понедельник, 2 ноября 2009 г.

Біблія беларускага нацыяналізму або жахлівы сон Зігмаса Зінкявічуса

26 кастрычніка 2009 г. ў Менску адбылася прэзентацыя новай кнігі выдатнага беларускага гісторыка і грамадскага дзеяча Алега Трусава «Невядомая нам краіна: Беларусь у яе этнаграфічных межах». Кніга, літаральна праз некалькі дзён пасля з’яўлення ў свабодным продажы стала рарытэтам, бо тэма беларускіх этнічных межаў заўжды цікавіла і будзе цікавіць усіх нацыянальна арыентаваных грамадзян нашай краіны.

Алега Трусаў у сваёй кнізе закранае даволі небяспечную для навукова-публіцыстычнай літаратуры тэму “спрэчных зямель”, бо любы даследчык, а тым больш нацыянальны дзеяч, разглядаючы “свае” землі, амаль не здольны пазбегчы аксіялагізацыі праблемы. Гэтая тэма заўжды будзе выклікаць дыскусіі інтэлектуалаў, і яны заўжды будуць губляць свой акадэмічны характар, перарастаючы ў “гістарыяграфічныя войны” і асабістую непрыязнасць.

Любы паспаліты жыхар, мала мальскі знаёмы з тэорыяй (-мі) нацыяналізму, добра ведае, што ў сістэме этнатызму гістарычныя міфы, якія грунтуюцца на аснове свядомай гераізацыі былога, мабілізуюць этнічную свядомасць прадстаўнікоў таго ці іншага народу. Прычым не асабліва істотным з’яўляецца той факт ці сапраўды “гістарычным” з’яўляецца народ, бо сімвалы велічы можна адшукаць і ў гераічным вызвольным паўстанні былых часоў, і ў асобе выбітнага земляка, і нават у суседзяў, адаптаваўшы іх “сімвалы” да роднай глебы.

Нацыянальныя дзяржавы, мабілізуючы ўласнае насельніцтва на “пастаянны плебісцыт”, заўжды будуць стымуляваць цікавасць сваіх грамадзянаў да “свайго жыццёвага арэалу”, “сваіх спрадвечных тэрыторыяў”, не звяртаючы ўвагу на тое, што этнічныя тэрыторыі, займаемыя тым ці іншым народам, схільныя да дынамізму. Этнічныя межы з’яўляюцца адным з найважнешых крытэраў этнічнай ідэнтыфікацыі, таму літаратура, іх разглядаючая ці пераглядаючая, заўжды будзе запатрабавана аўдыторыяй.

Апошнюю кнігу Алега Трусава, не пабаюся такога параўнання, можна назваць Бібліяй беларускага нацыяналізму, бо кожны чалавек, які лічыць сябе беларускім патрыётам, проста абавязаны яе прачытаць і мець у асабістым кнігазборы.

Анталогія беларускага нацыяналізму сапраўды была б без працы пана Алега Трусава няпоўнай, хоць аўтар і не з’яўляецца ў апісанай тэме “згубленых зямель” першапраходцам.


Ці беларускія землі разглядаюцца ў кнізе Трусава?


Амаль адразу пасля выдання кнігі Алесь Чайчыц па-свойму адрэагаваў на неадназначнасць тэмы даследавання, усумніўшыся ў беларускай прыналежнасці апісаных у кнізе Трусава земляў і дзяржаўных утварэнняў. Сапраўды, якія ж крытэры дазволілі аўтару залічыць ў лік “нашых” і Цвер, і Вільню, і Беласток з ваколіцамі, і Пскоўшчыну ды іншыя абшары – усё тое, што пільна ахоўваецца сучаснымі кардонамі, акадэмічнымі інстытуцыямі і войскамі суседніх дзяржаў?

На старонцы 56 гісторык па-прымардыялісцку піша: “… у XII – XIII стст. Смаленскае княства становіцца адной з найбуйнейшых культурных земляў сярод іншых старабеларускіх княстваў” – то бок тыя дзяржаўныя ўтварэнні, якія былі ўтвораны крывічамі, адназначна залічаюцца аўтарам да “старабеларускіх”. Тым не менш, расейскія апаненты гісторыка змогуць без цяжкасцяў давесці, што тыя ж самыя крывічы былі субстратам і вялікарускага этнасу. Чаму ж яны, заснавальнікі Смаленскага княства, адназначна залічаюцца аўтарам у беларусы?

