Літвы германскае кіраўніцтва, канешне, спачатку не вяло, а акт аб незалежнасці Літвы ад 16 лютага 1918 г. быў зацверджаны толькі 23 сакавіка 1918 г. Урад Літоўскай Рэспублікі на чале з Вальдэмарасам пачаў фарміравацца яшчэ пазней, 20 кастрычніка, калі капітуляцыя Германіі стала ўжо непазбежнай.

Беларуская тэрыторыя на час бальшавіцка-нямецкай перагавораў была акупавана немцамі толькі на захадзе, што не давала немцам ніякіх магчымасцяў спрыяць выгоднаму для іх “абвяшчэнню” Беларускай рэспублікі, што было зроблена ў Літве.

Акрамя таго, не спрацаваў на беларусаў і час, бо ў суворыя ваенныя дні палітычная сітуацыя мянялася ў залежнасці ад падзей на фронце. Да пачатку сакавіка 1918 г. большая частка Беларусі была занята злучэннямі 10 арміі. Калі раней нямецкае кіраўніцтва не магло ў сваіх мэтах падтрымаць беларускі нацыянальны рух, то зараз ім гэта не было патрэбна. Стварыўшы пад сваім пратэктаратам Украінскую і Літоўскую рэспубліку, немцы спыніліся з “раздачай незалежнасцяў”, хоць і вагаліся наконт існаваўшага на беларускай тэрыторыі “савецкага кліна”. Нам не вядома, як бы ўсё склалася далей, але немцы, затуманіўшы розум беларускім патрыятычным колам, банальна не паспелі зрабіць якіх-небудзь сур’ёзных захадаў у гэтым накірунку.

Абвешчаная Літоўская Рэспубліка ў першапачатковых планах немцаў павінна была неўзабаве стаць часткай Імперыі. Калі параза Траістага саюзу стала рэальнасцю, Літве немцы сталі адводзіць ролю будучай дзяржавы-сатэліта ці па меншай меры саюзніка, не маючы ўжо рэсурсаў на яе інкарпарацыю.

Антанта, якая замяніла Германію ў якасці гаранта існавання Літоўскай рэспублікі, а таксама бальшавікі, таксама, кожны з свайго боку, паўплывалі на “беларускае” і “літоўскае” пытанні. У мэтах недапушчэння прасоўвання пралетарскай рэвалюцыі на Захад, Антанта падтрымала першы ўрад Літвы, пакінуўшы ёй нямецкія войскі для абароны, а таксама стварыўшы ўласна літоўскае войска.

Гуляючы ў знешнепалітычныя гульні, Захад яшчэ спадзяваўся на перамогу белага руху ў Расіі і аднаўленне «единой и неделимой» імперыі, хоць, можа, і трохі абрэзанай на ўскраінах. Таму дапамога захопленай бальшавікамі Беларусі не ўспрымалася усур’ёз, а дапамагога яшчэ поўнасцю не акупаванай чырвонымі Літве насіла часовы стратэгічна-вайсковы характар.

Вельмі хутка Антанта зрабіла стаўку на самую сур’ёзную сілу ў рэгіёне – Польшчу. Захад вырашыў рукамі польскіх легіянераў перамагчы бальшавісцкую рэвалюцыю, за гэта расплаціўшыся з палякамі беларускай і літоўскай тэрыторыямі. Па іроніі лёсу, ваюючы з палякамі, рускія бальшавікі вымушаны былі падтрымаць “сваю” былую правінцыю – сепаратысцкую Літву, якая, натуральна, пачала канфліктаваць з палякамі за Віленскі край. Ужо 12 ліпеня 1920 г. Савецкае Расія прызнае незалежнасць свайго саюзніка – Літвы.

Беларусь у гэтых умовах заставалася непрызнанай краінай.