У наступным навучальным годзе клясаў зь беларускай мовай навучаньня ў агульнаадукацыйных установах г. Магілёва арганізавана не будзе.
Па словах супрацоўніцы адміністрацыі Ленінскага раёна г. Магілёва, якая не пажадала назваць свае імя, жадаючых навучаць дзяцей зь першай клясы па беларускамоўных праграмах практычна не было. “Мы плянавалі адкрыць беларускія клясы ў СШ № 8, для чаго непасрэдна працавалі з выкладчыцкімі калектывамі, а таксама бацькамі будучых вучняў. Інфармацыя пра дзейнасьць аддзела адукацыі па камплектаваньні беларускамоўных клясаў была даведзена да грамадзянаў, у тым ліку праз СМІ і сетку Інтэрнэт, але, на вялікі жаль, сустрэчнай рэакцыі не было».
Як падкрэсьлівае службоўца, сярэдняя школа № 8 была выбрана невыпадкова. “Справа ў тым, - падкрэсьлівае супрацоўніца адміністрацыі, - што ў гэтай навучальнай установе працуе выдатная настаўніца пачатковых клясаў, Граблеўская Валянціна Альгердаўна, якая была гатова пачаць працу зь першаклясьнікамі”. Усе неабходныя фінансавыя сродкі, вучэбныя матэрыялы настаўнікі адшукалі, але на іх прапанову адгукнулася толькі адна сям'я. Два тыдні таму назад і гэтыя людзі адмовіліся ад сваёй задумы.
Напомнім, што ў 2008/2009 навучальным годзе з 455 агульнаадукацыйных школаў Магілёўскай вобласьці 242 навучальныя ўстановы працавалі на беларускай мове. Лічбы нібы і дастаткова прыстойныя, але ж статыстыка можа завесьці і ў балота. На самой справе 82% шкаляроў наведвалі расейскамоўныя школы, бо ў найбуйнейшых населеных пунктах Прыдняпроўшчыны, Бабруйску і Магілёве, беларускіх школаў, як і клясаў, было роўна нуль.
Чыньнікі такой прыкрай сытуацыі даўно вядомыя. Беларуская мова практычна поўнасьцю выціснута з грамадскага ўжытку за выняткам паасобных радыёперадачаў, газэтаў і тэлебачаньня. У адміністрацыях роднай мовы, акрамя трасянкі, пачуць немагчыма, не кажучы ўжо пра праваахоўныя ворганы і войска.
Адзіным выхадам з такога становішча магла б стаць беларускамоўная адукацыя, прычым, абавязкова на ўсіх ступенях. Але ж якая карысьць бацькам аддаваць дзяцей ў нацыянальныя клясы, калі ў ВНУ вучаць спрэс па расейскамоўных праграмах расейскамоўныя выкладчыкі? Для шэраговага беларуса, незаангажаванага ў нацыянальны рух, пытаньне мовы – пытаньне нават не другаснае, а проста не існуючае. Усе неабходныя сацыяльныя функцыі расейкая мова, калі паглядзець, выконвае. “Галоўнае, каб сын (дачка) атрымалі добрую адукацыю і высокааплатную працу, добра ажаніліся (выйшлі замуж)”, - так думае і сьлесар 5 разраду, і намесьнік старшыні аблвыканкаму – ўсе звычайныя людзі.
Трагедыя нашае мовы палягае ў яе сацыяльнай непатрэбнасьці. Пакуль беларуская мова, як адзіная дзяржаўная, не стане утылітарнай неабходнасьцю для асабістага разьвіцця і кар’ернага росту, дагэтуль яна будзе патрэбна толькі 1-3 нацыянальна заклапочаным сем’ям.
Відавочна, што беларускія клясы ў Магілёве будуць незапатрабаванымі і ў наступны навучальны год.
Па пытаньнях навучаньня дзяцей ў г. Магілёве ў першай клясе зь беларускай мовай навучаньня можна зьвяртацца па наступных тэлефонах: 26-31-79 або 32-70-81.
Комментариев нет:
Отправить комментарий