Увогуле, можна заўважыць, што Алег Трусаў вызначае прыналежнасць насельніцтва “закардоннай Беларусі” па этнаграфічных маркерах, што апрыёры ставіць пад сумніў усе сцвярджэнні аўтара наконт беларускасці разглядаемых ім зямель і палітычных адзінак.

“Спачатку 20 ліпеня 1920 г. быў падпісаны дагавор з Літвой, паводле якой Вільня і значная частка былой Віленскай губерні, населенай беларусамі (курсіў мой - Pchala), перадаваліся Літве”, - згодна пану Трусаву Віленшчына была населена беларусамі. Пры гэтым, сваю выснову гісторык падмацоўвае нямецкімі і рускімі дыялекталагічнымі картамі 19-20 ст., на якіх “…Вільня і Беласток паказаны як беларускія гарады” (с.109).

Увогуле, з працаў замежных даследчыкаў нам вядома, што запознены ўсходнееўрапейскі нацыяналізм здаўна аперуе “аб’ектыўнымі” этнаграфічнымі прыкметамі, якія дазваляюць яму на аснове лінгвістычных, да прыкладу, мапаў выяўляць прэтэнзіі на памежнае насельніцтва.

Але ж такі падыход, здаецца, можа толькі “акадэмічна” падмацоўваць вядомыя геапалітычныя прэтэнзіі, і не больш за тое. Возьмем хоць бы працы сучасных літоўскіх, польскіх, расейскіх, украінскіх ці беларускіх даследчыкаў па лінгвістыцы. Згодна ім, той жа самы Віленскі край фактычна не паддаецца адназначнай этнаграфічнай інтэрпрытацыі. На ўсе карты, якія прапануе паспалітым чытачам у сваёй кнізе Алег Трусаў, літоўскія даследчыкі прывядуць яшчэ большы стос картаграфічных, лінгвістычных, гістарычных і антрапалагічных матэрыялаў.

Праілюструю папулярна сваю думку на канкрэтным прыкладзе. У раздзеле “Надбужская краіна” аўтар услед за Аркадзем Смолічам залічае ўсю Беласточчыну, Бельшчыну і Берасцейшчыну да спрадвечных беларускіх зямель. А цяпер прасочым, што думаюць на гэты конт сучасныя украінскія даследчыкі. З-за браку часу адашлю чытачоў да шэрагу артыкулаў.

Нібыта ўсе кампаненты, якія вызначаюць прыналежнаць насельнікаў Бельску ці Кобрына да ўкраінцаў, прысутнічаюць. Па-першае, гаворкі тубыльцаў у працах аўтарытэтных лінгвістаў, у тым ліку ўлюбленага свядомымі беларусамі Я.Карскага, вызначаюцца як украінскія; па-другое, на Берасцейшчыне і паўднёвай Беласточчыне свядомыя ўкраінцы (сярод іх нават пісьменнікі) налічвалі не адзін дзясятак чалавек; да таго ж, украінцы на гэтых “тэрэнах” мелі свае палітычнае жыццё, свае школы, і нават сваю вайсковую арганізацыю.

Відавочна, што, так бы мовіць, “этнаграфічная стратэгія” беларускага аўтара выкарыстоўваецца з лёгкасцю і яго ўкраінскімі калегамі, толькі вось высновы датычна прыналежнасці гэтага краю робяцца адрозныя.

Якую выснову можна зрабіць з усяго вышэй сказанага? Праблема прыналежнасці згаданых ў кнізе пана Трусава зямель і дзяржаўных утварэнняў мусіць быць перанесена з гнасеалогіі ў сацыяльна-палітычны дыскурс. Адносіцца да цікавячых нас памежных земляў можна, на маю думку, выключна па-рэлятывісцку, бо кожная праўда, а, у нашым выпадку, нацыянальны праект, мае права на жыццё. І прафесар Кандрацюк, і Зігмас Зінкявічус, і Алег Трусаў - усе па-свойму правы, бо нашае спрэчнае памежжа з’яўляецца зонай змяшанага этнагенэзу. Доказам таму хай будзе “феномен Іваноўскага” і сотні падобных прыкладаў, калі ў адной сям’і мы знойдзем і паляка, і літоўца, і беларуса. З гэтых прычын я вітаю з’яўленне цудоўнай кнігі пана Алега, якая, нажаль, выйшла пазней за суседскія. Гэтую кнігу мы ўсе чакалі даўно, бо гэтыя землі, гэтыя старажытныя і славутыя княствы, гэтыя гарады – таксама нашыя!


