воскресенье, 30 августа 2009 г.

Напад на магілёўскага епіскапа Сафронія: абвастрэньне хваробы ці самасуд?

Гэты допіс будзе ўжо трохі састарэлым, бо злачынства ў магілёўскім храме здарылася больш за тыдзень таму, 23 жніўня, але, акцэнтуючы ўвагу на даволі рэдкім для Беларусі выпадаку, хацелася б трохі над ім паразважаць. Тое мой суб’ектыўны погляд.

У нашых суседзяў па СНД злачынствы, якія ўчыняюцца супраць сьвятароў, не такія ўжо і ўнікальныя. Калі ў Расеі сьвятароў звычайна забіваюць з-за матэрыяльных каштоўнасьцяў, то ва Ўкраіне сытуацыя інакшая. У паўднёвай суседкі, акрамя банальнай злачыннасьці, багата праблемаў нацыянальна-рэлігійнага кшталту. Да прыкладу, у Львове вернікі наведваюць грэка-каталіцкія, праваслаўныя аўтакефальныя, праваслаўныя Кіеўскага патрыярхату, праваслаўныя Маскоўскага патрыярхату цэрквы, а адтуль і канфлікты, якія часта ўвасабляюцца ў выдраных бародах, паламаных рэбрах і нажавых раненьнях бацюшкаў рознага рангу.

У Магілёве такой карціны мы ў бліжэйшы час ня ўбачым, бо насельніцтву глыбока напляваць на ісіхазмы, катэхезы і іншую аўраамічную схаластыку. Мінуў той час, калі магілёўцы абстрэльвалі “Іуду” і “душагуба” Кунцэвіча з мескай брамы, і ашчаджалі апошняе на будаўніцтва Мікалаеўскага манастыра, уфундаванага ў галодны пасьляваенны час.

Такім чынам, набліжаючыся да тэмы гэтага посту, адзначым, што замах на епіскапа Сафронія хоць і меў рэлігійны падмурак, але, думаецца, мог мець і прыватны чыньнік. Які бес паплутаў 36-гадовага нідзе не працуючага і раней асуджанага чалавека накінуцца з нажом на духоўнага пастыра? У народзе кажуць, што епіскап Сафроні быў злачынцу добрай апорай, бо падтрымліваў яго матэрыяльна і калісьці даваў яму прытулак. Што за чорная няўдзячнасьць? Паразважаем гіпатэтычна.

Вэрсыя 1. Злачынца зьяўляецца дэклясаваным элементам з шэрагам мэнтальных праблемаў. Калі Сафроні сапраўды рэгулярна даваў яму грошы, то любая адмова магла справакаваць наркамана на напад. Тады ўсё проста і роўна тлумачыцца.

Вэрсыя 2. Абвастрэньне псыхічнай хваробы. Д’ябал ня сьпіць, таму, завербаваўшы новага байца ў стройныя шыхты дзяцей Цемры, Сатана загадаў чалавеку нанесьці адчувальны ўдар па хрысьціянах.

Вэрсыя 3. Асабістая непрыязнасьць. Нешта я больш схіляюся менавіта да гэткай прычыны нападу на Сафронія. Напомню, што падчас ператрусу ў кватэры злачынцы, міліцыянты знайшлі толькі купу рэлігійнай літаратуры, табурэт і стол. Больш нічога. Мы бачым, што чалавек апынуўся на самым дне, у яго нічога няма за плячыма – толькі бруд і цяжкая маладосьць. Ён, са зьнявечанай душой, сапраўды веруе ў Месію і Царства Божае на зямлі. Але ж ён і добра ведае прадстаўнікоў мясцовага кліру.

Што ж уяўляюць сабой некаторыя праваслаўныя функцыянэры мы ўсе добра ведаем не па чутках. Вялікая частка манахаў і белага духавенства, канешне, людзі глыбокай веры, якія, як той Ян Боска, жывуць падзьвіжніцкім жыцьцём першых катакомбных хрысьціянаў. Аднак жа ў Царкве, як і ў любой гіерархічнай сыстэмы, ёсьць і свае босы. Цікава, што сярод праваслаўных кіраўнікоў багата тых, хто пры Саўдэпе займаў інструктарскія пасады ў Камсамоле і Партыі. Былыя выкладчыкі атэізму й “шэдэўраў” Емяльяна Яраслаўскага хутка апранулі расы, адпусьцілі абільную расьліннасьць пад носам і “ачысьціліся духоўна”. Эмпірычныя доказы неіснаваньня Бога хутка сталі эмпірычнымі доказамі адваротнага. Як нэафіты з ВЛКСМ і КПСС, так і штатныя супрацоўнікі КДБ з духоўных семінарый, маючы выдатныя кіраўнічыя здольнасьці, хуценька абселі “цёпленькія” мейсцы ў Патрыярхіі і епіскапствах. Дагэтуль і сядзяць, прыгандлёўваючы сьпіртусам і цыгарэтамі.
Што ж рабіць было ў дзікія 1990-я “сірым і ўбогім” кіраўнікам правінцыйных прыходаў? Не паміраць жа з галадухі! Паглядзеўшы на сваіх царкоўных куркулёў, бацюшкі сталі заліхвацка друкаваць прэйскуранты на духоўныя паслугі: прычашчэньне - …000 руб., адпяваньне - …000 руб., вянчаньне - …000 руб. На тым справа ня скончылася. Платныя паслугі насельніцтву пацягнулі за сабой іншае. Людзі – яны і ў расе людзі. Таму ў баранкаў Божых пачалі, як грыбы, расьці катэджы (дзяцей багата, таму трэба жыльлёвая плошча), купляцца “неправаслаўныя” інамаркі (трэба паўсюль пасьпець па справах душпастарскіх), апранацца ў заморскае футра матушкі (Божае стварэньне мусіць клапаціцца аб другой палове).
Магілёўска-мсціслаўскае епіскапства не стала выключэньнем. І ў нас асобныя “свяшеннослужітелі” катаюцца на навюткіх Renault, ладзяць зь некторымі высокапастаўленымі “міранамі” (няйнакш як у гонар Прысьвятой Троіцы) папойкі і робяць з падлеткаў патэнцыйных баевікоў РНЕ.
Мы памятаем, што наш галоўны герой жыў, як тыя 12 апосталаў, не хлебам адзіным, а фактычна бяз хлеба з адной толькі верай. Распусту пэўных сьвятарскіх колаў мужчына мог назіраць увачавідкі. Абвінавачваць Сафронія ў распусьце не выпадае, бо такіх фактаў мы не ведаем. Самасуд над “адступіўшым ад веры Хрыстовай срэбралюба” мог быць індывідуальным бунтам супраць усёй сучаснай царкоўнай сыстэмы, якая больш напамінае шэраговы ідэалагічны аддзел выканкаму. Тады матывацыя былога наркамана і грэшніка цалкам зразумелая, улічваючы яго душэўны стан і мінулае. Шкада, што ён забыўся на галоўную запаведзь.

Комментариев нет:

Отправить комментарий