Будучыня нашых крэсаў


Памежныя землі – гэта настолькі складаны этнакультурны рэгіён, што перацягнуць на сябе коўдру таму ці іншаму народу наўрад ці ўдасца без супрацьдзеяння суседзяў. Пакуль існуюць літоўская, беларуская, расейская і іншыя суседнія дзяржавы, а, значыцца, нацыянальныя праекты, дагэтуль будуць з’яўляцца падобныя працы, карты з “часова акупаванымі землямі” і тым падобныя нацыяналістычныя наборы.

Не ўсё яшчэ згублена – менавіта такая ідэя прасочваецца ў разглядаемай кнізе. “Зразумела, што сёння межы ў Еўропе недатыкальныя”, - падсумоўвае пан Трусаў. Але ўжо праз пару радкоў супакойвае нацыянал-радыкальную публіку, бо “… гісторыя сведчыць, што нічога нязменнага няма. У тым ліку і межаў” (с. 118).

Якім чынам старшыня ТБМ прапануе замацавацца на беларускіх крэсах? Натуральна, інтэлегентна і мірна або шляхам уваходжання ў Еўрапейскі Саюз. Папулярная, прынамсі, сярод беларускіх “адраджэнцаў” думка, якая мае на ўвазе і адпаведную нацыянальную праграму дзеянняў.

Ці абмяжуюцца беларусы толькі бязвізавым наведваннем сваіх святыняў, калі Беларусь увойдзе ў ЕС? Наўрад ці. Аўтар пра гэта не піша, але, думаецца, добра ўсведамляе. Як усе паважаючыя сябе нацыяналісты Цэнтральна-Усходняй Еўропы, беларускія “свядомыя” немінуча паспрабуюць скарыстацца адсутнасцю калючага дроту. Пытанне застаецца толькі ў тым ці па сілах будзе менчукам і гарадзенцам даць адпор расейскаму, латвійскаму, украінскаму, польскаму ці літоўскаму нацыянальным праектам, якія замацаваліся на крэсах раней за наш ці яшчэ збіраюцца замацавацца.

“Если бы в Беларуси произошел какой-то ренессанс, духовное возрождение, то и она стала бы привлекательной для этих людей (“тутэйшых” - Pchala), но на сегодня ассоциировать себя с Беларусью немодно”, - выказваецца наконт будучыні беларускамоўных тубыльцаў Віленшчыны Сяргей Харэўскі.

Вымушаны пагадзіцца з высновай культуролага, хоць якія-небудзь прагнозы рабіць не бяруся. Па-мойму, пакуль беларусы з мітраполіі добра не ўсвядомяць, што яны з’яўляюцца не расейцамі са знакам якасці, а самадастатковым народам, а ўсё беларускае можа быць такім жа прасунутым, як, напрыклад, польскае, дагэтуль пра беларусізацыю Смаленшчыны ці Віленшчыны можна забыць.

четверг, 1 октября 2009 г.

Канферэнцыя пра супольную спадчыну былой Рэчыпаспалітай

"Шматкультурная спадчына былой Рэчыпаспалітай – узровень даследванняў" – трохдзённая міжнародная канфэрэнцыя пад такой назвай пачалася сёння ў Беластоку.


Арганізатарам канферэнцыі з'яўляецца Інстытут Даследванняў еўрапэйскай спадчыны і кафэдра гісторыі Усходняй Еўропы унівэрсытэта ў Беластоку.


Кіраўнік кафедры прафесар Антон Мірановіч адзначае, што ў канферэнцыі прымуць ўдзел навукоўцы з Польшчы, Беларусі і Украіны.


- Удзельнікі канферэнцыі адказалі на пытанне, як можна не толькі пакарыстацца гэтым матэрыялам, але таксама, як на іх натрапілі і які маюць даробак у гістычных даследваннях, а таксама распавялі пра супольную спадчыны ўсіх усходнеславянскіх народаў Центральнай і Усходняй Еўропы.


Мэта канферэнцыі - наблізіць навукоўцаў да архіўных матэрыялаў і каштоўнасцяў з архіваў і бібліятэкаў, якія зараз знаходзяцца паз-а межамі Польшчы. Гэта перад усім тыя матэрыялы, якія датычаць гісторыі не толькі Польшчы, але таксама Беларусі і Украіны.


Валя Лаеўская, Радыё Рацыя.

среда, 23 сентября 2009 г.

Станаўленне нацыянальнай дзяржаўнасці Беларусі і Літвы: час трыўмфу і няздзейсненых мараў

У 1914 г., з пачаткам І Сусветнай вайны, пачалі закладвацца асновы будучай палітычнай карты Еўропы, якая ўжо выглядала не так аднаабразна, як на працягу сотняў гадоў да гэтага. Элітам з’явіўшыхся на арэне Старога Свету маладых дзяржаў, з большым ці меншым поспехам, атрымалася выкарыстаць узнікшы глабальны ўзброенны канфлікт.

Супастаўляючы беларускі і літоўскі варыянты станаўлення нацыянальнай дзяржаўнасці, адзначым, што асноўнымі параметрамі для простага параўнальнага аналізу могуць быць: узровень нацыянальнай кансалідацыі беларусаў і літоўцаў, які фактычна азначае інтэнсіўнасць нацыянальнага руху, а таксама знешнепалітычныя чыннікі: германскі, польскі, савецкі, а таксама ўплыў краін Антанты.

У першую чаргу адзначым, што, бадай, самым галоўным чыннікам у станаўленні дзяржаўнасці новых краін Еўропы быў узровень нацыянальнай кансалідацыі народаў, якія выйшлі на шлях свайго вызвалення ад імперскіх абдымкаў Расіі, Прусіі ды Аўстрыі.

Трэба адзначыць, што развіццё беларускага нацыянальнага руху адставала ад літоўскага, хаця апошні і знаходзіўся на латэнтнай стадыі свайго развіцця. Прычыны, якія абумовілі паскоранае развіццё літоўскага руху, мнагаабразныя. У гэтых адносінах слушнымі падаюцца высновы беларускага антраполага Паўла Церашковіча.

Згодна П.Церашковічу, хоць Літва і Беларусь датычыліся да ліку найбольш адсталых ў еўрапейскай частцы Расійскай імперыі рэгіёнаў, аднак наша прыбалтыйская суседка ўсё ж такі дасягнула мінімальна неабходнага ўзроўню рынкавай актыўнасці, чаго не назіралася на большай частцы тэрыторыі Беларусі.

Па-другое, зыгралі сваю ролю асаблівасці сацыяльнай гісторыі Беларусі і Літвы. Так, спецыфічнай асаблівасцю ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. была па колькасці група свабоднага насельніцтва. Калі па 5-й рэвізіі удзельная вага свабоднага насельніцтва ў Ковенскай і і часткова Віленскай губерні складала прыкладна 22% ад усяго насельніцтва, то на тэрыторыі “беларускіх” паветаў Гродзенскай і Віленскай губерні дадзеная катэгорыя насельніцва складала толькі каля 3% ад усяго насельніцтва. Не менш значным з’яўляецца той факт, што значная група літоўцаў пражывала ў Сувалькійскай губерні, якая ўваходзіла ў склад Царства Польскага. Асабістая залежнасць сялян там была ліквідавана яшчэ ў 1807 г.

У выніку, фарміраванне ў Літве даволі значнага слою свабодных сялян-сярэднякоў, якія складалі аснову масавага нацыянальнага руху і, адпаведна, паглыбленне класава-этнічнага антаганізму (“паляк-памешчык” – “літовец-селянін”) зыграла значную ролю ў развіцці літоўскага нацыяналізму.

Па-трэцяе, істотным адрозненнем Літвы ад Беларусі, якое забяспечвала шматлікую аўдыторыю літоўскаму нацыянальнаму руху, быў больш высокі сярэдні ўзровень пісьменнасці сярод вяскоўцаў. Ён, у сваю чаргу, быў вынікам уздзеяння цывілізацыйна-канфесійнага фактара, што было абумоўлена асаблівасцямі каталіцкіх адносінаў да жаночай адукацыі.

Па-чацвёртае, істотную ролю ў фармаванні літоўскага руху зыграла і ўсходняя Прусія, дзе існавалі больш свабодныя ўмовы для развіцця літоўскага кнігадрукавання і перыёдыкі, хоць і трэба мець на ўвазе, што літоўцы падпадалі там пад надзвычай моцную германізацыю.

Яшчэ адзін істотны факт, які абумоўліваў большую інтэнсіўнасць развіцця літоўскага нацыянальнага руху ў параўнанні з беларускім, – актыўнасць нешматлікай, але надзвычайна актыўнай інтылігенцыі. На думку Паўла Церашковіча, яе паводзіны вызначаліся наступнымі фактарамі. У першую чаргу, сваю ролю зыграла так званая гістарычная памяць. Літоўцы былі адным з нешматлікіх раёнаў Цэнтральна-Усходняй Еўропы, чыя “гістарычнасць” не падлягала ніякаму сумніву. Больш за тое, актывістам літоўскага руху не трэба было прыкладаць значных намаганняў для артыкуляцыі гістарычнага міфа, бо гэта амаль было зроблена да іх пакаленнямі польскамоўных рамантыкаў – “краёўцаў”.

Мы бачым, што беларуская нацыянальная кансалідацыя, якая павінна была стаць першапачатковай умовай дзяржаўніцкіх памкненняў значна адставала ад літоўскай, бо практычна ўсе важныя для паспяховага развіцця нацыянальнага руху фактары або былі слаба выражаны (рынкавая актыўнасць, урбанізацыя, сацыяльная мабільнасць, пісьменнасць, этналінгвістычная і канфесійная адметнасць), ці ўвогуле адсутнічалі (універсітэцкія цэнтры, “гістарычнасць”, “Пьемонт”). Таму відавочнае спазненне нацыянальнай кансалідацыі беларусаў у параўнанні з літоўцамі XIX — пачатку XX в. насіла аб’ектыўна абумоўлены характар. Відавочна, што ўплыў нацыянальнай кансалідацыі на дзяржаватворчыя працэсы адлюстроўваўся на падтрымцы мясцовага насельніцтва ідэй нацыянальнай дзяржаўнасці.

“Германскі чыннік” ў дзяржавабудаўнічых працэсах Беларусі і Літвы – яшчэ адзін чыннік, які ўдала скарысталі літоўскія нацыянальныя дзеячы, чаго нельга сказаць пра іх беларускіх сучаснікаў.

Немецкае камандаванне, якое кантралявала усю тэрыторыю этнічнай Літвы і толькі заходнюю частку Беларусі, меркавала, што ні Літва, ні Беларусь не сазрэлі для незалежнасці. Тым не менш, калі пасля Лютаўскай рэвалюцыі ў Расіі сталі папулярнымі лозунгі самавызначэння народаў, германскі ўрад таксама вымушаны быў лавіраваць, маючы перад сабой старую мэту – прыяднаць да сваёй тэрыторыі захопленыя землі.

Адпаведныя ўмовы для рэалізацыі плана склаліся для Германіі ў лістападзе 1917 г., калі прыйшоўшыя да ўлады ў Расіі бальшавікі, інспіравалі працэс выхаду краіны з вайны. 2 снежня 1917 г. ў Брэсце была заключана дамова аб перамір’і на ўсім расійска-германскім фронце, а 9 снежня там пачаліся перагаворы аб міры.

Нямецкае кіраўніцтва разумела, што у час перагавораў самым дальнабачным крокам будзе той, які дазволіць Германіі адарваць ад Расіі былыя нацыянальныя ўскраіны, захоўваючы пры гэтым бачнасць прынцыпу нацыянальнага вызначэння. Наконт Літвы, у адрозненні ад Беларусі, у Германіі былі свае разлікі. Пры падтрымцы кайзераўскіх акупацыйных уладаў, літоўскія нацыянальныя дзеячы, якія імкнуліся выкарыстаць любой выпадак для здабыцця самастойнасці краіны, склікалі ў Вільні 18 верасня 1917 г. так званую Літоўскую канфедэрацыю, на якой рэзалюцыя аб незалежнасці Літвы была прынята аднагалосна. У час канферэнцыі была створана Літоўская Тарыба з 20 чалавек. Праз два дні пасля пачатку перамоў ў Брэст-Літоўску, 11 снежня 1917 г. Літоўская Тарыба абвясціла аб “аднаўленні незалежнай Літоўскай дзяржавы з сталіцаю ў Вільні і скасаванні ўсіх дзяржаўных сувязяў ”. Характэрна, што Літоўская Тарыба выказалася “за вечны моцны саюз Літоўскай дзяржавы з Германскай імперыяй” на падставе вайсковай, чыгуначнай, мытнай і фінансавай канвенцый.

Размоў аб сапраўднай незалежнасці Літвы германскае кіраўніцтва, канешне, спачатку не вяло, а акт аб незалежнасці Літвы ад 16 лютага 1918 г. быў зацверджаны толькі 23 сакавіка 1918 г. Урад Літоўскай Рэспублікі на чале з Вальдэмарасам пачаў фарміравацца яшчэ пазней, 20 кастрычніка, калі капітуляцыя Германіі стала ўжо непазбежнай.

Беларуская тэрыторыя на час бальшавіцка-нямецкай перагавораў была акупавана немцамі толькі на захадзе, што не давала немцам ніякіх магчымасцяў спрыяць выгоднаму для іх “абвяшчэнню” Беларускай рэспублікі, што было зроблена ў Літве.

Акрамя таго, не спрацаваў на беларусаў і час, бо ў суворыя ваенныя дні палітычная сітуацыя мянялася ў залежнасці ад падзей на фронце. Да пачатку сакавіка 1918 г. большая частка Беларусі была занята злучэннямі 10 арміі. Калі раней нямецкае кіраўніцтва не магло ў сваіх мэтах падтрымаць беларускі нацыянальны рух, то зараз ім гэта не было патрэбна. Стварыўшы пад сваім пратэктаратам Украінскую і Літоўскую рэспубліку, немцы спыніліся з “раздачай незалежнасцяў”, хоць і вагаліся наконт існаваўшага на беларускай тэрыторыі “савецкага кліна”. Нам не вядома, як бы ўсё склалася далей, але немцы, затуманіўшы розум беларускім патрыятычным колам, банальна не паспелі зрабіць якіх-небудзь сур’ёзных захадаў у гэтым накірунку.

Абвешчаная Літоўская Рэспубліка ў першапачатковых планах немцаў павінна была неўзабаве стаць часткай Імперыі. Калі параза Траістага саюзу стала рэальнасцю, Літве немцы сталі адводзіць ролю будучай дзяржавы-сатэліта ці па меншай меры саюзніка, не маючы ўжо рэсурсаў на яе інкарпарацыю.

Антанта, якая замяніла Германію ў якасці гаранта існавання Літоўскай рэспублікі, а таксама бальшавікі, таксама, кожны з свайго боку, паўплывалі на “беларускае” і “літоўскае” пытанні. У мэтах недапушчэння прасоўвання пралетарскай рэвалюцыі на Захад, Антанта падтрымала першы ўрад Літвы, пакінуўшы ёй нямецкія войскі для абароны, а таксама стварыўшы ўласна літоўскае войска.

Гуляючы ў знешнепалітычныя гульні, Захад яшчэ спадзяваўся на перамогу белага руху ў Расіі і аднаўленне «единой и неделимой» імперыі, хоць, можа, і трохі абрэзанай на ўскраінах. Таму дапамога захопленай бальшавікамі Беларусі не ўспрымалася усур’ёз, а дапамагога яшчэ поўнасцю не акупаванай чырвонымі Літве насіла часовы стратэгічна-вайсковы характар.

Вельмі хутка Антанта зрабіла стаўку на самую сур’ёзную сілу ў рэгіёне – Польшчу. Захад вырашыў рукамі польскіх легіянераў перамагчы бальшавісцкую рэвалюцыю, за гэта расплаціўшыся з палякамі беларускай і літоўскай тэрыторыямі. Па іроніі лёсу, ваюючы з палякамі, рускія бальшавікі вымушаны былі падтрымаць “сваю” былую правінцыю – сепаратысцкую Літву, якая, натуральна, пачала канфліктаваць з палякамі за Віленскі край. Ужо 12 ліпеня 1920 г. Савецкае Расія прызнае незалежнасць свайго саюзніка – Літвы.

Беларусь у гэтых умовах заставалася непрызнанай краінай.

четверг, 17 сентября 2009 г.

Інтэрнэт-ініцыятыва “Доказы для Анатоля Васэрмана”

Паважанае спадарства! Запрашаю вас прыняць удзел у адмысловай інтэрнэт-ініцыятыве “Доказы для Анатоля Васэрмана”, якую праводзіць аўтар інтэрнэт-блогу www.pchala.blogspot.com. Прашу праінфармаваць наведвальнікаў вашага парталу (ЖЧ, Vkontakte, Twitter etc.) аб асноўных умовах ініцыятывы, а таксама высунуць арганізатару свае прапановы наконт правядзення акцыі: яе асвятлення ў СМІ, магчымых падарунках лепшым удзельнікам, тэхнічных момантах мерапрыемства і інш. Прапаную аб’яднаць агульныя высілкі для належнага рэзанансу і якаснага правядзення ініцыятывы.

Вядомы расейскі інтэлектуал Анатоль Васэрман у чарговы раз запрапанаваў грамадскасьці падыскутаваць наконт цяжкатраўнай тэмы, якая непасрэдна тычыцца Беларусі. У сваім блогу «Компьютерра» Васэрман змесцаваў відэа, у якім даводзіць да шырокай публікі, што беларуская мова, а разам з ёй і украінская, не з'яўляюцца самастойнымі мовамі, а толькі дыялектамі рускай мовы. "Я гэты пункт гледжання адстойваю даволі даўно і паслядоўна, - кажа Васэрман. – Я прывёў ужо нямала довадаў, але прывяду яшчэ ".


Галоўная тэза расейскага знаўцы палягае ў тым, што кожнай сінтаксічнай з’яве, якая існуе ў беларускай мове, ёсць адпаведнік у мове рускай. “Менавіта гэта сінтаксічнае адзінства даказвае, што мовы беларуская і украінская з’яўляюцца вытворнымі ад уласна рускай мовы”, - падкрэслівае Васэрман.

Трэба адзначыць, што за тэзамі Анатоля Васэрмана аб неіснаванні беларускай мовы палягаюць куды шырэйшыя высновы аб неіснаванні асобнай беларускай нацыі.

З гэтых прычынаў, у беларускім сеціве існуе неабходнасць шырэй абмеркаваць пытанне, узнятае расейцам. Прашу пакідаць свае тэзы аб САМАСТОЙНЫМ ІСНАВАННІ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ ў каментарах да гэтага посту або адсылаць іх на электронную скрыню pchala2009@hotmail.com. Асноўныя патрабаванні да тэзаў: лагічнасць, доказнасць, карэктнасць у дачыненні да апанента. Пажадана, каб тэзы былі напісаныя на расейскай мове.

Усе дасланыя тэзы будуць накіраваны да Анатоля Васэрмана для разгляду.

Кантактныя рэквізіты: e-mail: pchala2009@hotmail.com; blog: www.pchala.blogspot.com.

вторник, 15 сентября 2009 г.

26 – 27 верасьня ў сталіцы Галіччыны адбудзецца сьвята “На каву да Львова”

26-27 верасьня ў Львове ўжо ў трэці раз пройдзе мескае сьвята “На каву да Львова”. Сьвята арыентавана на турыстаў і мясцовых жыхароў, паведамляе інфармацыйны партал Zaxid.net. Галоўная мэта сьвята – падтрымка іміджу Львова як усходнеэўрапэйскай сталіцы кавы, якая мае даўнія традыцыі ўжываньня гэтага напою.


Традыцыйная забаўка для лявавян і гасьцей места – фэст кавы, пад час якога каваманам запрапануюць пакаштаваць “фэставы” напой. У сваю чаргу, для сапраўдных гурманаў адмыслова згатуюць каву эксклюзыўных гатункаў і рэцэптаў.


Вядома ж, сьвята не абыйдзецца без кірмашу, дзе можна будзе прыдбаць розныя гатункі кавы, таксама адбудзецца фэст рамёстваў, пройдуць вулічныя выставы львоўскіх тэатраў. Разбаўляць усе “кававыя” дзейства будуць музычныя выканаўцы.


Сымбалем фэсту мае стаць гістарычная постаць Юрыя Кульчыцкага – украінца, які браў удзел у вызваленьні Вены ад туркаў 1683 г. ды адкрыў першую ў Вене (і ў Эўропе) кавярню “Пад сіняй пляшкай”.


Сярод мерапрыемстваў плянуецца: конкурс сярод кавярняў на найлепшы рэцэпт львоўскай кавы, дзіцячая пляцоўка, продаж кававага посуду, змаганьне афіцыянтаў, джазавы канцэрт, а таксама канцэрт у стыле рэтра. Удзельнікі фэсту змогуць пачытаць чарговы выпуск газэты фэсту.


Паводле www.zaxid.net